2 траўня 2024, Чацвер, 20:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Лукашэнка піярыцца на справе «Экамедсервіса»

55
Алег Волчак: Лукашэнка піярыцца на справе «Экамедсервіса»

Неабходна, каб праваахоўныя органы працавалі ў рамках закона, а не чакалі каманды «зверху».

Так былы следчы пракуратуры, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак пракаментаваў сайту charter97.org затрыманне пяці супрацоўнікаў медыцынскага цэнтра «Экамедсервіс».

«Крымінальных спраў па факце медыцынскай халатнасці вельмі мала. Фактычна грамадскасць не ведае пра такія прэцэдэнты. На самай жа справе, выпадкаў, калі смерць пацыента адбываецца па віне лекараў, набярэцца не мала. Гэта тычыцца не толькі камерцыйных структур, але і дзяржаўных медустаноў. Вельмі цяжка даказаць віну медработнікаў, паколькі, каб зрабіць гэта, мы павінны звяртацца за каментарамі да лекараў, якія не заўсёды будуць выступаць супраць сваіх калегаў», - адзначыў юрыст.

Ён падкрэсліў, што пракуратура і Следчы камітэт распачалі крымінальную справу толькі, калі здарыўся грамадскі рэзананс.

«Напярэдадні прадстаўнік СК заяўляў, што для гэтага няма падстаў, бо не былі праведзеныя экспертызы і не былі дапытаныя бацькі. Аднак пасля ўмяшання Лукашэнкі было прынятае рашэнне распачаць крымінальную справу ў дачыненні да лекараў. Зрабіць гэта трэба было адразу, а зараз тое, што адбылося, будзе ўспрымацца грамадскасцю, як піяр у барацьбе за справядлівасць і законнасць. Вечна ў нас крайнасці: то афіцыйна замоўчваюць аб падобных здарэннях, то пасля ўмяшання грамадскасці і Лукашэнкі, пачынаюць змагацца з халатнасцю медыкаў. Але ж хочацца, каб праваахоўныя органы заўсёды працавалі ў рамках закона, а не чакалі каманды «зверху», - упэўнены праваабаронца.

Ён лічыць, што разбіральніцтвы па аказанні няякасных медыцынскіх паслуг скончацца толькі гэтай справай і нічога ў медыцыне не зменіцца ў прынцыпе.

«Парадак трэба наводзіць, пачынаючы з Міністэрства аховы здароўя, абласных упраўленняў і гэтак далей. Сістэма медыцынскага абслугоўвання трашчыць так жа, як і ўсе іншыя органы дзяржаўнага кіравання. Малое фінансаванне гэтай важнай галіны не прыцягвае спецыялістаў. За апошнія два гады шмат лекараў і медперсаналу з'ехала ў Расею, Польшчу, Германію, Англію і іншыя краіны ЕЗ. Наколькі мне вядома, сёння ў Менску не хапае каля 1000 супрацоўнікаў медперсаналу. Калі такое стаўленне да лекараў захаваецца, то людзі будуць паміраць ці станавіцца калекамі з-за нізкай якасці медыцынскага абслугоўвання. І пакуль ў лекараў не будзе паняцця аб адказнасці, да тых часоў і будуць здзяйсняцца падобныя памылкі. А вінаватых караць трэба заўсёды, але толькі калі віна будзе сапраўды даказаная», - падсумаваў Алег Волчак.

Нагадаем, у рамках расследавання крымінальнай справы па факце смерці пацыенткі «Экамедсервіса» Юліі Кубаравай затрыманыя пяць чалавек.

Адна з затрыманых - дырэктар медыцынскага цэнтра Галіна Валжанкіна, астатнія чацвёра затрыманых - аперацыйная брыгада, якая праводзіла рынапластыку 23-гадовай жыхарцы Гродна: хірург, урач-анестэзіёлаг і дзве медсястры.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках