2 траўня 2024, Чацвер, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 рэзідэнцый Лукашэнкі

135

Колькасць рэзідэнцый беларускага кіраўніка б'е сусветныя рэкорды.

Такой іх колькасці няма ні ў каго з іншых сусветных лідараў, піша ucpb.org.

Кампанія «Трайпл», якая належыць блізкаму да беларускай улады алігарху Юрыю Чыжу, павінна была да канца 2010 года ўзвесці на тэрыторыі Белавежскай пушчы «комплекс збудаванняў па абслугоўванні дэлегацый». Такі загад утрымліваецца ў спецыяльным указе Лукашэнкі. Пабудаваць комплекс у нацыянальным парку яна павінна была цалкам бясплатна. Узамен кампанія атрымае ад дзяржавы спецыяльныя падатковыя льготы.

Пра завяршэнне работ і здачу комплексу ў эксплуатацыю не чуваць. Засакрэчана?

Якія яшчэ месцы працы і адпачынку мае кіраўнік?

1. Асноўнае працоўнае месца Лукашэнка знаходзіцца ў цэнтры сталіцы. Былы будынак ЦК КПБ, знаходзіцца па адрасе вуліца Карла Маркса, 38.

2. Мала хто ведае, што ў цэнтры Менска знаходзіцца і яшчэ адна «стаўка» кіраўніка выканаўчай улады. Яе адрас - Вайсковы завулак, дом 4. Тут кіраўнік жыў да свайго перасялення ў Дразды і нават быў прапісаны па гэтым адрасе. Цяпер у будынку праходзяць пасяджэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

3. Наступны маёнтак «беднага» кіраўніка дзяржавы, назва якога таксама стала намінальнай, гэта ўсім вядомыя Дразды. Яны знаходзяцца на выездзе з Менска ў бок горада Маладзечна. Сваю вядомасць пасёлак атрымаў у 1998 годзе, калі з яго, спаслаўшыся на рамонт каналізацыі, гвалтам выгналі амбасадараў замежных краін, якія мелі там свае рэзідэнцыі. Лукашэнкі з таго часу жыве ў Драздах пастаянна.

У суседніх катэджах - жывуць самыя ўплывовыя чыноўнікі Беларусі, якія складаюць асабістую адданую гвардыю кіраўніка.

4. «Далёкім лецішчам» Лукашэнкі лічыцца рэзідэнцыя «Азёрны». Яна знаходзіцца ў Астрашыцкім гарадку - непадалёк ад Менска, у бок Лагойска. Пры СССР тут знаходзілася загарадная рэзідэнцыя маршала Цімашэнкі. На яе тэрыторыі ёсць умацаваны бункер, які здольны вытрымаць нават ядзерны ўдар. Лукашэнка павысіў абароназдольнасць «Азёрнага», загадаўшы абнесці рэзідэнцыю і лес вакол яе трохметровым каменным плотам з калючым дротам і відэаназіраннем за кожным квадратным метрам перыметра.

За плотам знаходзяцца ахоўныя вышкі з магутнымі пражэктарамі, а па ўсім перыметры размяшчаецца кантрольная паласа ўзаранай зямлі - зусім як на мяжы. Побач з гэтай рэзідэнцыяй знаходзяцца лецішчы беларускай «творчай эліты».

5. Рэзідэнцыя ў «Віскулях» не ў асаблівай пашане ў кіраўніка. Ці то ў Лукашэнкі яна выклікае дрэнныя асацыяцыі з развалам СССР, ці то прысутнічае фактар значнай аддаленасці ад Менска.

6-7. Яшчэ дзве рэзідэнцыі з назвамі «Заслаўе-1» і «Заслаўе-2» знаходзяцца непадалёк ад Менскага мора. Яны размешчаныя паблізу адна ад адной у Хваёвым бары. Менавіта тут ставіў свой шацёр сябар беларускага кіраўніка, лівійскі дыктатар Кадафі падчас візіту ў Беларусь.

8. У «Бярэзінскае», на былое лецішча Пятра Машэрава на тэрыторыі Бярэзінскага гідралагічнага запаведніка, Лукашэнка таксама прыязджае рэдка. Гэтая рэзідэнцыя ўключае ў сябе 3-павярховы дом і штучны пляж. Пасля вакол рэзідэнцыі пабудавалі плот і паставілі кантрольна-прапускны пункт з аховай.

9. Рэзідэнцыя «Плаўна» знаходзіцца ў тым жа самым запаведніку - аб'ект пабудаваны ўжо ў часы кіравання Лукашэнкі. Па некаторых дадзеных, там пражываў зрынуты кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі.

10. Палеская рэзідэнцыя знаходзіцца ў Петрыкаўскім раёне каля аграгарадка «Ляскавічы». Дзякуючы прэстыжнаму суседству ўсе вуліцы гэтага населенага пункта забрукаваныя тратуарнай пліткай, а дамы абабітыя аднакаляровым сайдынгам. Менавіта там здымаўся фільм «На спіне ў чорнага ката», з унучкай Лукашэнкі Вікторыяй, якая сыграла адну з галоўных роляў.

Завяршаецца будаўніцтва 11 рэзідэнцыі на праспекце Пераможцаў у Менску.

У склад новага месца жыхарства будзе ўваходзіць і будынак Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа», дзе на працягу дзесяткаў гадоў праходзілі выставы. У савецкі час там было мясцовае ВДНГ (Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі).

Цяпер жа будынку будзе адведзеная роля дома ўрачыстых прыёмаў. А за ім будзе размяшчацца парк з алеяй і фантанам, сярод якога і будзе стаяць новая рэзідэнцыя Лукашэнкі.

«Наша Ніва» прыводзіць здымкі шасці ўрадавых рэзідэнцый, якія знаходзяцца ў Менску ці ў яго ваколіцах.

На першым малюнку - будынак на вуліцы Маркса. Гэта галоўнае працоўнае месца Лукашэнкі. Яго бачыў ледзь не кожны беларус, але ці ведаюць людзі пра пабудовы ўнутры рэзідэнцыі?

Наступны здымак - пастаральная карцінка «Драздоў» з дзесяткамі маленькіх домікаў. Сюды дыктатар едзе пасля «працоўнага дня».

Трэцяя рэзідэнцыя - даўняе месца прапіскі Лукашэнкі. Зараз у будынку па адрасе Вайсковы завулак, 4 ён бывае надзвычай рэдка.

«Заслаўе-1» і «Заслаўе-2» знаходзяцца побач. Яны праславіліся перадусім дзякуючы лівійскаму кіраўніку Муамару Кадафі, які падчас свайго візіту ў Беларусь паставіў тут свой шацёр.

Па суседстве дабудоўваецца загадкавы жылы комплекс «Усход». Гэта не зусім рэзідэнцыя, але нешта вельмі падобнае на яе. У параўнанні з мінулым спадарожнікавым здымкам гадавой даўніны збудаванняў тут стала ў некалькі разоў больш.

Нарэшце, апошні здымак - перакапаныя палі пад новую рэзідэнцыю.

Напісаць каментар 135

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках