2 траўня 2024, Чацвер, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters пра Баўмгертнера: Ад калійнага верхавода да беларускага зняволенага

68
Reuters пра Баўмгертнера: Ад калійнага верхавода да беларускага зняволенага

Пра тое, у што абыходзяцца паездкі замежнікаў у Беларусь, піша агенцтва «Reuters».

Ва Уладзіслава Баўмгертнера добрая англійская, заходнія дыпломы па камерцыі і імклівая кар'ера, характэрная для маладой расейскай бізнес-эліты. Але цяпер босу самага буйнога ў свеце вытворцы калійных угнаенняў «Уралкалію» больш могуць спатрэбіцца савецкія навыкі выжывання, піша «Reuters» (пераклад - Inosmi.ru).

На працягу двух тыдняў 41-гадовы Баўмгертнер змяшчаецца ў золкай камеры беларускай турмы сталінскай пабудовы. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і пошуку выгады ў шкоду Беларусі падчас знаходжання на пасадзе старшыні «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), якая да мінулага месяца кантралявала экспарт расейскіх і беларускіх угнаенняў.

Беларусь даўно ўжо праяўляе незадаволенасць, лічачы, што «Уралкалій» яшчэ хацеў ажыццявіць паглынанне яе ўласнага вытворцы ўгнаенняў кампаніі «Беларуськалій». Менск абурыўся, калі «Уралкалій» у мінулым месяцы раптам выйшаў са складу БКК, мабыць, маючы намер весці палітыку зніжэння коштаў. Тым самым ён нанёс удар па беларускай крыніцы атрымання цвёрдай валюты і прычыніў шкоду і без таго няўстойлівай эканоміцы гэтай краіны.

Следчы камітэт Беларусі не дае ніякіх падрабязнасцяў аб ходзе расследавання і па сутнасці вылучаных абвінавачванняў, хоць у момант арышту Баўмгертнера ён сцвярджаў, што расейскі бізнесмен і іншыя асобы са складу БКК падавалі некаторым пакупнікам зніжкі на сваю прадукцыю, не ставячы пры гэтым у вядомасць беларусаў. Яны мянялі маршруты судоў і адпраўлялі прадукцыю «Уралкалію» замест «Беларуськалію», а таксама адмянялі некаторыя кантракты БКК, абяцаючы наўзамен сваім партнёрам альтэрнатыўную прадукцыю «Уралкалію» па больш нізкіх коштах.

«Уралкалій» адмаўляе любыя парушэнні, а раней ён заяўляў пра тое, што ва Уладзіслава Баўмгертнера няма тых паўнамоцтваў, якімі ён, згодна з заявамі беларускіх уладаў, злоўжываў.

З аэрапорта ў кайданках

Баўмгертнер прыехаў у Беларусь на перамовы праз менш чым месяц пасля выхаду з БКК. Калі ён ляцеў з Менска 26 жніўня, на яго ў сталічным аэрапорце надзелі кайданкі, шпурнуўшы у самае пекла жорсткай баталіі паміж Масквой і Менскам.

У Беларусь Баўмгертнера запрасіў прэм'ер-міністр краіны. Запрашэнне таксама атрымалі былы кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі, старшыня саветаў дырэктараў «Уралкалію» Аляксандр Валошын і галоўны акцыянер кампаніі Сулейман Керымаў. Але паехаў туды адзін Баўмгертнер.

Яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары беларускага КДБ, які мясцовыя жыхары называюць «амерыканкай», мабыць, праводзячы аналогіі з турмой Чыкага. Ён папрасіў перадаць яму некаторыя лекі, а таксама кнігу Талстога «Ганна Карэніна». З гэтым класічным творам бізнесмен будзе бавіць доўгія турэмныя дні. Для далікатнага і хударлявага Баўмгертнера турэмныя ўмовы могуць апынуцца суровымі. Беларускі палітык і лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў у Амерыканцы 108 дзён за ўдзел у пратэстах пасля перавыбрання ў 2010 годзе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле яго слоў, тамтэйшыя камеры, самая вялікая з якіх мае памер 2,5 на 5 метраў, цёмныя, шэрыя, сырыя і змрочныя. Усе яны перапоўненыя людзьмі. Разам з Лябедзькам у камеры на 4 чалавекі знаходзілася шасцёра зняволеных, і тэмпература там звычайна не падымалася вышэй за 14 градусаў Цэльсія. «Ёсць шмат спосабаў для нагнятання ціску. Калі вы не падрыхтаваныя, калі вы фізічна не гатовыя да ўмоваў, якія далёка не камфортныя, то вам там будзе вельмі цяжка», - сказаў ён. Зняволеных двойчы ў дзень выводзяць у туалет, хоць, па словах Лябедзькі, у турме маюцца і «VIP-камеры» з туалетамі. Баўмгертнер не першы высокапастаўлены расейскі бізнесмен, які апынуўся за кратамі. Аднак, як кажуць яго канкурэнты і сябры, арышт і заключэнне сталі для яго і для яго атачэння магутным узрушэннем. «Савет дырэктараў быў праінфармаваны аб гэтай гісторыі, пра цяжкасці відавочнага разыходжанні мэтаў (паміж партнёрамі па картэлі), якія ўсё больш узмацняліся», - заявіў намеснік старшыні савета дырэктараў «Уралкалію» Роберт Маргетс (Robert Margetts). «Вядома, мы шмат часу прысвяцілі вывучэнню камерцыйных і фінансавых рызык, а таксама наступстваў (выхаду з БКК). Але павінен сказаць, што такога павароту я не чакаў».

Жыватворныя перамены

Па агульным меркаванні, Баўмгертнер мяккі кіраўнік, чалавек жыццярадасны, які мае вялікае самавалоданне. Супернікі і калегі называюць яго настойлівым і метадычным перамоўшчыкам, чый падыход да персаналу і публікі радыкальна адрозніваецца ад яго папярэднікаў, якія вучыліся ў СССР. «Гэта чалавек слова, што ў нашы часы з'ява рэдкая», - заявіў былы генеральны дырэктар расейскай кампаніі па вытворчасці ўгнаенняў «ФосАгра» Максім Волкаў.

Баўмгертнер, які працаваў у сферы энергетыкі, а пазней вучыўся ў Лондане, прыйшоў у кампанію «Уралкалій» у 2003 годзе на пасаду камерцыйнага дырэктара. У 2005 годзе ён стаў прэзідэнтам кампаніі.

У 2010 годзе Баўмгертнер пакінуў свой ​​пост, калі яго панізілі ў пасадзе былыя ўладальнікі кампаніі, стаўшы гендырэктарам іншай фірмы па вытворчасці ўгнаенняў «Сільвініт». Калі «Уралкалій» у 2011 годзе купіў «Сільвініт», ён пры падтрымцы ключавога акцыянера Керымава вярнуўся ў кампанію.

Кажуць, што Баўмгертнер стварыў маладую і амбіцыйную каманду кіраўнікоў. Яго хваляць за эфектыўнасць, што, мабыць, з'яўляецца вынікам інжынернай адукацыі. У краіне, дзе навіны часцяком замоўчваюцца, ён адрозніваецца імкненнем да адкрытасці. Так было ў 2006 годзе падчас затаплення шахты на Урале, і калі ў гарняцім горадзе Бярэзнікі з'явіліся буйныя карставыя правалы.

«Уладзіслаў на пасадзе гендырэктара, насуперак імкненню некаторых людзей з «Уралкалію» не афішаваць гэтую справу, адкрыў усе дзверы, запрасіў для аказання дапамогі лепшых кансультантаў з усяго свету і нават не спрабаваў схаваць гэтыя праблемы ад грамадства», - заявіў генеральны дырэктар нямецкай праектнай і кансалтынгавай фірмы Ercosplan, якая працуе ў галіне калійных угнаенняў, Генры Рауш (Henry Rauche ).

«Ён унёс жыватворныя перамены ў расейскую галіну вытворчасці калійных угнаенняў пасля савецкага стылю кіраўніцтва».

Пасля арышту Баўмгертнер не з'яўляўся на публіцы. Яго ніхто не змог сфатаграфаваць.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках