2 траўня 2024, Чацвер, 19:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэмію Сахарава ўручылі лекару з Конга

Прэмію Сахарава ўручылі лекару з Конга

Прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2014 уручаная кангалезскаму гінеколагу Дэні Муквеге.

Цырымонія ўручэння адбылася ў сераду на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу, піша «Інтэрфакс».

Дэні Муквеге - заснавальнік лякарні Панцы ў горадзе Букаву. Ён спецыялізуецца на медыцынскай і псіхалагічнай дапамозе жанчынам, якія пацярпелі ў выніку згвалтаванняў з боку паўстанцаў і вайскоўцаў.

Месяц таму на нарадзе кіраўнікоў фракцый Еўрапарламента ён быў абраны з тройкі фіналістаў, у якую ўваходзілі таксама ўкраінскі рух «Еўрамайдан» і азербайджанская праваабаронца Лэйла Юнус.

Еўрапарламент не толькі аддаў належнае заслугам доктара Дэні Муквеге ў абароне правоў чалавека, перш за ўсё жанчын, але і асабліва адзначыў дзейнасць руху «Еўрамайдан», прадстаўнікі якога былі запрошаныя на цырымонію ўручэння прэміі ў якасці ганаровых гасцей. Са слоў старшыні Еўрапарламента Марціна Шульца, яны «рызыкавалі жыццём за свабоду радзімы, выйшлі на вуліцы, каб краіна была свабоднай».

У зале Еўрапарламента была таксама дачка Лэйлы Юнус. Кіраўнік Еўрапарламента ў сваім выступе запатрабаваў ад азербайджанскага ўрада неадкладна вызваліць праваабаронцу, якая знаходзіцца ў турме і здароўе якой падарванае. Ён выказаў пратэст уладам Азербайджана, якія не далі згоды на прыезд у краіну дэлегацыі Еўрапарламента, якой было даручана сустрэцца з Лейлай Юнус.

Прэмія імя Андрэя Сахарава ўручаецца з 1988 года за дасягненні ў галіне абароны правоў і асноўных свабод чалавека, развіцця дэмакратыі і адстойвання вяршэнства закона, павагі да міжнароднага заканадаўства і абароны правоў меншасцяў. У 2004 годзе на яе вылучаўся беларускі рух супраціву «Зубр», а прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў. У 2006 годзе яе лаўрэатам стаў Аляксандр Мілінкевіч.

Фота: AP/Christian Lutz

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках