7 траўня 2024, aўторак, 21:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спецдакладчык ААН заяўляе

12
Спецдакладчык ААН заяўляе

Спецдакладчык Рады ААН аб сітуацыі ў Беларусі з правамі чалавека Міклаш Харашці заклікаў беларускі ўрад вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў.

Як паведамляе сайт ПЦ «Вясна», Харашці заклікае «неадкладна і безумоўна» вызваліць і рэабілітаваць Бяляцкага.

«Утрыманне Бяляцкага з'яўляецца сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў», - падкрэслівае ён. «Бяляцкі - праваабаронца, якога паважаюць ва ўсім свеце, ягоная дзейнасць у абароне правоў чалавека добра вядомая і шырока прызнаная», - заявіў Харашці.

Ён адзначае, што Бяляцкі, «як і многія іншыя праваабаронцы ў Беларусі, не мог займацца легальнай і бесперашкоднай працай праз адмову беларускіх уладаў у рэгістрацыі ягонай арганізацыі».

Харашці заклікаў урад Беларусі прызнаць праваабарончыя арганізацыі краіны і пачаць супрацоўніцтва з імі для таго, каб стварыць «незалежную нацыянальную ўстанову правоў чалавека, як таго патрабуюць абавязанні краіны ў рамках дамовы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый».

Харашці спасылаецца на меркаванне Камітэта правоў чалавека ААН пра тое, што ліквідацыя «Вясны» з'яўляецца парушэннем свабоды аб'яднанняў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, ён адзначыў, што Рада правоў чалавека ААН аднагалосна заявіла, што ніякі закон не можа ўводзіць крымінальную адказнасць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць абароны правоў чалавека ў сувязі з крыніцамі яе фінансавання.

«Затрыманне Бяляцкага - відавочны вынік яго працы ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, - мяркуе Харашці. - Дзейнасць у пошуку сродкаў, якой займаўся Бяляцкі для таго, каб забяспечыць само існаванне «Вясны», а таксама працяг яе чыннасці, праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека».

Харашці заклікае ўрад Беларусі забяспечыць Бяляцкаму «у перыяд да ягонага вызвалення доступ да ўсялякай медыцынскай дапамогі, якая яму можа спатрэбіцца, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не ўплываюць на яго здароўе, а таксама што Алесь Бяляцкі мае поўныя правы на спатканне і прыватнае ліставанне».

Нагадаем, Харашці афіцыйна прыступіў да выканання сваіх функцый спецдакладчыка 1 лістапад 2012 года. Ягоны мандат быў падоўжаны яшчэ на год у чэрвені 2013 года. 11-14 ліпеня Харашці, які так і не дачакаўся дазволу беларускіх уладаў наведаць Беларусь, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Вільні.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску 4 жніўня 2011 года. Бяляцкі адбывае пакаранне паводле прыгавору суда, які 24 лістапада 2011 года прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйной суме і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў прыняты пад увагу і той факт, што шкода, якую нібыта прычыніў Бяляцкі дзяржаве, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках