15 траўня 2024, Серада, 21:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лешэк Шарэпка: Польшча абрала свабоду і дабілася поспеху

3
Лешэк Шарэпка: Польшча абрала свабоду і дабілася поспеху

Свабодныя выбары ў 1989 годзе і ўступленне Польшчы ў ЕЗ - аснова яе эканамічнага дабрабыту.

Пра гэта заявіў амбасадар Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка ў інтэрв'ю «Народной воле».

- Якім чынам Польшчы ўдалося (лепш, чым іншым краінам) пераадолець наступствы эканамічнага крызісу?

- Шмат фактараў паўплывала на тое, што мы лепш, чым іншыя краіны, пераадолелі наступствы апошняга крызісу. Значны ўплыў на наш поспех мелі змены, якія адбыліся ў 1989 годзе, і наша сяброўства ў Еўразвязе. Як паказвае час, рашэнне, каб адмовіцца ад неэфектыўнага, цэнтралізаванага кіравання эканомікай і перадаць ініцыятыву грамадзянам, было правільным. Большасць прадпрымальнікаў навучылася будаваць фірмы «пад дзяржаўны заказ».

Мы шмат працавалі - як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці. На еўрапейскім рынку з'явіліся новыя польскія брэнды, часта створаныя прыватнымі фірмамі.

У Польшчы былі створаныя спрыяльныя ўмовы для малога і сярэдняга бізнесу, які гуляе важную ролю ў фармаванні ВУП і знешнім гандлі, стварае новыя працоўныя месцы. Акрамя таго, была створаная вельмі салідная, празрыстая фінансавая сістэма, а ў разгар крызісу нашы банкі апынуліся ўстойлівымі на негатыўныя з'явы.

На прыкладзе Кіпра відаць, што наша банкаўская сістэма бяспечная, а фінансавыя ўстановы - «здаровыя». Міжнародны капітал лічыць Польшчу своеасаблівым аазісам спакою. Змянілася і польская вёска, і наша сельская гаспадарка. Варта нагадаць, што ў 2012 годзе аб'ём продажу сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу разам склаў 16 млрд еўра і вырас на 15,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года. Польскія прадукты харчавання заваёўваюць Еўропу.

- Многія беларусы едуць у Польшчу па куплі, таму што кошты на многія тавары ў вас значна ніжэй. З іншага боку, заробкі ў палякаў значна больш, чым у беларусаў. Пры гэтым Расея не прадае Польшчы газ са зніжкай, як Беларусі. Чаму тады кошты на тавары ў Польшчы ніжэй, чым у Беларусі?

- У паліўна-энергетычнай сістэме Польшчы прыродны газ гуляе важную, але не асноўную ролю. Гадавое расходаванне газу складае каля 14,4 млрд кубаметраў, пры гэтым у краіне яго здабываецца 4,3 млрд кубаметраў. Газ імпартуецца з Расеі, аднак аснова нашай энергетыкі - вугаль, які здабываецца ў краіне, каля 90% электраэнергіі вырабляецца на базе вугалю. Вядома, што электраэнергія - гэта толькі адзін з фактараў, які ўплывае на канчатковы кошт тавару. Тое, што польскія прадукты маюць добрую якасць і іх можна купіць па даступным кошце, - таксама вынік выкарыстання новых тэхналагічных рашэнняў, кваліфікацыі людзей, якія вырабляюць гэтую прадукцыю. Але перш за ўсё гэта вынікае з нашага стратэгічнага рашэння, прынятага ў 1989 годзе, - зрабіць стаўку на заходнюю мадэль развіцця, перайсці да рынкавай эканомікі, перадаць ініцыятыву ў рукі людзей, запрасіць да сябе інвестараў з усяго свету і стварыць для іх адпаведныя ўмовы. Праз 24 гады пасля пачатку зменаў мы можам ацаніць іх вынікі і прыйсці да высновы: мы можам сабе дазволіць купляць дарагі расейскі газ, плаціць высокія зарплаты і вырабляць тавары па даступным кошце, у тым ліку для нашых беларускіх суседзяў. Усё гэта стала магчымым не дзякуючы дырэктывам зверху ці створаным дзяржавай планам і ручному кіраванню, а таму, што дзяржава выбрала свабоду, перш за ўсё ў эканоміцы. Мы выкарыстоўваем энергію нашага грамадства.

- Польска-беларускія адносіны застаюцца напружанымі, шмат хто ў Беларусі лічаць, што менавіта з Польшчай афіцыйны Менск мае сёння найгоршыя адносіны. Чаму так адбываецца?

- Я не лічу, што менавіта з Варшавай адносіны Менска найгоршыя. На нашы адносіны трэба глядзець у кантэксце ЕЗ і суседства. На жаль, адносіны Беларусі з шэрагам краін ва ўсім свеце складаюцца не лепшым чынам - пра гэта сведчаць шматлікія рэзалюцыі шматлікіх міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН. Гэта праўда, што нягледзячы на культурную і гістарычную блізкасць нашых народаў, у апошнія гады паміж нашымі краінамі даходзіла да шматлікіх непаразуменняў на палітычным узроўні. Аднак я хацеў бы выразна падкрэсліць, што падобныя інцыдэнты адбываюцца выключна ў палітычнай сферы, я не чуў, каб звычайныя людзі з Польшчы і Беларусі мелі нейкія праблемы ва ўзаемаадносінах - мы занадта блізкія народы, каб можна было казаць пра непаразуменні.

Што тычыцца палітыкі, то я думаю, многія сітуацыі сталі вынікам неразумення беларускім бокам намераў Польшчы. Нягледзячы на тое, што кажуць многія з атачэння ўлады, нашай мэтай не з'яўляецца ўмяшанне ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, мы не збіраемся нікога вучыць. Ад нашага суседа мы чакаем звычайнай адкрытасці для дыялогу, паслядоўнасці ў двухбаковых адносінах і выканання мінімальных стандартаў, якія павінны быць у дзяржаве ў цэнтры Еўропы. Польшча заўсёды добразычліва ставілася да беларусаў і была гатовая падтрымаць іх жаданне мадэрнізаваць краіну і захаваць незалежнасць. Сёння толькі ад самой Беларусі залежыць, калі вярнуцца за стол перамоваў як на ўзроўні дзвюх краін, так і ЕЗ. Пры гэтым мне здаецца, што абодва гэтых пытанні непарыўна звязаныя паміж сабой, пра што нашы беларускія партнёры не заўсёды памятаюць.

- Як можна палепшыць сітуацыю з візамі, каб грамадзянам Беларусі прасцей было выехаць у Польшчу і ЕЗ?

- Польшча многае робіць для таго, каб наша візавая сістэма спраўна працавала і была даступнай для грамадзян іншых краін. У апошнія гады мы сістэматычна павялічвалі колькасць віз для грамадзян Беларусі: у 2011 годзе іх было 299536, а ў 2012 годзе - ужо 350685, што дае павелічэнне на 16%. У гэтым годзе таксама назіраецца павелічэнне колькасці выдадзеных віз. Аднак здаецца, мы дасягнулі пэўнай мяжы, за якую не можам выйсці з прычыны фізічных магчымасцяў нашых консулаў.

Мы неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў Беларусі на неабходнасць павелічэння колькасці польскіх консульскіх работнікаў, аднак да гэтага часу не знайшлі паразумення. Падобным чынам у падвешаным стане знаходзіцца дамову аб малым памежным руху, якая магла бы значна спрасціць для многіх грамадзян Беларусі выезд у Польшчу. Наша краіна завяршыла ўсе працэдуры па гэтай справе. Без адказу застаецца таксама запыт Бруселя, калі Менск пачне перамовы па зніжэнні коштаў Шэнгенскіх віз для грамадзян Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, я думаю, што ў значнай ступені пытанні па паляпшэнню візавай сістэмы трэба адрасаваць беларускаму боку - Польшча і Еўрапейскі Звяз неаднаразова выказвалі гатоўнасць пачаць перамовы па гэтай тэме, мы чакаем рэакцыі нашых партнёраў.

- Расейскія навукоўцы правялі даследаванне, з якога вынікае, што генетычна палякі і беларусы бліжэй, чым беларусы і рускія - што аб'ядноўвае нашы народы...

- Генетыка ўсё яшчэ застаецца чорнай магіяй, таму я не хацеў бы выказвацца на гэты конт. Вядома, нас аб'ядноўваюць блізкія гістарычныя, этнічныя і культурныя сувязі. Гэта пацвярджае лакалізацыя нашых краін, падабенства прыроды і клімату. Блізкія таксама нашы мовы, у якіх можна знайсці шмат аднолькавых або падобных па гучанні слоў.

Важнае значэнне для абодвух нашых народаў мае агульная гісторыя - на працягу некалькіх стагоддзяў палякі і беларусы жылі і ўтваралі адзіную дзяржаву. Сёння гэта знаходзіць адлюстраванне ў структуры веравызнання Беларусі: значная частка яе насельніцтва, як і пераважная большасць палякаў, рымска-каталіцкага веравызнання.

Я думаю, што палякаў і беларусаў аб'ядноўвае таксама падабенства менталітэту - мы талерантныя людзі, якія з павагай ставяцца да прадстаўнікоў іншых народаў. Дасканалым пацвярджэннем блізкасці нашых народаў з'яўляецца той факт, што на працягу стагоддзяў паміж намі не было ўзброеных канфліктаў.

Тое, што сучасныя Польшча і Беларусь - асобныя суб'екты на палітычнай арэне, не выключае магчымасці жыць у атмасферы ўзаемаразумення, павагі і талерантнасці. Скажу больш, гэта натуральным чынам прымушае нас да такога суіснавання. Нягледзячы на сучасныя геапалітычныя ўмовы і плыні, напрамкі і вынікі сучаснай палітыкі Еўропы, я ўпэўнены, што нам наканаванае прыязнае суіснаванне.

- Ці задаволены вы сваёй працай у Беларусі? Вам удалося рэалізаваць усё, што вы запланавалі?

- Вы прымушаеце мяне падвесці пэўныя вынікі, хоць гэта толькі сярэдзіна тэрміну маёй дыпламатычнай місіі. Да таго ж трэба памятаць, што дыпламат у афіцыйных адносінах прадстаўляе не сябе, а дзяржаву, якая яго дэлегавала, і залежыць ад шматлікіх фактараў, на якія ён не мае ўплыву. Вядома, тое, што ўжо зроблена, не зусім мяне задавальняе. Не сакрэт, што я быў бы значна больш задаволены, калі б нашы консульскія аддзелы выдавалі ў два разы больш віз, у камфортных для кліентаў умовах, альбо калі б візы наогул былі адмененыя. Думаецца таксама, што нашы адносіны былі б лепш, калі б эканамічныя адносіны абедзвюх краін развіваліся без абмежаванняў і дазволілі зарабляць на гэтым як палякам, так і беларусам. Я буду шчаслівы, калі змагу вырашыць справу будаўніцтва новага будынка амбасады, калі можна будзе з усімі палякамі ў Беларусі размаўляць не толькі па-беларуску, але і па-польску, а таксама калі я змагу перад тым, як пакіну краіну, узяць у рукі кнігу па гісторыі Польшчы, напісаную беларускім гісторыкам. Застаецца яшчэ шмат пытанняў, тэрміновае вырашэнне якіх будзе карысным для абедзвюх дзяржаў. Аднак, як я ўжо казаў, гэта патрабуе прыняцця адпаведных рашэнняў зацікаўленым бокам - уладамі Беларусі. Пазіцыя Польшчы і Еўразвяза па гэтых пытаннях адназначная і канкрэтная, адзінае, што нам застаецца, - чакаць адказу нашых партнёраў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках