10 траўня 2024, Пятніца, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гучная справа: вайсковы суддзя Юрый Тузаў заяўляе, што яго агаварылі

9
Гучная справа: вайсковы суддзя Юрый Тузаў заяўляе, што яго агаварылі

Былы намеснік старшыні Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў па-ранейшаму адмаўляе сваю віну.

Былы намеснік старшыні Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў, які абвінавачваецца ў атрыманні хабару праз пасярэдніка ад сям'і былога міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, былога дэпутата і сенатара Васіля Двараніновіча, па-ранейшаму адмаўляе сваю віну.

10 снежня падчас дачы паказанняў на працэсе ў Вярхоўным судзе Беларусі Тузаў заявіў, што яго агаварылі фігуранты справы, якія далі супраць яго паказанні. Ніякіх грошай ён ні ад каго не атрымліваў і нікому нічога не вяртаў, пішуць «Беларускія навіны».

Нагадаем, паводле версіі следства, Юрый Тузаў, будучы намеснік старшыні БВС, ініцыяваў і падтрымаў перагляд i скасаванне 30 красавіка 2013 года прысуду суда першай інстанцыі ў справе, расследаванай, як затым выявілася, з парушэннямі, у дачыненні да Аляксандра Двараніновіча (сына былога буйнога чыноўніка), асуджанага да пазбаўлення волі і канфіскацыі маёмасці Берасцейскім міжгарнізонным вайсковым судом 14 сакавіка 2013.

З прапановай дапамагчы змякчыць асуджанаму пакаранне або вызваліць яго ад пакарання, што потым і адбылося, да Тузава звярнуўся пасярэднік Сяргей Шымчук, які ведаў Тузава праз вучобу на юрфаку БДУ, ад імя бацькоў асуджанага.

За свае паслугі Тузаў, як гаворыцца ў абвінавачванні, запатрабаваў спачатку 15 тыс. даляраў, а затым яшчэ 5 тыс. даляраў. Большую частку сумы вайсковы суддзя нібыта атрымаў у канцы красавіка 2013 пры сустрэчы з памагатым ў адной з вёсак Валожынскага раёна.

Меншая частка грошай, як стала вядома ў судзе, заставалася ў Шымчука, паколькі, з ягоных слоў, на перадачу гэтых грошай ад суддзі "распараджэння" не паступала.

Калі крымінальны пераслед Аляксандра Двараніновіча аднавіўся, ягоныя бацькі вырашылі, што трэба вярнуць грошы. Тузаў 15 тыс. даляраў, як прагучала ў судзе, аддаў былому буйному чыноўніку 31 студзеня 2014 года. Ужо на стадыі папярэдняга следства 5 тыс. даляраў у эквіваленце Шымчук пералічыў на рахунак Следчага камітэта.

У судзе Тузаў заявіў, што сустракаўся з Шымчуком пасля ягонага нечаканага з'яўлення вясной 2013 года некалькі разоў, і гэтыя сустрэчы не былі звязаныя з атрыманнем якіх-небудзь грошай. Больш за тое, сам Тузаў, які збіраўся звальняцца з вайсковай службы з прычыны стану здароўя, цікавіўся дапамогай у будучым працаўладкаваннi ў Шымчука, які працаваў гандлёвым прадстаўніком «Інкафуд».

Аперуючы датамі і паказаннямі сведак - былых работнікаў БВС, Тузаў спрабаваў запэўніць суд, што мерай планаванага пакарання сыну былога чыноўніка ў міжгарнізонным вайсковым судзе не цікавіўся, склад касацыйнай калегіі БВС вызначаў ягоны старшыня, і ўсе былі ўпэўненыя ў правільным скасаванні рашэння суда першай інстанцыі.

Юрый Тузаў распавёў, што Васіль Двараніновіч двойчы быў у яго на прыёме - у кастрычніку і снежні 2013 года. Прапаноўваў патэлефанаваць у міжгарнізонны суд, каб сыну пры паўторным разглядзе справы далі ўмоўную меру пакарання, пагражаў звальненнем, спрабаваў пагаварыць без сакратара, што падчас прыёму грамадзян немагчыма.

Потым, як адзначыў абвінавачаны, былы чыноўнік з'яўляўся «калі ўздумаецца». Тое, што адбывалася, ён называў «ціскам», «псіхічнай атакай», спробай усіх напалохаць, каб справу сына «спусцілі на тармазах».

15 лютага гэтага года, як распавёў Тузаў, Васіль Двараніновіч тэлефанаваў яму на мабільны тэлефон, нумар якога, як потым высветліў абвінавачваны, той атрымаў у высокага начальніка (ягонае прозвішча Тузаў называць не стаў), у якога кантакты «сціплага» вайсковага суддзі маглі быць у адным з даведнікаў.

Падзеі 31 студзеня, апісаныя Двараніновічам, ягонамі знаёмым і, са слоў Двараніновіча, былым пракурорскім работнікам з Пінска, якія тычацца нібыта вяртання Тузавым былому чыноўніку 15 тыс. даляраў, абвінавачаны назваў «псеўдавяртаннем». Ён кваліфікаваў дзеянні траіх сведак як «дзеянні прыватных асоб у фарміраванні абвінавачвання».

«Няма прадмета хабару. Няма прадмета, які змяшчае мой генатып. Гэта хабар на словах. Доказаў няма», - заявіў былы вайсковы суддзя.

Адказваючы на пытанне аб матывах другога абвінавачанага, які прызнаў атрыманне грошай ад Двараніновічаў і гаварыў аб перадачы іх вайсковаму суддзі, Тузаў патлумачыў ягоныя паводзіны супрацоўніцтвам са следствам, магчымасцю змяніць меру стрымання. Тузаў знаходзіцца пад вартай, Шымчук - пад падпіскай аб нявыездзе.

Суд задаволіў хадайніцтва абароны Тузава аб высвятленні абставін дня 31 студзеня 2014, калі, як сцвярджае Двараніновіч і ягоныя знаёмыя, вайсковы суддзя вярнуў атрыманыя раней 15 тыс. даляраў. Тузаў настойвае на тым, што ніякіх грошай ён ні ад каго не атрымліваў і нікому нічога не вяртаў, а 31 студзеня ён быў на працэсе аб справе апраўданага былога начальніка аддзела мытні «Заходні Буг».

Сёння ж пракурор Анатоль Мяцельскі, які падтрымлівае на працэсе дзяржабвінавачанне, папрасіў прызначыць у пасяджэнні перапынак. Гэта неабходна, каб падрыхтавацца да перавыстаўлення абвінавачвання Юрыю Тузаву і Сяргею Шымчуку.

Нагадаем, першапачаткова Тузаву было выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК, Шымчуку - ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК. Тузаў сваю віну не прызнаў ні падчас следства, ні ў судзе, Шымчук з абвінавачваннем пагадзіўся цалкам.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках