2 траўня 2024, Чацвер, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяртаць пазыкі Мінфін хоча за кошт новых пазык

10
Вяртаць пазыкі Мінфін хоча за кошт новых пазык

Мінфін пазычыць 300 млн даляраў у беларусаў і хоча зноў размясціць еўрабонды на міжнародных фінансавых рынках.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын, перадае БелТА.

«Мы ацэньваем магчымасці запазычанняў на ўнутраным рынку ў юрыдычных асоб з дапамогай валютных аблігацый да канца года прыкладна ў $300 млн. Што тычыцца выхаду на міжнародны фінансавы рынак, то мы гэтыя планы не адмяняем, усё будзе залежаць ад знешніх фактараў, у першую чаргу, і ад унутраных, - адзначыў Уладзімір Амарын. - Сёння мы можам пазычаць унутры краіны, але калі будуць умовы камфортныя і калі будзе магчымасць, то мы не выключаем магчымасці выйсці і на знешні рынак у бягучым годзе».

Раней беларускі бок заяўляў пра планы размясціць еўрабонды мінімум на $500 млн. у Еўропе або Азіяцкім рэгіёне ў 2013 годзе. Арганізатарамі роўд-шоў і выпуску еўрааблігацый Беларусі з'яўляюцца брытанскі VTB Capital і расейскае Sberbank CIB. Прэзентацыя беларускіх еўрабондаў прайшла ў Еўропе з 4 па 7 лютага. 27-30 лістапада 2012 года беларуская дэлегацыя на чале з міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом правяла роўд-шоу еўрабондаў у Ганконгу і Сінгапуры.

З дапамогай размяшчэння еўрааблігацый на знешніх рынках Беларусь можа рэфінансаваць частку плацяжоў па знешняй дзяржпазыке, якія павінны быць у 2013 годзе. Расходы па пагашэнні і абслугоўванні знешніх пазык Беларусі ў 2013 годзе складуць больш як $3 млрд., што амаль удвая перавышае вынік 2012 года. Беларускі ўрад заяўляў пра планы амаль напалову рэфінансаваць гэтую суму з дапамогай еўрабондаў, траншаў крэдыту АКФ ЕўрАзЭС і іншых крыніц.

Дэбютны выпуск 5-гадовых еўрабондаў на $600 млн. са стаўкай купона 8,75% гадавых Беларусь размясціла на еўрапейскім рынку ў ліпені 2010 года. У жніўні рэспубліка даразмясціла каштоўныя паперы яшчэ на $400 млн. з даходнасцю 8,25% гадавых. У студзені 2011 года Беларусь размясціла 7-гадовыя еўрабонды на $800 млн. пад 8,95% гадавых. Арганізатарамі здзелкі выступілі Ашчадны банк Расеі, BNP Paribas (Францыя), RBS (Велікабрытанія) і Deutsche Bank (Германія).

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках