1 траўня 2024, Серада, 12:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паленне забароняць ва ўсіх грамадскіх месцах

190
Паленне забароняць ва ўсіх грамадскіх месцах

Міністэрства аховы здароўя прапануе забараніць паленне ў рэстаранах, барах, на вакзалах, працоўных месцах.

Праект закона вынесуць на публічнае абмеркаванне.

Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вольга Бартман, піша «Інтэрфакс».

«Плануецца, што ў канцы траўня будзе прапанаваны для публічнага абмеркавання новы праект закона, які тычыцца забароны палення ў месцах грамадскага харчавання, на вакзалах, у транспарце», - адзначыла Бартман.

Паводле яе слоў, «новы законапраект уключаны ў план разгляду законапраектаў на 2014 год».

Бартман таксама звярнула ўвагу на тое, што законапраект, распрацаваны Міністэрствам аховы здароўя, дзе змяшчаецца норма аб поўнай забароне палення ва ўсіх закрытых памяшканнях, «не быў уключаны ў план разгляду законапраектаў на 2013 год».

«Мы звярнуліся ў Савет міністраў паўторна, падрыхтавалі новы законапраект, што тычыцца рэгулявання адносін у сферы спажывання тытуню. Прынятае рашэнне ўключыць яго ў план на 2014 год», - сказала яна, удакладніўшы, што ў канцы траўня тэкст новага законапраекта будзе размешчаны на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах Міністэрства аховы здароўя.

Паводле слоў спецыяліста, новы законапраект «не менш жорсткі», чым папярэдні. У сувязі з гэтым яна нагадала, што ў законапраекце, які не ўключылі ў план на 2013 год, прапаноўвалася «забараніць цалкам паленне ва ўсіх закрытых памяшканнях сістэмы адукацыі, культуры, іншых ведамстваў, грамадскага харчавання, на вакзалах, у транспарце, на працоўных месцах».

«Паглядзім, што дасць публічнае абмеркаванне законапраекта», - сказала Бартман.

Яна паведаміла, што па стане на канец 2012 года ў Беларусі паліць 30,5% насельніцтва, «сярод мужчынскага насельніцтва паляць 46,8%, сярод жанчын - больш за 16%». «У 2001 годзе паліла 41,6% насельніцтва», - прывяла параўнальныя дадзеныя спецыяліст. Бартман таксама адзначыла, што ў цяперашні час «палова насельніцтва рэспублікі схільная пасіўнаму паленню».

У той жа час, па яе словах, даследаванні паказваюць, што 55% курцоў хацелі б адмовіцца ад гэтай шкоднай звычкі, асноўная іх матывацыя - «паленне шкодзіць здароўю».

Бартман таксама распавяла, што «большасць курцоў лічаць, што кінуць паліць дапамагае моцная воля».

Аднак, «даследаванні паказваюць, што толькі 3-4% з людзей, якія кінулі паліць, зрабілі гэта самастойна, без звароту да спецыялістаў, ужывання медыкаментаў і прымянення спецыяльных методык», - паведаміла спецыяліст.

Напісаць каментар 190

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках