27 красавiка 2024, Субота, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэры Менска ад Ярмошына да Ладуцькі: хто чым запомніўся

18

Урокі, якія можа атрымаць новы старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац з біяграфій сваіх папярэднікаў.

«Можа быць, Ладуцька ўжо стаміўся там?»

Мікалай Ладуцька, адпраўлены ў адстаўку 6 лістапада, час ад часу трапляў пад гарачую руку начальства: то Лукашэнка абвінаваціць у нізкіх аб'ёмах прыцягнення замежных інвестыцый, то Якабсон раскрытыкуе за непаспяховасць.

У красавіку Аляксандр Якабсон, які ўзначальваў у той час Камітэт дзяржкантролю, сказаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку змяніць стыль працы. Такое меркаванне Якабсон выказаў на нарадзе ў прэзідэнта.

Паводле слоў Якабсона, будаўніцтва сацыяльна значных аб'ектаў у Менску пастаянна суправаджае цэлы шлейф праблем. Гэта нестабільнае фінансаванне, непрадуманы выбар інвестараў, нездавальняючая арганізацыя будаўнічага працэсу з боку заказчыка і падрадчыка, зрыў тэрмінаў праектавання і будаўніцтва, неналежная якасць работ.

- Можа быць, Ладуцька ўжо стаміўся там? - заслухаўшы скаргі Якабсона, у адказ абурыўся Лукашэнка.

Якабсон адзначыў, што, на ягоную думку, старшыня Менгарвыканкама цалкам аддаецца справе, але яму неабходна змяніць стыль сваёй работы.

- Я яму гэта ўжо рэкамендаваў. Ён усё бярэ на сябе, не ўмеючы пераразмяркоўваць функцыі сярод сваіх падначаленых, і не паспявае, - заявіў галоўны кантралёр краіны.

Раней Ладуцьку дасталася на арэхі ад Лукашэнкі за валакіту і няўменне працаваць з інвестарамі пры будаўніцтве значных аб'ектаў.

Як і прагназавала «Салідарнасць», над менскім мэрам навіслі цёмныя хмары, і ў выніку ён паплаціўся пасадай.

Паўлаў згарэў на працы

Да Ладуцькі Менгарвыканкам на працягу дзевяці гадоў узначальваў ураджэнец Шклоўскага раёна Міхаіл Паўлаў.

Ён увайшоў у гісторыю, адправіўшы ў адстаўку гендырэктара агенцтва «Менск-Навіны», а таксама в.а. галоўнага рэдактара выдання «Менскі кур'ер», якія такім чынам расплаціліся за публікацыю ў газеце інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам і палітыкам Уладзімірам Парфяновічам.

Праглядаючы навіны перыяду праўлення Паўлава, «Салідарнасць» выявіла нататку 2006-га года «Паўлаву дасталася ад Сідорскага». Тагачаснага прэм'ер-міністра прывяло ў абурэнне памяншэнне колькасці квадратных метраў, запланаваных да пабудовы.

У гэтай сувязі Сідорскі папярэдзіў Паўлава аб няўхільнасці адплаты за зрыў планавых паказчыкаў.

- Калі ў вас не хапае ўласных сіл, то інвестары, якія гатовыя будаваць жыллё, сёння стаяць на парозе Менгарвыканкама, - гарачыўся кіраўнік урада.

Як бачым, праз восем гадоў мала што змянілася. Мікалаю Ладуцьку таксама даставалася за будаўніцтва і няўменне працаваць з інвестарамі.

...А 6 красавіка 2009 Паўлава з моцнымі галаўнымі болямі даставяць у шпіталь проста з працы. Пасля выдалення пухліны галаўнога мозгу і лячэння ў Ізраілі ён пражыве крыху больш за год. 6 чэрвеня 2010 года Міхаіл Паўлаў памёр. Яму было ўсяго 57 гадоў.

Ярмошын прасіў аб адстаўцы і сябраваў з апазіцыянерамі

З 1995-га па 2000-ы Менгарвыканкамам кіраваў Уладзімір Ярмошын.

Мабыць, самы красамоўны факт з ягонай біяграфіі - гэта заява аб адстаўцы на імя Лукашэнкі пасля трагедыі на Нямізе. Ярмошын быў адзіным чыноўнікам, які адважыўся на гэты крок, але ягоную адстаўку кіраўнік дзяржавы не прыняў.

Калі ягоная палітычная кар'ера скончылася, Уладзімір Ярмошын у інтэрв'ю «Прэсболу» прызнаўся, што страшней за ўсё яму было пасля катастрофы на Нямізе.

- Я і цяпер кожны год у канцы траўня пракручваю той дзень, разумею, што сітуацыю спрагназаваць было немагчыма. Аднак усё роўна дакараю сябе і цягну гэты груз па жыцці...

З пасады кіраўніка Менгарвыканкама Ярмошын узляціць у прэм'ер-міністры - праўда, толькі на год.

Не выключана, што менавіта жыццёвыя прынцыпы каштавалі яму месца ў вышэйшых эшалонах улады.

- Заўсёды быў абыякавы да кар'еры. Галоўнае ў жыцці - заставацца мужыком, - заявіў Ярмошын у тым жа інтэрв'ю.

І гэтыя словы ён не раз даводзіў на справе: падтрымліваў нядрэнныя адносіны з рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам («магу з ім сустрэцца, выпіць, пагаварыць») і вадзіў дружбу з апазіцыянерам Міхаілам Марынічам.

- Ну, а як мне яшчэ ставіцца да чалавека, разам з якім ў 1965 годзе я ў адной канаве працаваў?.. І калі мне казалі: маўляў, дарма ты з ім маеш зносіны - у шкоду сваёй кар'еры, заўсёды адказваў, што дружбу не прадаю. Кім я пасля гэтага буду?

Калі палітычная кар'ера Ярмошына закацілася, ён стаў запатрабаваны на рынку працы. Узначальваў прадстаўніцтва ААТ «Мабільныя ТэлеСістэмы» (Расея) у Беларусі. Займаўся бізнесам у Расеі. З 2012 года - дарадца беларуска-расейскага прадпрыемства «Знешэканомбуд».

У гэтым годзе Уладзіміру Ярмошыну спаўняецца 72 гады.

У метадах праўлення трох сталічных «мэраў» нямала агульнага

Вясной 2012 года Мікалай Ладуцька даручыў прыцягваць студэнтаў да будаўнічых прац з прычыны масавага адтоку будаўнікоў на заробкі ў Расею.

У 1995 годзе Уладзімір Ярмошын збіраў ДАІшнікаў, і яны яму дапамагалі рамантаваць дарогі.

І Ладуцьку, і Паўлаву даставалася за адны і тыя ж недасягальныя паказчыкі ў будаўніцтве і інвестыцыях.

Калі Андрэй Шорац вырашыць атрымаць урокі з біяграфій папярэднікаў, то выбар у яго невялікі: гарэць на працы, спрабуючы разбіцца ў аладку, але выканаць пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы, або захаваць здароўе і сысці з пасады.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках