2 траўня 2024, Чацвер, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі пройдзе пад нацыянальнымі сцягамі

38
Дзень Волі пройдзе пад нацыянальнымі сцягамі

У Менску прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная святкаванню 95-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

У прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Віктар Івашкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч.

Арганізатары акцыі нагадалі, што мітынг і шэсце з нагоды Дня волі дазволеныя Менгарвыканкамам. Збор удзельнікаў абвешчаны на 24 сакавіка ў 12.00 каля кінатэатра «Кастрычнік». Плануецца, што шэсце пройдзе па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе з 14 да 15 гадзін адбудзецца мітынг.

Падчас прэс-канферэнцыі арганізатары акцыі заклікалі беларусаў «перамагчы свой страх і ляноту».

«Калі браць аўдыторыю незалежных СМІ і інтэрнэт-сайтаў, то пра правядзенне мітынгу і шэсця ведаюць не менш за 100 тысяч менчукоў. Людзі павінны самі прыняць рашэнне: сядзець на канапе або, перамагчы свае страхі і ляноту і прыняць удзел у вулічных акцыях. Гэтае рашэнне залежыць ад сумлення і пазіцыі чалавека», - заявіў Віктар Івашкевіч.

Палітык таксама адзначыў, што забароны на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі няма і людзі могуць не баяцца прыходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі. Менгарвыканкам забараніў прыносіць плакаты і расцяжкі, падкрэсліў Віктар Івашкевіч.

Забарону на выкарыстанне транспарантаў арганізатары Дня Волі расцэньваюць як слабасць уладаў.

«З аднаго боку, улады далі дазвол на шэсце для гандлю з Еўропай, але, з іншага боку, яны зрабілі ўсё, каб шэсце стала падобным на марш палонных немцаў ў 1945 годзе ў Менску, забараніўшы выкарыстоўваць транспаранты. Я расцэньваю гэта як слабасць уладаў», - заявіў на прэс-канферэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што бяспецы ўдзельнікаў акцыі нічога не пагражае.

«Шэсце і мітынг пройдуць мірна. Правакацыяў з боку ўладаў быць не павінна. Бяспецы ўдзельнікаў акцыі нічога пагражаць не павінна», - падсумаваў палітык.

Арганізатары акцыі таксама адзначылі, што акрамя шэсця пройдзе шэраг іншых мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод іх - ўскладанне кветак да значных месцаў у Менску, канцэрты і выставы.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках