2 траўня 2024, Чацвер, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лемантар 1631 года прэзэнтавалі ў Оршы

28
Лемантар 1631 года прэзэнтавалі ў Оршы

Знакаміты «Буквар» Спірыдона Собаля была прэзэнтаваны ў Оршы, дзе закончыўся тыднёвы фэст «Беларусь праваслаўная».

«Буквар» быў надрукаваны ў вядомай Куцеінскай друкарні. Над поўным факсімільным узнаўленне гэтага выдання доўгі час працаваў Беларускі экзархат. А супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук распрацавалі спецыяльны камэнтар да «Буквара», у якім растлумачылі для ўсіх зацікаўленых, у чым яго вартасць, і якія яго асаблівасці, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Вонкава прэзэнтаваны ў Оршы «Буквар» цалкам адпавядае арыгіналу: ён маленькі - памерам з далонь, мае скураны пераплёт і выраблены на адмысловай паперы.

У музэйным комплексе гісторыі і культуры Аршанскага краю даўно прыглядаліся да «Буквара» Собаля. Больш за тое, падобныя да гэтага выдання паасобнікі былі на захоўванні ў фондзе, аднак яны хоць і былі падобныя да тога самага «Буквара», але з'яўляліся ўсяго толькі муляжом, а не дакладнай яго копіяй, прэзэнтаванай цяпер.

«Буквар» з'яўляецца самай вядомай з старажытных часоў аршанскай кнігай. Поўная яе назва «Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати. У Куцейне ізобразілся у тіпографіі Спірыдона Собаля. Року 1631». Назву кнігі па ўскрайках старонкі аблямоўвае арнамэнт.

«Буквар» Собаля з'яўляўся сапраўдным падручнікам, на якім вучыліся пісьму нашы продкі. У яго ўваходзіў стараславянскі алфавіт, прыгожа надрукаваны ў звычайным і зваротным парадку, на «Буквары» яго чытачы навучаліся правільнай пастаноўцы нацiскаў, знакам прыпынку, скланенню назоўнікаў і прыметнікаў. А для вельмі "прасунутых" там былі выкладзены нават асновы мастацтва вершаскладання. На першых і апошніх старонках «Буквара» былі надрукаваныя праваслаўныя малітвы - тыя, з якіх, на думку яго стваральнікаў, павінна пачынацца і якім мусіць заканчвацца ўсякае вучэнне. У Куцеінскага «Буквара» было блізу 80 старонак.

Выстаўленне «Буквара» XVII стагоддзя для нашых сучаснікаў - не першы праект, арганізаваны супольна экзархатам, НАН РБ і міжнародным дабрачынным фондам «Сям'я - яднанне - бацькаўшчына». Раней дзякуючы іх супольным намаганням беларусы змаглі ўбачыць Полацкае Евангелле і Слуцкае Евангелле, а таксама жыццяпіс прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Куцеінская друкарня, у якой некалі быў надрукаваны «Буквар», працавала пад Воршай - менавіта гэты факт тлумачыць асаблівую цікавасць аршанцаў да гэтай рэліквіі. Аднак склалася так, што праз стагоддзі ацалела толькі адна копія «Буквара», і захоўваецца яна зусім не ў Беларусі, а ў Нацыянальным музеі г.Львова (Украіна). На працягу некалькіх гадоў беларусы вялі перамовы з украінцамі аб магчымасці атрымаць фотакопіі яго старонак і стварыць яго поўны арыгінал у сябе на радзіме. Здолелі!

Прэзентацыя «Буквара» Спірыдона Собаля адбылася ў рамках фэсту «Беларусь праваслаўная», які прайшоў у Оршы 10 кастрычніка. А яшчэ на працягу тыдня, з 2 да 10 кастрычніка, там жа, на Аршаншчыне, праходзіў фэст праваслаўнай культуры «Скарб».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках