27 красавiка 2024, Субота, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы КДБ ксёндз Лазар служыць пад Івянцом

3
Затрыманы КДБ ксёндз Лазар служыць пад Івянцом

Святар, якога ў 2013 годзе шэсць месяцаў трымалі ў «амерыканцы» паводле шпіёнскага артыкула, пераведзены ў Валожынскі раён.

Пасля выхаду на волю Уладзіслаў Лазар некаторы час быў на рэабілітацыі. Цяпер ён атрымаў новае месца службы. Журналісты «Народнай волі» адшукалі яго ў сяле Камень пад Івянцом, піша «Наша Нiва».

Храм, у якім служыць Уладзіслаў Лазар, пабудавалі самі сяляне ў 1990-я гады на месцы спаленага ў час вайны драўлянага.

«Вось тут сцены трэба раўняць. У касцёле і ацяплення няма зусім. Трэба гэтае пытанне развязваць», - паказвае ён. Нягледзячы на будні дзень, у царкоўнай зале больш за 30 чалавек, пераважна жанчыны. Вакол касцёла плот, выкладзены з камянёў. Каб выратаваць гэтую прыгажосць, святар спілаваў велізарныя дрэвы. «Карані пачалі разбураць плот. А вось тут трэба будзе вясной араць, баранаваць, зраўняць паверхню, каб пасеяць газонную траву. Будзе вельмі прыгожа! Ну а з будынкам працы тут шмат. Трэба ж і сцены ўцяпліць, столь паправіць, падлогу, вокны, кацёл патрэбен, каб было цёпла. Усё гэта трэба будзе рабіць, як толькі надвор'е дазволіць. Вунь некаторыя матэрыялы ўжо закупленыя», - працягвае святар.

Планаў шмат. Нават у сваім доме гасцінны гаспадар паказаў, што і як будзе перароблена: «Вось у той частцы дома трэба будзе сцяну разбурыць і зрабіць залу для дзяцей. Будзе вельмі ўтульна і прыгожа. Гэтую печку трэба будзе разбурыць таксама, бо ад яе мала толку».

Уладзіслаў Лазар распавёў, што не збіраецца патрабаваць кампенсацыі за незаконны арышт.

«Забыць тое, што там было, я ніколі не змагу, а па кампенсацыю звяртацца не стану», - сказаў ён. На развітанне ксёндз адзначыў, што чытаў пра арышт журналіста Аляксандра Алесіна (на момант сустрэчы ён яшчэ не выйшаў на волю). «Самае важнае ў такой справе - гэта падтрымка. Я вельмі ўдзячны сваім родным, сябрам, усім тым людзям, якія за мяне маліліся і праяўлялі салідарнасць. Няхай Бог ім дапамагае», - сказаў святар.

Ксёндз з Барысава Уладзіслаў Лазар быў арыштаваны ў канцы траўня 2013 года. Святара абвінавачвалі ў перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы згодна з п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса ("здрада дзяржаве"). Яго крымінальная адказнасць вызначалася п. 6 арт. 16 КК («садзейнічанне ў злачынстве»), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Уладзіслава Лазара трымалі ў турме СІЗА КДБ у Мінску і вызвалілі 3 снежні пад падпіску аб нявыездзе. Ягоную справу ў суд так і не патрапіла.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках