5 траўня 2024, Нядзеля, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем фактаў пра футбольную бітву Беларусь-Украіна

7
Сем фактаў пра футбольную бітву Беларусь-Украіна

Матч нацыянальных камандаў Беларусі і Украіны адбудзецца сёння на «Барысаў-Арэне».

Пачатак а 21.45 паводле беларускага часу.

Апошнія падзеі ў суседняй краіне ўжо наклалі адбітак на гэты двубой, піша «Салiдарнасць».

Лідэра беларускага ультрас-руху затрымалі напярэдадні матчу

Актывіст беларускага футбольнага ультрас-руху Яўген Адзярыха быў затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне. Маладзён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул.Акрэсціна з 6 кастрычніка. 13 кастрычніка ён будзе вызвалены. Са слоў фанатаў, Яўген быў затрыманы, знаходзячыся ў сябе дома. Яму былі выстаўленыя абвінавачванні ў «нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні праваахоўным органам» (артыкул 17.1. КоАП РБ). Фанаты сцвярджаюць, што Адзярыха не адзіны сябра іхнай арганізацыі, хто быў затрыманы міліцыяй.

На мінулым тыдні з'явілася паведамленне аб тым, што беларускія ультрас мерацца правесці пэрформанс салідарнасці з Украінай падчас сустрэчы паміж дзвюма нацыянальнымі камандамі. Фанаты заявілі, што іхныя дзеянні не будуць мець палітычнага падтэксту. Самастойна вырабленым банэрам яны меліся «падтрымаць украінцаў, прадэманстраваць сваю салідарнасць» у святле апошніх падзей, якія адбыліся ў суседняй дзяржаве. Ультрас таксама паведамілі, што з праваахоўнымі органамі банэр быў узгоднены.

Да будучага матчу з украінскай камандай ультрас таксама падрыхтавалі партыю стыкераў і магнітаў з выявамі украінскага «трызуба» і беларускай «Пагоні». Гэтыя сувеніры размеркавалі праз фанацкую супольнасць «Вконтакте» і раздалі людзям з усёй Беларусі.

Фанатам каманды Украіны на беларускай мяжы забараняюць уезд у Беларусь

Матч у Барысаве можа прайсці без шматлікіх украінскіх заўзятараў, якім супрацоўнікі Дзяржпамежкамітэта засланілі ўезд у нашу краіну.

Са слоў украінскіх фанатаў, у выпадку, калі пры пераездзе мяжы на пытанне пра мэту знаходжання яны адказваюць, што маюцца наведаць футбольны матч нацыянальнай каманды ў горадзе Барысаве, то атрымліваюць у свой пашпарт штамп аб забароне ўезду.

Фота пашпартоў з такімі штампамі ўжо апублікаваныя ў групе беларускіх ультрас у «Вконтакте». Футбольныя фанаты распаўсюджваюць параду называць на беларускіх памежных пераходах іншыя мэты візіту.

У сваю чаргу ў Дзяржпамежкамітэце Беларусі заявілі, што некалькім украінскім заўзятарам забаранілі ўезд у Беларусь. «Грамадзяне стаяць на ўліку ва ўнутраных органах Украіны як парушальнікі грамадскага парадку. Такіх несумленных заўзятараў не пусцяць ні ў якую краіну», - растлумачылі ў памежнай установе.

Лідэр нашай каманды падкрэсліў, што Беларусь не мае дачынення да канфлікту ва Украіне

Паўабаронца «Растова» і найлепшы футбаліст Беларусі-2013 Цімафей Калачоў выказаў «Прессболу» сваё меркаванне аб сітуацыі ва Украіне.

«Вядома, вусцішна, калі такое адбываецца. Разам з тым не думаю, што гэта сур'ёзна адаб'ецца на футболе. Беларусь не мае дачынення да канфлікту. Таму ўкраінцы не будуць паводзіцца і настройвацца неяк асабліва».

Лідэр украінскай каманды хоча прысвяціць перамогу над Беларуссю змагарам на фронце

Адзін іл лідэраў спаборніка Яўген Канаплянка заявіў афіцыйнаму сайту Федэрацыі футбола Украіны:

«Мы хочам перамагчы заўтра, каб прысвяціць гэтую перамогу нашым заўзятарам і хлопцам, якія змагаюцца на ўсходзе нашай краіны. Таму заўтра аддамо на полі ўсе сілы для дасягнення такога выніку».

Sport.ua сцвярджае, што Глеб адлучаны ад каманды Беларусі за парушэнне дысцыпліны

Крыніца, блізкая да трэнерскага штаба нацыянальнай камандай Беларусі ў футболе, распавяла sport.ua аб прычынах, якія падахвоцілі настаўніка каманды Георгія Кандрацьева не запрасіць на хатнія кастрычніцкія матчы Аляксандра Глеба.

«Тут гаворка нават не пра канфлікт гульца і трэнера - Глеб проста не пакінуў Кандрацьеву выбару. Што рабіць галоўнаму трэнеру каманды, калі выкліканы ім футбаліст жыве асобным жыццём ад калектыву? Захоча - прыедзе на базу, захоча - з'едзе бавіцца. Прычым, не магу сказаць, што не абыходзіцца без алкаголю. Наяўнасць такога футбаліста ў камандзе прычыняе ёй выяўную шкоду, разбурае атмасфэру ўнутры калектыву», - інфармуе крыніца.

У стырнавога каманды Беларусі напярэдадні матчу былі праблемы са здароўем

Былы гулец кіеўскага «Дынама» Аляксандр Хацкевіч распавёў рэсурсу «Сегодня», што галоўны трэнер камандай Беларусі Георгій Кандрацьеў апынуўся ў шпіталі пасля матчу кваліфікацыі Еўра-2016 супраць Люксэмбурга (1: 1).

«У Беларусі ў мяне бацькі жывуць разам з ім у адным доме. У Георгія сабака, ён часта з ім шпацыруе. Часам нашы шляхі супадаюць. Досыць спакойны чалавек, але вельмі моцна перажывае крытыку заўзятараў і журналістаў. Пасля нічыёй з Люксэмбургам нават у лякарні апынуўся, узняўся ціск - блізка да сэрца ўсе прыняў», - распавёў Аляксандр Хацкевіч.

Букмекеры аддаюць мінімальную перавагу гасцям

Букмекеры за дзень да сустрэчы Беларусь - Украіна назвалі фаварыта матча кваліфікацыі Еўра-2016.

Кампанія William Hill дае каэфіцыент 2,3 на перамогу каманды Украіны. На нічыю - 3,1, а на перамогу падапечных Георгія Кандрацьева - 3,3.

Bwin на перамогу ўкраінскай каманды выставіў каэфіцыент 2,25. Нічыя або перамога Беларусі каціруецца з каэфіцыентам 3,2.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках