7 траўня 2024, aўторак, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: На «Уралкалій» прэтэндуюць Еўтушэнкаў, Гуцарыеў і Коган

24
Forbes: На «Уралкалій» прэтэндуюць Еўтушэнкаў, Гуцарыеў і Коган

Прадстаўнікі Сулеймана Керымава абверглі продаж «Уралкалію».

Сулейман Керымаў можа прадаць «Уралкалій». Перамовы аб куплі вядуць адразу тры ўдзельнікі спісу Forbes - Уладзімір Еўтушэнкаў, Міхаіл Гуцарыеў і Уладзімір Коган, лічыць расейскае выданне Forbes.ru.

Ужо больш за месяц назва «Уралкалій» не сыходзіць з першых палос. Кампанія апынулася ў цэнтры гучнага міжнароднага скандалу, яе гендырэктар Уладзіслаў Баўмгертнер арыштаваны КДБ Беларусі, а асноўны акцыянер - Сулейман Керымаў, па дадзеных беларускага боку, ужо ў спісах Інтэрпола. Як стала вядома Forbes, гэтай сітуацыяй ужо спяшаюцца скарыстацца іншыя ўдзельнікі спісу найбагацейшых бізнесменаў.

Выкупіць у Керымава яго долю ва «Уралкаліі» прапаноўваюць саўладальнік АФК «Сістэма» Уладзімір Еўтушэнкаў і заснавальнік «Русснефть» Міхаіл Гуцарыеў, а таксама былы банкір і кіраўнік Дзяржбуда Уладзімір Коган. Пра гэта Forbes распавялі высокапастаўленая крыніца ва ўрадзе і топ-мэнэджэр аднаго з банкаў-крэдытораў Керымава. «Усе трое бізнесменаў хацелі б выкупіць долю Керымава, а Коган нават намякае, што дзейнічае па даручэнні прэзідэнта Уладзіміра Пуціна», - пацвярджае крыніца, блізкая да «Уралкалію». Раней крыніца ў асяроддзі Керымава ў размове з Forbes не адмаўляла, што бізнесмен можа прадаць свой пакет, калі ўмовы апынуцца выгаднымі. Звязацца з самім Керымавым у нядзелю не ўдалося. Прадстаўнік яго кампаніі «Нафта- Масква» ад каментароў адмовіўся.

Дамоўленасцяў аб здзелцы, па дадзеных усіх траіх суразмоўцаў Forbes, няма. «Калі яны былі фармалізаваныя, мы б пра гэта ведалі, бо частка акцый «Уралкалію» з пакета Керымава ў нас у закладзе», - кажа банкір. Суму патэнцыйнай здзелкі ён ацэньвае ў $4 млрд і кажа, што аператыўна прыцягнуць столькі грошай пакупнікам даволі праблематычна.

На канец пятніцы капіталізацыя «Уралкалію» на ММВБ складала $14,7 млрд., на LSE - $14,3 млрд. Зыходзячы з гэтага, кошт 21,75 % акцый кампаніі, якія кантралюе Керымаў (дадзеныя «Уралкалію» на 12 ліпеня), складае $3,1-3,2 млрд. Акцыі Керымава закладзеныя па крэдытах у шэрагу банкаў, у тым ліку ў Ашчадбанку і ў ВТБ, кажуць крыніцы (у траўні «Уралкалій» раскрываў, што Sberbank CIB Cyprus Limited у выніку здзелак рэпо з акцыянерамі кампаніі атрымаў 10,48% яе акцый). Памер пазыкі па гэтых крэдытах, крыніцы Forbes не ўдакладняюць.

Пачынаючы з 2010 года Керымаў, па разліках Forbes, мог выдаткаваць на здзелкі з акцыямі «Уралкалію» каля $3 млрд. Амаль усе куплялася ў крэдыт, і зараз галоўная мэта Керымава - разлічыцца з крэдыторамі і зарабіць «на гэтай гісторыі зверху хоць бы $1-1,5 млрд.», - кажа знаёмы бізнесмена.

Еўтушэнкаў і Гуцарыеў у перамовах з Керымавым выступаюць сумесна, кажа блізкая да «Уралкалію» крыніца. Яна не выключае з'яўлення ў пагадненні і іншых партнёраў, калі будуць дасягнутыя дамоўленасці. Вопыт сумесных здзелак у бізнесменаў ужо ёсць. У 2010 годзе Еўтушэнкаў дапамог Гуцырыеву вярнуцца ў Расею (у дачыненні да Гуцырыева была заведзеная крымінальная справа), пасля чаго выкупіў ў яго за $100 млн 49% акцый «Русснефть» (у гэтым годзе «Сістэма» прадала гэты пакет ужо за $1,2 млрд). І Еўтушэнкаў, і Гуцарыеў даўно цікавіліся «Уралкаліем». «Сістэму» называлі адным з прэтэндэнтаў на актыў яшчэ ў 2010 годзе, калі кантрольны пакет акцый кампаніі выставіў на продаж былы ўладальнік «Уралкалію» Зміцер Рыбалоўлеў. Гуцарыеў таксама даўно глядзіць на калійную галіну, да таго ж у яго добрыя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам, кажа ўрадавы чыноўнік. Паводле яго дадзеных, Гуцарыеў нядаўна сустракаўся з Лукашэнкам і абмяркоўваў бягучы канфлікт «Уралкалію» з « Беларуськаліем», а яшчэ раней - рабіў прапановы з нагоды куплі самога «Беларуськалію». Звязацца з Гуцарыевым не ўдалося, крыніца ў ягоным атачэнні сцвярджае, што перамовы па «Уралкалію» не вядуцца.

Да канца ліпеня «Уралкалій» і «Беларуськалій» гандлявалі калійнымі ўгнаеннямі на экспарт праз сумесную «Беларускую калійную кампанію» (БКК). З-за канфлікту з нагоды аб'ёмаў продажаў праз БКК «Уралкалій» прыняў рашэнне спыніць экспарт праз гэтага трэйдара. Для сусветнага рынку калійных угнаенняў навіна стала сапраўднай рэвалюцыяй, бо да гэтага рынак кантралявалі два трэйдара - БКК і канадскі картэль Canpotex (у яго ўваходзілі PotashCorp, Agrium і Mosaic). Пасля выхаду «Уралкалію» з БКК акцыі вытворцаў калійных угнаенняў абваліліся, а Беларусь развязала ў дачыненні да мэнэджэраў «Уралкалію» і Керымава сапраўдную вайну.

З'яўленне ў ліку прэтэндэнтаў на куплю «Уралкалія» Уладзіміра Когана стала нечаканасцю. «Наогул першапачаткова ён прыйшоў да Керымава з прапановай выкупіць у яго будаўнічую кампанію «ПІК», а там ужо даведаўся, што ёсць актыў цікавей», - распавядае знаёмы Керымава.

Коган - адзін з самых закрытых удзельнікаў спісу Forbes. У 1990-х гадах ён быў кіраўніком холдынгу «Банкірскі дом «Санкт-Пецярбург», у склад якога ўваходзілі некалькі банкаў. Сярод іх быў Прамыслова-будаўнічы банк, кліентам і акцыянерам якога з'яўляўся Уладзімір Пуцін. У сярэдзіне 2000-х Коган і яго партнёр Давід Трактавенка сталі выходзіць з банкаўскага бізнесу: 75% Прамбудбанка ў 2004-2005 гадах купіў ВТБ за $577 млн. Тады ж Коган прадаў структурам «Газпрама» кантрольны пакет акцый футбольнага клуба «Зеніт». Пасля ўсіх гэтых здзелак бізнесмен сышоў працаваць ва ўладу. З 2005 па 2011 год ён курыраваў будаўніцтва ахоўных збудаванняў ад паводкі ў Санкт-Пецярбургу ў структуры Расбуду і Міністэрства рэгіянальнага развіцця, у 2012 годзе - з ліпеня па снежань - узначальваў Дзяржстрах і быў намеснікам міністра рэгіянальнага развіцця. З бізнесу ён не сыходзіў. У 2010 годзе структуры Когана выкупілі на прыватызацыйных таргах за 7,6 млрд рублёў аднаго з падрадчыкаў будаўніцтва маскоўскага метро - «Мосметрабуд», але неўзабаве актыў быў прададзены мэнэджэрам кампаніі.

Зараз Когану належыць набытая ў Алега Дзерыпаскі кампанія «Нафтагазіндустрыя» (асноўны актыў - Афіпскі НПЗ). Таксама Когана называлі прэтэндэнтам на куплю банка «Адраджэнне», пакета акцый Наварасейскага марскога гандлёвага порта і аэрапорта «Дамадзедава» (ні адна здзелка не адбылася). Крыніца, блізкая да бізнесмена, пацвердзіла Forbes, што ён вядзе актыўныя перамовы па куплі «Уралкалію» і ўжо блізкі да мэты.

Прадстаўнікі ўсіх астатніх удзельнікаў перамоваў, уключаючы Ашчадбанк і ВТБ, ад каментароў адмовіліся.

Іншымі буйнымі акцыянерамі «Уралкалію» цяпер з'яўляюцца партнёры Керымава - Анатоль Скураў (4,8%) і Філарэт Гальчаў (7%), яшчэ 12,5 % акцый кампаніі належыць афшору Wadge Holdings. Яго бенефіцыяры ўсё тыя ж Керымаў, Скураў і Гальчаў. Wadge Holdings у 2012 годзе выпусціла аблігацыі, канвертоўныя ў 12,5 % акцый «Уралкалію». Паперы тэрмінам да 2014 года былі выпушчаныя ў карысць кітайскага фонду Chengdong Investment Corporation. Па дадзеных некалькіх інвестбанкіраў, якія сочаць за «Уралкаліем», канвертацыя ўжо адбылася. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ў нядзелю ўвечары не ўдалося.

фота Арцёма Галашчапава для Forbes

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках