4 траўня 2024, Субота, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Будучыня беларускай мовы звязаная з народам, а не з уладамі

15
Вінцук Вячорка: Будучыня беларускай мовы звязаная з народам, а не з уладамі

12 кастрычніка ў Гомелі прайшла «Моўная сустрэча» з Вінцуком Вячоркам.

«Моўныя сустрэчы» - гэта размовы зацікаўленых у беларушчыне, практычная майстэрня, дзе разам шукаюць адказы тыя, хто вяртае беларускую мову ў гарадское жыццё. У гэты раз на сустрэчы былі разгледжаныя пытанні, як беларусіфікаваць тэрміналогію, прынамсі, банкаўскую, якія дзеепрыслоўі і дзеясловы ўласцівыя роднай мове, якія формы лепш выкарыстаць пры звароце да іншых асобаў, піша БелаПАН.

Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы кампаніі Асамблеі дэмакратычных грамадскіх арганізацый «Зробім лепш!» сумесна з Гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыяй «Талака».

Мовазнаўца і палітык пракаментаваў нядаўнія выказванні Лукашэнкі пра тое, што, «можа, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай».

Вінцук Вячорка мяркуе, што яны маюць двух адрасатаў: Уладзіміра Пуціна і беларускую інтэлігенцыю. «Лукашэнка перыядычна пасылае Пуціну або яго аналітыкам такія намёкі, што, маўляў, калі што - тут можа пачацца хваля нацыянальнага адраджэння і Пуціну тут мала што будзе свяціць, у сэнсе далейшага - хоць куды ўжо далей! - Умацавання пазіцый Расеі. І таму яго, Лукашэнку, як надзейнага гаранта расейскіх інтарэсаў, які надзейна стрымлівае нацыяналістычную небяспеку, Пуцін павінен падкормліваць: даваць зніжкі на нафту, газ і гэтак далей. І дарэчы, гэтую ідэю ён прадае ўжо не першы год і не першы раз», - растлумачыў суразмоўца.

Другі адрасат выказванняў пра мову - беларуская інтэлігенцыя, якая вельмі хоча спадзявацца, што раптам улада ўсведамляе, што незалежнасць не выратуеш без адраджэння. «Але ўвесці ў школе гадзіну беларускай мовы цаной ангельскай - абсалютна шкодная, калі не сказаць - правакацыйная прапанова, бо гэта выкліча неразуменне і абурэнне ў бацькоў, якія хочуць, каб іх дзецям адкрываўся свет праз ангельскую мову», - мяркуе мовазнаўца.

Ён мяркуе, што калі б кіраўніцтва дзяржавы сапраўды захацела адраджэння статусу беларускай мовы, то былі б адкрытыя гімназіі і ліцэі з выкладаннем па-беларуску, родная мова вярнуўся б у вышэйшую школу, што развязала б абсалютная большасць праблем прэстыжнасці беларускай мовы. Паводле стану на мінулы навучальны год толькі 0,9% студэнтаў атрымлівалі адукацыю па-беларуску, а ў гэтым годзе адсотак будзе меншы, з улікам скарачэння набору на філфак. «Таму такія заявы Лукашэнкі - паказуха. Дваццацігадовы тэрмін яго кіраўніцтва пераканаўча засведчыў, што так дрэнна з беларускай мовай, як цяпер, не было нават у апошнія гады камуністычнай улады», - дадаў Вячорка.

Аптымізму ў сувязі з моўнай праблемай яму надаюць моладзевыя праекты і ініцыятывы, напрыклад. розныя моўныя курсы і шоў, папулярныя цяпер у Менску. «Моўныя курсы робяцца моладдзю, для моладзі, паводле моладзевых канонаў і новых навыкаў інтэрнэт-культуры, і для іх гэта сваё, чым і тлумачыцца колькасны феномен. І вось гэта выдатна. Гэта азначае, што будучыня ў нас ёсць, але будучыня звязана з народам, а не з дзяржаўным кіраўніцтвам», - падкрэсліў мовазнаўца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках