3 траўня 2024, Пятніца, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

30 «зялёных чалавечкаў» спрабавалі трапіць у Малдову

7
30 «зялёных чалавечкаў» спрабавалі трапіць у Малдову

За апошнія два месяцы малдоўскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну блізу 30 расейскіх вайскоўцаў.

Факт адмовы ва ўездзе на тэрыторыю непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі "падазроным асобам" быў пацверджаны дарадцам малдаўскага прэзідэнта ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аляксеем Барбэнягрэ. Паводле ягоных слоў, ёсць падазрэнні, што асобы, якія спрабавалі перасекчы мяжу Малдовы, з'яўляюцца вайскоўцамі, перадае Deutsche Welle.

Яны планавалі ўехаць у краіну праз міжнародны аэрапорт у Кішынёве, у чым ім было адмоўлена. "Яны не выканалі ўмовы, патрэбныя для знаходжання на тэрыторыі Малдовы", - растлумачыў Барбэнягрэ, тым не менш не падаўшы драбніц, якія тычацца нацыянальнасці гэтых грамадзян. Праз падвышаную рызыку Найвышэйшая рада бяспекі Малдовы прыняла пастанову стварыць адмысловае падраздзяленне, дадаў Барбэнягрэ.

Асцярожна дабраныя словы дарадцы прэзідэнта не могуць, тым не менш, схаваць напружанай сітуацыі ў краіне. Мясцовыя СМІ правялі ўласнае расследаванне і высветлілі, што ў сітуацыі з тымі, каму забаранілі ўезд на тэрыторыю краіны, гаворка ідзе аб расейскіх вайскоўцах. Малдоўскі віцэ-прэм'ер Яўген Карпаў у сваім выступе таксама адзначыў, што, паводле ягоных звестак, ва ўездзе было адмоўлена расейскім вайскоўцам, канцавы пункт якіх - непрызнаная рэспубліка Прыднястроўе. Са слоў Карпава, яны замоўчвалі пра сапраўдную прычыну іхняга візіту. І такіх выпадкаў, дадаў віцэ-прэм'ер, апошнім часам стала больш.

Улады моцна ўстурбаваныя тым, што крымскі і ўсходнеўкраінскі сцэнар будзе паўтораны і ў суседняй Малдове.

Заява расейскага віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Рагозіна гэтыя асцярогі толькі ўзмацняе. У выпадку збройнага канфлікту, як ва Украіне, Расея, "без сумневу", зробіць дзейсныя захады, каб абараніць сваіх грамадзян, што жывуць на тэрыторыі Малдовы, адзначыў Рагозін.

У Малдове жыве блізу чатырох мільёнаў чалавек, 6 адсоткаў з якіх належаць да расейскамоўнай меншасці. У Прыднястроўі, якое на пачатку 90-х адасобілася ад Рэспублікі Малдова, жыве вялікая колькасць расейскамоўнага насельніцтва. Падчас украінскага крызісу самаабвешчаны ўрад непрызнанай рэспублікі Прыднястроўе ўнёс прапанову аб далучэнні да Расейскай Федэрацыі. Масква, аднак, просьбу не задаволіла.

У Прыднястроўі незаконна базуецца блізу 1500 расейскіх жаўнераў на падставе таго, што яны павінны ахоўваць склады зброі, якія засталіся з савецкіх часоў. Расея раней узяла на сябе абавязанні вывесці да 2002 года з тэрыторыі краіны свае войскі, але на сённяшні момант гэта абяцанне не выкананае. На апошнім пленарным пасяджэнні Генасамблеі ААН малдоўская міністарка замежных спраў Наталля Герман чарговым разам заклікала Расею да выканання абавязанняў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках