18 траўня 2024, Субота, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нябачныя» жонкі дыктатараў

19
«Нябачныя» жонкі дыктатараў

Заява аб разводзе Ўладзіміра Пуціна з ягонай жонкай Людмілай з'явілася пасля працяглых спекуляцый у расейскіх СМІ на тэму практычна поўнай «нябачнасці» спадарыні Пуцінай.

Людміла Пуціна доўга ўнікала ўвагі грамадскасці, і апошнімі некалькімі гадамі выходзіла ў свет усё радзей. Да супольнага з'яўлення Пуціна з заявай аб разводзе апошнім разам яе на публіцы бачылі ў траўні 2012 года на інаўгурацыі мужа пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, перадае «Бі-Бі-Сі».

«Нябачнасць» першых лэдзі ўважалася за норму за часамі СССР, калі савецкія кіраўнікі спрабавалі трымаць сваіх жонак і сем'і далей ад увагі грамадскасці.

Першай, хто зламаў гэтую працяглую традыцыю, стала Раіса Гарбачова. Пакуль ейны муж ламаў стэрэатыпы савецкай палітыкі, бездакорна адзетая, дасціпная і таварыская Раіса мяняла агульнае ўяўленне аб тым, як павінна выглядаць і паводзіцца першая лэдзі СССР.

Спадарыня Гарбачова хутка стала ўлюбёнкай заходніх медый, аднак на радзіме далёка не ўсе ёю захапляліся - найперш праз тыя ж якасці, якія прынеслі Раісе папулярнасць за мяжой. У свядомасці людзей вобраз гэтай першай дамы выяўна кантраставаў з жорсткімі рэаліямі камуністычнай дзяржавы, у якой ужо пазначыліся расколіны.

Наіна Ельцына, жонка першага постсавецкага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына, была не такой яскравай, як ейная папярэдніца, і ўсё ж грала пэўную ролю і мела грамадскі ўплыў.

Але на досвітку пуцінскай эры ў расейскай палітыцы ў славянскія краіны, здаецца, зноў вярнуліся часы сарамлівых прэзідэнцкіх жонак, якія бянтэжацца перад камерамі і ўнікаюць залішняй увагі СМІ.

Непрыкметнасць Людмілы Пуцінай відавочна кантраставала з міжнароднай значнасцю ейнага мужа на пасадзе прэзідэнта Расіі.

Надоечы Людміла ўсё ж з'явілася на вокладцы моднага часопіса. Аднак да гэтага трохразовую першую лэдзі краіны бачылі на публіцы настолькі рэдка, што яе з'яўленне на цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі Горкага ў канцы сакавіка 2013 года - упершыню пасля інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна ў 2012 годзе - проста такі ўскалыхнула расейскія медыі.

А незалежны журналіст Міхаіл Фішман нават адважыўся заявіць, што грамадская прысутнасць спадарыні Пуцінай «роўная нулю». Ён адзначыў, што зазвычай лідэр, у якога ёсць сям'я, успрымаецца як шчыры і просты чалавек, але Пуцін, які з'яўляецца «аўтарытарным манархам», наадварот, імкнецца замацаваць за сабой вобраз зацятага і богападобнага кіраўніка.

Знікненне з поля зроку

Які ж выглядае сітуацыя з першымі дамамі ў іншых постсавецкіх краінах?

Жонка ўкраінскага прэзідэнта Людміла Януковіч - таксама падпадае пад катэгорыю «нябачных».

Як вядома з СМІ, спадарыня Януковіч унікае публічнасці і жыве пустэльніцай у Данецкай вобласці, якая з'яўляецца апорай партыі ейнага мужа Віктара Януковіча. Час ад часу жанчына з'яўляецца на абласных мерапрыемствах і амаль ніколі не бывае ў Кіеве.

Людміла Януковіч знікла з грамадскай і медыйнай прасторы яшчэ да абрання Віктара Януковіча прэзідэнтам у 2010 годзе.

Спадарыня Януковіч найперш запомнілася сваім выступам на мітынгу ў Данецку падчас Аранжавай рэвалюцыі 2004 года, калі ейны муж, тагачасны прэм'ер-міністр Украіны, змагаўся за крэсла прэзідэнта.

Тады медыі наўзахапы пісалі пра ейны перакрыўлены берэт і няскладную прамову, у якой Людміла абвінаваціла заходнія краіны ў тым, што яны падтрымліваюць апанэнтаў Партыі рэгіёнаў, пастаўляючы ім «наколатыя апельсіны» і амерыканскія валёнкі. Некаторыя фразы з таго векапомнага выступу спадарыні Януковіч сталі крылатымі - іх дагэтуль, праз дзесяць гадоў, з гумарам згадваюць суайчыннікі.

Уплывовы ўкраінскі журналіст Сяргей Лешчанка мяркуе, што знікненне Людмілы Януковіч з грамадскага далягляду можа тлумачыцца менавіта ганебнасцю ейнага тагачаснага выступу.

Ён дадае, што канцэпцыя першай лэдзі - запазычаная з амерыканскай палітыкі - не прыжылася ў постсавецкіх краінах, бо большасць іхных лідэраў нарадзіліся ў часы СССР і да гэтага часу захоўваюць сфармаваны тады светапогляд.

Першы сын

Беларускі экспэрт Валерый Карбалевіч кажа, што савецкая традыцыя «хаваць жонак лідэраў далей ад публікі» глыбока ўкаранілася ў грамадскай свядомасці.

У Беларусі, дзе захоўваецца аўтарытарны савецкі стыль кіравання дзяржавай, першай дамы няма. Затое апошнімі гадамі Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца на афіцыйных мерапрыемствах у суправаджэнні свайго малодшага сына Мікалая.

Хлопчык суправаджаў бацьку падчас інаўгурацыі і ездзіць з ім у замежныя выправы. У прыватнасці, апошнім разам бацька і сын Лукашэнкі разам ездзілі ў Венесуэлу - ушанаваць памяць памерлага лідэра краіны Уга Чавэса.

Светлавалосы і заўсёды ахайна адзеты Мікалай з'яўляецца амаль сталым маўклівым спадарожнікам беларускага лідэра і выконвае ролю, якая зазвычай адводзіцца першай лэдзі краіны.

Хоць, як сцвярджаюць апазіцыйныя сайты, апошнім часам спадара Лукашэнкі ўсё часцей можна ўбачыць у кампаніі маладых прывабных жанчын.

Усходні парадокс

У той жа час першыя лэдзі краін Цэнтральнай Азіі, рэгіёна, які гістарычна ўважаецца за патрыярхальны і кансэрватыўны, граюць значна больш прыкметную ролю ў грамадскім жыцці краіны.

Узяць хаця б Узбекістан. Часцей за першую даму гэтай краіны Таццяну Карымаву ў тутэйшых СМІ фігуруе хіба што ейная старэйшая дачка Гульнара, якая набыла сабе рэпутацыю свецкай ільвіцы. Спадарыня Таццяна ў сваю чаргу часцей удзельнічае ў розных дабрачынных праектах і суправаджае мужа Іслама Карымава на афіцыйных мерапрыемствах і ў паездках.

Прэзідэнт Карымаў трымае краіну жалезным хапаннем, душачы ўсялякія выяўленні непадпарадкавання, а грамадская і медыйная ўвага да ягонай радзіны толькі падкрэслівае моц кодла Карымава.

Згодна з афіцыйнай біяграфіі, першая лэдзі суседняга Казахстана Сара Назарбаева на працягу многіх гадоў займаецца каардынацыяй дабрачынных праектаў і з'яўляецца аўтарам шасці кніг.

Аднак тытул самай яскравай і ўплывовай першай дамы сярод усходніх краін, пэўна, дастаўся жонцы азербайджанскага прэзідэнта і надзвычайнай модніцы Мехрыбан Аліевай. Дзякуючы сваёй чыннай грамадскай дзейнасці, у прыватнасці ўдзелу ў шматлікіх культурных і дабрачынных праектах, спадарыня Аліева ў пэўным сэнсе закасавала свайго мужа Ільхама Аліева.

Вобраз прэзідэнцкай сям'і ў гэтай краіне старанна ахоўваецца і адпрацоўваецца. Разам з тым праваабарончыя групы вінавацяць кіраўніцтва ў здушэнні дэмакратыі і зняволенні дысідэнтаў. Акрамя таго, у Азербайджане востра стаіць праблема карупцыі, пра што сведчыць нізкія паказчыкі краіны ў рэйтынгу карумпаванасці краін Transparency International.

У спадарыні Аліевай медыцынская адукацыя, аднак сёння яна належыць да кіроўнай верхавіны партыі «Новы Азербайджан». Некалькі гадоў таму ў СМІ ішлі размовы аб тым, што яна нават можа стаць пераемнікам свайго мужа ў 2013 годзе, але сёння гэтыя размовы аціхлі.

Адрозна ад заходніх медый, сайт Wikileaks паказвае першую лэдзі Азербайджана ў менш прывабным святле. Але з прычыны таго, што СМІ ў ейнай краіне жорстка падкантрольныя дзяржаве, спадарыня Аліева можа цешыцца сваім насычаным свецкім жыццём, якія б дыскусіі вакол яе не вяліся.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках