2 траўня 2024, Чацвер, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія «Зялёныя» пікетавалі ў Маскве «Росатам»

12
Беларускія «Зялёныя» пікетавалі ў Маскве «Росатам»

25 красавіка, напярэдадні 27-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы, актывісты Беларускай партыі «Зялёныя» правялі пікет каля галоўнага офіса дзяржкарпарацыі «Росатам» у Маскве.

ЗАТ «Атомстройэкспорт», што ўваходзіць у гэтую карпарацыю, з'яўляецца генвыканаўцам будаўніцтва беларускай АЭС.

Як паведамляе прэс-служба партыі, пікет праводзіўся з мэтай нагадаць «Росатаму» аб небяспецы, якую нясе атамная энэргетыка, і выказаць пратэст супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласць). Удзельнікі акцыі з павязкамі, на якіх намаляваны знак радыяцыйнай небяспекі, трымалі плакаты і расцяжкі з лозунгамі «БелАЭС - Чарнобыль» і «Не Астравецкай АЭС у Беларусі!».

«Асаблівую ўвагу мы хацелі звярнуць на тое, што будаўніцтва новай станцыі ўскладняе наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзяржкарпарацыя «Росатам» разам з беларускім урадам нясе адказнасць за разгорнутую ў Беларусі інфармацыйную кампанію барацьбы з радыёфобіяй, якая можа каштаваць жыцця шмат каму з беларусаў», - заявіў лідар моладзевага крыла партыі Артур Бондараў.

У сваю чаргу прадстаўнік гомельскіх «зялёных» Пётр Філон заявіў, што сёння людзей спрабуюць прымусіць забыць пра небяспеку, якую нясе Чарнобыль. «Каб жыхары Беларусі не баяліся будаўніцтва новай АЭС, іх пераконваюць у тым, што ўсе наступствы аварыі праз чвэрць стагоддзя засталіся ззаду, а атамная энэргетыка цалкам бяспечная», - сказаў ён.

«Напярэдадні чарговай гадавіны трагедыі мы хочам нагадаць атамнікам аб іхнай віне і патрабуем спыніць злачынства супраць беларускага народа», - заяўляюць «зялёныя».

Яны таксама нагадваюць, што блізка што паўтары мільёнаў беларусаў жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Усе гэтыя людзі падпадаюць пад небяспеку. Асноўнай крыніцай ведаў аб уздзеянні радыяцыі на здароўе чалавека сёння з'яўляюцца даследаванні японскіх навукоўцаў, якія на працягу паловы стагоддзя сачылі за станам здароўя ахвяр бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі. Іхнія даследаванні паказалі, што праз 25 гадоў пасля аварыі пачынае строма расці ўзровень анкалагічных захворванняў. Беларусь ужо ўступіла ў гэты небяспечны перыяд.

Паводле інфармацыі партыі «Зялёныя», апрамененыя беларусы ды іхныя нашчадкі ў некалькіх пакаленнях падпадаюць пад рызыкі, звязаныя з генетычнымі зменамі. Калі японцы падпалі пад аднаразовае апрамяненне, то беларусы далей жывуць на забруджаных тэрыторыях цягам гадоў, падпадаючы пад уздзеянне радыяцыі не толькі звонку, але і атрымліваючы нутраное апраменьванне з прадуктамі харчавання і вадой.

Навукоўцы, значыцца ў заяве, ужо давялі, што малыя дозы радыяцыі, якія стала атрымліваюць жыхары забруджаных тэрыторый, выклікаюць пашкоджанні генаў, што перадаюцца праз пакаленні. На думку прадстаўнікоў партыі, у Беларусі трэба праводзіць даследаванні, звязаныя з гэтым рызыкамі, трэба рыхтаваць сістэму аховы здароўя да працы з такімі пацыентамі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках