2 траўня 2024, Чацвер, 19:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хакеіст каманды Лукашэнкі стаў найбуйнейшым забудоўшчыкам Менска

34

Кампанія Паўла Белага мае каля дзесятка ўчасткаў пад забудову ў беларускай сталіцы.

Яны знаходзяцца ў прэстыжных раёнах Менска, піша «Наша Нiва».

Візітка кампаніі «Тапас» - малаэтажны жылы комплекс на вуліцы Жасмінавай у Менску. Гэты раён - за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са Сляпянскай воднай сістэмай. Па прэстыжнасці ён саступае толькі Драздам, дзе жывуць чыноўнікі і іншыя асобы, набліжаныя да Лукашэнкі.

Кватэры тут купляюць за паўмільёна даляраў, а суседнія катэджы - за $1-2 мільёны.

Спіс аб'ектаў «Тапас» не занадта вялікі. Кампанія займалася рэканструкцыяй аднаго з гістарычных дамоў на сталічнай вуліцы Рэвалюцыйнай, а таксама адкрыла гандлёвы цэнтр «Пасаж» у прыбытковым месцы побач з Камароўскім рынкам.

Інфармацыя на сайце кампаніі сведчыць, што на дадзены момант кампанія вядзе будаўніцтва яшчэ двух жылых комплексаў, таксама ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі.

Амаль дабудаваны «ПаркСіці» ўяўляе сабой пяць жылых будынкаў вышынёй 5-6 паверхаў. У іх знаходзіцца 88 прасторных кватэр. Плошча самых малых - каля 80 квадратных метраў. Жыллё называецца элітным, таму і каштуе ад $2300 за квадратны метр.

«Гэта сапраўдны падарунак для тых, хто шануе стыль, камфорт і высокую якасць жыцця. Жыллё для тых, хто варты лепшага», - гаворыцца ў рэкламным буклеце.

«Аквамарын» - набор яшчэ з чатырох жылых дамоў. 192 кватэры і некалькі пентхаўсаў з адкрытымі тэрасамі будуць знаходзіцца побач з сядзібай Ваньковіча.

Рост актываў

На штогадовай выставе «Нерухомасць» «Тапас» упершыню выставіў свой стэнд. Як аказалася, на тэрыторыі Менска кампанія атрымала ўжо амаль дзесятак перспектыўных участкаў пад забудову.

Недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі, насупраць праваслаўнага Дома міласэрнасці, «Тапас» праектуе комплекс таўнхаўсаў «Францыска» «з выглядам у стылі заходнееўрапейскай класікі з элементамі мадэрна».

Там жа, у раёне вуліцы Жасмінавай, «Тапас» збіраецца пабудаваць 15 катэджаў. Пасёлак яшчэ не атрымаў назвы. Па жаданні заказчыка могуць быць збудаваныя як катэджы па індывідуальных праектах, так і таўнхаўсы.

Іншыя аб'екты раскіданыя па ўсёй сталіцы. Напрыклад, у мікрараёне «Ржавец» (непадалёк ад «Менск-Арэны») «Тапас» праектуе жылы комплекс «Браслаўскі». Ад дамінанты - 23-павярховай вежы - у два бакі будуць разыходзіцца 15-павярховыя пад'езды.

З вокнаў будынка бачныя вадасховішча «Дразды» і першы сталічны аквапарк.

Каля станцыі метро «Інстытут культуры» на вуліцы Магілёўскай «Тапас» запланаваў ушчыльненне. На месцы ваенкамата, які будзе знесены, будзе пабудаваны 10-павярховы жылы дом. Жыхары раёна энтузіязму не выказваюць, але не ўсё залежыць ад іх.

Нарэшце, жылы комплекс «Дружны», які адразу ж паўстае перад вачыма кожнага, хто заязджае ў Менск па брэсцкай трасе, таксама перайшоў да «Тапас».

Выгадная пазіцыя

У чым сакрэт поспеху «ТаПас»? Як кампанія, якая яшчэ некалькі гадоў таму нічым не вылучалася на фоне канкурэнтаў, здолела атрымаць з дзесятак прэстыжных участкаў?

Многія небеспадстаўна звязваюць гэтыя факты з асобай намесніка дырэктара кампаніі. Ім працуе 33-гадовы бізнесмен, а раней - перспектыўны хакеіст Павел Белы.

Яго бацьку Аляксандра і двух дзядзяк (Уладзіміра і Юрыя) могуць успомніць спартыўныя заўзятары са стажам. Трое братоў у савецкі час былі хакеістамі. Іх тагачаснае прозвішча - Левенштэйн.

З часам Аляксандр Левенштэйн ператварыўся ў Аляксандра Белага. Пад новым імем ён паспеў папрацаваць генеральным дырэктарам Федэрацыі хакея Беларусі, а пасля - на такой жа пасадзе ў менскім «Дынама».

Яго сын Павел тым часам падаваў надзеі. Яго паклікалі гуляць у Расею. Праўда, у складзе ні чарапавецкай «Северсталі», ні уфімскага «Салавата Юлаева» ён так і не замацаваўся. Прыйшлося вяртацца ў Беларусь, каб у 2007 скончыць прафесійную кар'еру з-за траўмы спіны. Але гэта быў толькі пачатак іншага хакейнага ўздыму.

Павел апынуўся ў складзе зборнай Лукашэнкі, прычым на пазіцыі форварда. Яго партнёрам па лініі атакі стаў сам кіраўнік.

Белы закідвае шайбы адну за адной, тым самым прыносячы далёка не аматарскай камандзе пераканаўчыя перамогі ў гульнях з хакейнымі непрафесіяналамі. А сам тым часам будуе прыбытковы бізнес.

Жылы комплекс «Аквамарын» павінен быць дабудаваны ў трэцім квартале 2015 года. На той жа час у Беларусі запланаваныя «прэзідэнцкія выбары».

«Для мяне галоўнае, каб яны ўсё паспелі зрабіць да выбараў, так як мала як там расклад потым зменіцца» - перажывае адзін з будучых жыхароў «Аквамарына» на тэматычным форуме «Тапас» у інтэрнэце.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках