19 траўня 2024, Нядзеля, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі алігарх рыхтуецца судзіцца з уладамі Менска

70
Літоўскі алігарх рыхтуецца судзіцца з уладамі Менска

Кампанія Уладзіміра Раманава рыхтуе пазоў да Беларусі ў Стакгольмскі арбітраж.

Пра гэта заявіў Антанас Шуша - дырэктар інвестыцыйнай кампаніі «Стадыюм», створанай для рэалізацыі супольнага праекта літоўскага алігарха і беларускіх уладаў. Паводле ягоных слоў, Менгарвыканкам не даў магчымасці пачаць запланаваную рэканструкцыю стадыёна «Трактар» у беларускай сталіцы. Шуша заявіў, што інвестыцыйнае пагадненне прадугледжвала выгаду для абодвух бакоў, але толькі літоўскі бок выканаў свае абавязанні, паведамляе «Радыё Свабода».

«Усе гэтыя гады «Стадыюм» кіравала зямлёй, якая належала ім паводле інвестыцыйнай дамовы, а таксама будынкамі на ёй. «Гэта сацыяльны будынак. Ён ня можа быць рэнтабельным. Але сэнс дамовы быў у тым, што інвестар падтрымлівае сацыяльны праект рэканструкцыю стадыёна, утрымлівае футбольны клуб і замест гэтага атрымлівае жытло. Інвестар утрымліваў будынак і футбольны клюб, а жытла не атрымаў. І панёс страты, бо ўсё гэта фінансавалася літоўскім бокам», - кажа Антанас Шуша.

Літоўцы абяцалі ўкласці ў праект 250 мільёнаў еўра і рэканструяваць футбольны стадыён паводле стандартаў УЕФА, гандлёвы і культурны комплекс, два гатэлі і офісныя будынкі. Прычым адкрыццё стадыёну планавалася яшчэ на 2010 год.

Але інвестыцыйная дамова прадугледжвала не толькі рэканструкцыю стадыёну. Планавалася збудаваць два вялізныя жыллёвыя комплексы ў мікрараёнах «Каменная горка» і «Лошыца». Літоўцы планавалі пабудаваць там 400 тысяч квадратных мэтраў жытла, але будоўля так і не пачалася. У кожны з гэтых праектаў літоўцы меркавалі інвеставаць яшчэ па 50 мільёнаў эўра.

Для рэалізацыі амбітнага інвестыцыйнага праекту была ўтвораная кампанія «Стадыюм». 75% акцый у ёй мелі літоўцы — а менавіта Ūkio Banko Investicinė Grupė (UBIG). 25% належала адміністрацыі Заводзкага раёну Менску.

Са слоў Антанаса Шушы, у выпадку скасавання дамовы беларускі бок абавязаны кампенсаваць укладанні — тыя ж 30 мільёнаў даляраў. Але прыкмет таго, што менскія ўлады збіраюцца вяртаць гэтыя грошы, пакуль няма. Атрымаць каментар ад Менгарвыканкаму не ўдалося: адны чыноўнікі проста перанакіроўвалі па каментар да іншых.

«Дамова была заключаная ў 2007 годзе. За гэты час была падрыхтаваная амаль уся праектная дакументацыя, а пасля ішлі проста размовы-размовы, ніякага супрацоўніцтва не адбывалася. Да будаўніцтва мы не дайшлі», - кажа ён.

Шуша кажа, што яны спрабавалі пачаць будоўлю, але беларускія ўлады спачатку не давалі дазволу на ўвоз будаўнічых матэрыялаў, а пасля і ўвогуле ўсё застопарылася.

«Перапіска ішла тры гады. Узаемныя прэтэнзіі былі і ў нас да беларускага боку, і ў іх да нас. 4 лютага 2011 году Менгарвыканкам ануляваў выдзяленне ўчасткаў. Мы спрабуем з імі размаўляць, але яны з намі не размаўляюць. Былі дзясяткі сустрэчаў, былі сотні лістоў, але няма з кім размаўляць у гарвыканкаме, проста ігнор», - кажа Антанас Шуша.

Інвестпраект быў часткай дзейнасці літоўскага бізнэсоўцы расейскага паходжання Уладзіміра Раманава. На пачатку красавіка Раманаў заявіў, што ў выніку краху банку «Ūkio bankas» страціў усю сваю маёмасць. Капітал Раманава ацэньваўся ў 500 мільёнаў даляраў. Частка з іх, па заявах самога Раманава, была ўкладзеная ў Беларусь.

У зрыве праекту Раманаў вінаваціў беларускія ўлады — маўляў, яны зацягваюць узгадненне. Раманаў абвясціў, што ўклаў у Беларусь 30 мільёнаў даляраў і пагражаў, што будзе змагацца за свае грошы праз суд.

Антанас Шуша пацвярджае, што UBIG падрыхтавала для Стакгольмскага арбітражнага суда ўсе дакументы па пазову да Беларусі. Але ці пойдзе літоўскі бок далей, пакуль невядома. У Раманава процьма іншых праблем.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках