5 траўня 2024, Нядзеля, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Пастноў скардзіцца ў пракуратуру

14
Ігар Пастноў скардзіцца ў пракуратуру

Лекар напісаў скаргу ў пракуратуру, якую перадаў для адпраўкі сваёй даверанай асобе Сяргею Рыжову.

Аднак ужо ў гэтай якасці Рыжову забаронена сустракацца з Ігарам Пастновым, які знаходзяцца ў віцебскім абласным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі пасля з'яўлення ў інтэрнэце некалькіх яго крытычных відэавыступленняў, паведамляе ПЦ «Вясна».

Сяргей Рыжоў размаўляў з Ігарам Пастновым у прысутнасці Наталлі Васільевай, загадчыка 2-га закрытага аддзялення, дзе той знаходзіцца. Рыжоў адзначае, што яна вельмі нервова рэагавала, калі Пастноў распавядаў пра метады яго лячэння:

«Ігар Пастноў сам працуе псіхіятрам, ён скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут з чырвоным дыпломам. І ўсведамляе, якую небяспеку можа мець прымусовае прымяненне нейралептыкаў, калі іх прапісваюць здароваму чалавеку. Ён скардзіцца на тое, што пасля прыёму прэпарата «неўлептыл» яму стала нядобра - закружылася галава, ён не мог хадзіць. Пра такую рэакцыю ён сказаў урачам, але яны не адмянілі прэпарат, а сталі даваць яго сілком: санітар заціскаў Пастнову нос, каб той не мог дыхаць і адкрываў рот, і такім чынам уцісквалі лекі».

Пад запіс на дыктафон сам Пастноў распавёў, як яму гвалтам робяць ін'екцыі, і што ён мае асцярогі з нагоды таго, які прэпарат яму могуць увесці:

«Я адмовіўся ад «неўлептыла», і мне прызначылі «дэпрэс» у ін'екцыях. Я пратэставаў як мог, але я не магу з імі біцца. Я проста клаўся на ложак, а санітары мяне пераварочвалі як мех, здымалі з мяне штаны... Вядома ж, я адчуваў маральныя пакуты! Яшчэ большыя пакуты прыносіла тое, што я не быў упэўнены ў тым, што мне ўводзяць. Аднойчы мне сказалі, што «дэпрэс» для ін'екцый сканчаецца, і што мне будуць даваць яго ў капсулах, або прапішуць іншы прэпарат. Я сам псіхіятр, і ведаю, што гэта можа быць - або аміназін, або галаперыдол. Ад іх могуць быць цяжкія пабочныя эфекты. Да таго ж не вывучана іх ўздзеянне на здаровых людзей, а яно можа быць вельмі складаным - аж да інваліднасці. У мяне няма ні трызнення, ні галюцынацый, а прызначаюць такія вось лекі... і я ўжо адчуваю сябе ўсё горш і горш».

Пра метады лячэння, а таксама пра тое, як ён трапіў у псіхіятрычную лякарню, Пастноў напісаў у скарзе, адрасаванай у пракуратуру. Ён піша, што ніколі не стаяў на ўліку па псіхічным захворванні, і што ніхто не прапаноўваў яму добраахвотна прайсці абследаванне. Там не меньш, 15 жніўня галоўны ўрач бальніцы Алена Мартынава сабрала камісію, якая, не запрасіўшы на нараду самога Пастнова, вырашыла накіраваць яго на прымусовае абследаванне. Прысуд камісіі быў адпраўлены ў гарадскую пракуратуру, і там далі на гэта дазвол. 16 жніўні Пастноў прыйшоў на працу - у наркалагічнае аддзяленне той жа бальніцы, дзе ён працаваў псіхіятрам, і яго паклікалі ў іншы кабінет нібыта пра нешта параіцца. Там паказалі пастанову пракурора і паклалі ў 2-е закрытае аддзяленне, абмежаваўшы ў зносінах і званках. Пяць дзён яго нібыта абследавалі, а 21 жніўня адбыўся суд.

«Вядома, 16 жніўня, калі мяне забіралі, я быў у стрэсе, у мяне падняўся ціск. Але 21 я быў у добрым стане і настроі, збіраўся ў суд, але мяне туды не павезлі - нібыта я магу нанесці шкоду сабе ці каму-небудзь іншаму. Хоць я знаходзіўся ў цалкам адэкватным стане. Суддзя Тацяна Дзегцярова прысудзіла мяне да прымусовага лячэння, і яго адразу ж пачалі - нягледзячы на тое, што ў мяне быў час падаць скаргу, і рашэнне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу», - адзначае ўрач.

Ігар Пастноў лічыць , што яго правы былі парушаныя, яго адвакат падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда. Сам Пастноў лічыць неабходным яшчэ раз падкрэсліць, што добраахвотна абследавацца яму не прапаноўвалі, і для гэтага не было ніякіх падстаў, так як ён псіхічна здаровы чалавек. Таксама ён абураны, што ўпотай ад яго 15 жніўня калегі правялі нейкі кансіліум, пра які нават яму самому не паведамілі.

З 23 жніўня ён знаходзіцца ўжо не ў асобнай палаце, а разам з пацыентамі, якіх толькі прывезлі ў бальніцу і яшчэ не вызначыліся з дыягназам і лячэннем. Сярод іх ёсць людзі з відавочнымі адхіленнямі, кажа Сяргей Рыжоў, які лічыць гэта дадатковым элементам ціску на Пастнова.

Ён не ўпэўнены, што ўсе адмовы ад прымусовага лячэння належным чынам зафіксаваныя ў гісторыі хваробы Пастнова. Але паглядзець яе не дазваляюць ні самому Ігару Пастнову, ні яго даверанай асобе - Сяргею Рыжову.

Ігар Пастноў па-ранейшаму ў ізаляцыі, яго мабільны тэлефон знаходзіцца ў загадчыцы аддзялення, а да гарадскога, у медсястры, якім у вызначаныя гадзіны дазволена карыстацца пацыентам, яго не клічуць. Да візіту Сяргея Рыжова ён не ведаў, што яго сітуацыя шырока вядомая і землякам у Віцебску, і праваабаронцам, у тым ліку з міжнародных структур. І ён быў рады, даведаўшыся, што праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць яго вязнем сумлення.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках