28 красавiка 2024, Нядзеля, 5:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі аб'ядноўваюцца супраць «ушчыльнення»

12
Менчукі аб'ядноўваюцца супраць «ушчыльнення»

Для эфектыўнай барацьбы з ушчыльненнем жылой забудовы, абароны зялёных насаджэнняў і экалагічнай абстаноўкі Менска групы сталічных жыхароў вырашылі аб'яднацца.

Пра гэта абвясцілі на прэс-канферэнцыі 4 красавіка лідэры мясцовых ініцыятыў Менска з мікрараёнаў Уручча-2, Усход-2, з вуліц Цнянскай і Якуба Коласа, Гая і Веры Харужай, Пуліхава і Першамайскай, піша БелаПАН.

У падпісаным мемарандуме аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе гаворыцца:

«Мы прадстаўляем мясцовыя ініцыятывы горада Менска, якія займаюцца рашэннем сацыяльных праблем шырокага спектру, а менавіта барацьбой з незаконным ушчыльненнем жылой забудовы, абаронай зялёных насаджэнняў і экалогіі горада, захаваннем і развіццём зон рэкрэацыі, стварэннем сучаснай зручнай для жыхароў горада інфраструктуры, садзейнiчаннем стварэнню камфортнага бяспечнага асяроддзя пражывання і працы людзей і іншымі пытаннямі, якія маюць сацыяльнае значэнне».

Як адзначыў грамадскі актывіст Дзяніс Кобрусеў, мемарандум не абвяшчае стварэнне якой-небудзь арганізацыі, якая патрабуе дзяржаўнай рэгістрацыі, паколькі зносіны грамадскіх ініцыятыў з органамі мясцовай улады «замацаваныя канстытуцыйна».

«Задача гэтага мемарандума ў аб'яднанні людзей для ўзаемадапамогі, абмену вопытам у зносінах з чыноўнікамі і павелічэнні ўплыву мясцовых жыхароў», - растлумачыў ён.

Пры неабходнасці, дадаў Кобрусеў, кааперацыя мясцовых ініцыятыў гатовая пачаць працэдуру юрыдычнай рэгістрацыі грамадскай арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

«Але сёння такое пытанне не стаіць», - сказаў ён.

Леанід Мажальскі, прадстаўнік групы менчукоў, якія пражываюць у мікрараёне Уручча-2, паведаміў пра першыя крокі, якія рыхтуюцца распачаць жыхары.

Паводле яго слоў, актывісты прапануюць гарадскім уладам стварыць грамадска-кансультацыйны савет пры камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама з уключэннем у склад прадстаўнікоў мясцовых ініцыятыў.

Групы менчукоў таксама маюць намер звярнуцца да Беларускага саюза архітэктараў з мэтай даведацца пра склад і прынцыпы працы так званых «трацейскіх суддзяў» - членаў саюза, чыя экспертная адзнака ўплывае на рашэнне аб будаўніцтве тых ці іншых, часта спрэчных, аб'ектаў у сталіцы. Такі экспертны орган, на думку аб'яднання гарадскіх жыхароў, не павінен быць не толькі ананімным, але і адобраным як самімі ўладамі, так і менчукамі.

Актывісты маюць намер звярнуцца ў адміністрацыю Лукашэнкі, паколькі, як заявіў Мажальскі, палітыка гарадскіх уладаў на «татальнае ўшчыльненне» супярэчыць заявам кіраўніка аб тым, што ўшчыльненне Менска павінна быць выключна кропкавым.

Пра ўсе свае крокі аб'яднанне мясцовых ініцыятыў Менска будзе інфармаваць грамадскасць праз СМІ.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках