5 траўня 2024, Нядзеля, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пазбаўляюцца ад расейскіх рублёў

10
Беларусы пазбаўляюцца ад расейскіх рублёў

Дэвальвацыя расейскага рубля змушае беларусаў пазбаўляцца ад гэтай валюты.

Тыя, хто ездзіць у Расею на заробкі і вязе назад у Беларусь расейскія рублі, імкнуцца цяпер мяняць іх на больш цвёрдую валюту. Ды і самі расейцы адчулі пагрозу свайму бюджэту - у выглядзе росту коштаў на паліва, харчовыя і прамысловыя тавары, паведамляе «Радыё Свабода».

52-гадовы гамяльчанін Рыгор кажа, што навучыўся зарабляць грошы і ў Беларусі, і ў Расеі. У суседняй дзяржаве нават больш, таму што ёсць шмат шанцаў атрымаць прыстойную зарплату і на будоўлі, і ў прадпрымальніцкай сферы. Але захоўваць зберажэнні ў расейскіх рублях Рыгор і не думае. Таму і прыйшоў на Прывакзальную плошчу да валютнага абменніка.

«Я таксама толькі што памяняў - памяняў на даляры. Лепш у далярах, хоць і кажуць, што і даляр падае. Але Амерыка была, ёсць і будзе - колькі б мне ні балакалі на гэты конт. Мне так здаецца. Еўра - гэта такая несур'ёзная валюта», - кажа ён.

Суразмоўца не вельмі хоча захоўваць зберажэнні і ў беларускай нацыянальнай валюце, па ўкладах якой банкі абяцаюць вялікія адсоткі.

«На беларускія - не. Гэта нарыў. Сорак працэнтаў гадавых - гэты нарыў лопне рана ці позна», - распавёў Рыгор.

Іншыя гамельчукі, наадварот, імкнуцца абмяняць расейскія рублі менавіта на беларускія. Прынамсі, так паступіў малады гараджанін, якія збываў у абменніку расейскія грошы.

Пазбаўляюцца ад расейскай валюты і прадпрымальнікі, нягледзячы на тое, што ім прыходзіцца часам ездзіць за пакупкамі ў суседнюю Расею. Пра гэта кажа індывідуальная прадпрымальніца Аксана.

«Пазбаўляцца, мяняюць на даляры - і ўсё. Сказаць, каб хтосьці хваляваўся з нагоды закупак і што інфляцыя ў Расеі адаб'ецца на закупках, - гэтага няма, паверце мне. Над намі, як меч, вісіць 20 адсоткаў падатку на новы тавар. І ў сувязі з тым, што мала людзей купляюць тавар у нас як у індывідуальных прадпрымальнікаў, мы імкнемся не рабіць новых закупак», - кажа яна.

У банках новую сітуацыю з валютай суседняй дзяржавы імкнуцца не каментаваць. Супрацоўнік «Белінвестбанка», у прыватнасці, заявіў толькі, што расейскія рублі ў Гомелі здаюць заўсёды, і тым больш цяпер, калі расейскі рубель моцна патаннеў: «Што я вам магу сказаць - расейскі рубель заўсёды здаюць. Пастойце і паглядзіце, колькі людзей здаюць».

Самі расейцы, якія прыязджаюць у Гомель купляць беларускія прадукты і некаторыя прамысловыя тавары, распавядаюць, што адчулі на сабе і сваіх грошах уведзеныя супраць Расеі санкцыі ў сувязі з анэксіяй Крыма і падтрымкай сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны. Пра гэта, у прыватнасці, кажа Таццяна з расейскага Новазыбкова, якая прыехала за пакупкі ў гомельскі «Еўраопт» з мужам і дачкой.

«У нас кошты ў сувязі з увядзеннем эмбарга зрабіліся вышэйшыя - зраўняліся з вашымі у сярэднім, - кажа яна. - Курс абменны таксама ўпаў, ніжэйшы стаў і менш выгадны. Усё даражэе, вядома. Прыйдзецца эканоміць, не так марнаваць, як мы раней трацілі больш свабодна. Але мы любім беларускія прадукты - і малочныя, і каўбасныя вырабы, таму і прыязджаем. Прыбыткова? Не, ужо ніякага прыбытку не маем».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках