1 траўня 2024, Серада, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швейцарыя ўзмоцніць кантроль над ФІФА і МАК

Швейцарыя ўзмоцніць кантроль над ФІФА і МАК

У Швейцарыі прыняты закон, накіраваны на ўзмацненне кантролю над 65 спартовымі арганізацыямі, якія заснаваныя ў краіне.

Сярод іх - ФІФА і Міжнародны алімпійскі камітэт, паведамляе BBC.

Закон прыняты ў рамках больш шырокага комплексу мер у барацьбе з адмываннем грошай.

У законе гаворыцца, прынамсі, што кіраўнік ФІФА Зэп Блатэр і іншыя кіраўнікі спартовых арганізацый, як, напрыклад, кіраўнік МАК Томас Бах, павінны разглядацца ў якасці "палітычна значных асоб".

Гэты тэрмін, прапанаваны міжурадавай Групай распрацоўкі фінансавых мер (FATF), прымяняецца да асоб, якія займаюць пасады, што могуць быць выкарыстаныя для адмывання грошай.

"Грамадскія арганізацыі"

Пашыраная рэдакцыя закона, які заснаваны на рэкамендацыях FATF, стала вядомая ў Швейцарыі пад назвай "закона ФІФА". Цяпер, пасля адабрэння парламентам, законапраект будзе накіраваны ў федэральны ўрад для ўключэння ў нарматыўныя акты дзяржавы.

Да гэтага часу міжнародныя спартовыя арганізацыі ў Швейцарыі кіраваліся як грамадскімі аб'яднаннямі, якім належалі падатковыя льготы, а швейцарскія законы супраць карупцыі на іх не распаўсюджваліся. Гэты прывілеяваны статус ставіў ФІФА, чыя выручка ў мінулым годзе склала 1,4 млрд даляраў, у адзін шэраг з невялікай грамадскай арганізацыяй. Новы закон дазволіць швейцарскім уладам праводзіць значна больш жорсткі кантроль у дачыненні да фінансавай дзейнасці спартовых арганізацый і іх кіраўнікоў. Гэтыя меры прынятыя на фоне сур'ёзнай крытыкі, якой падвергнулася ФІФА у сувязі з падазрэннямі ў карупцыі, якія ўзніклі паводле вынікаў конкурсу на правядзенне чэмпіянатаў свету ў футболе.

Даклад Гарсія

У верасні Майкл Гарсія, незалежны следчы ФІФА ў пытаннях спартовай этыкі, апублікаваў 430-старонкавы даклад з вынікамі расследавання абвінавачванняў у карупцыі, якое доўжылася два гады і суправаджала працэс адбору заявак на правядзенне чэмпіянатаў свету ў 2018 і 2022 гадах.

Пасля гэтага суддзя ў этычных пытаннях ФІФА Ханс-Ёахім Экерт заявіў, што даклад Гарсія не можа быць абнародаваны з юрыдычных меркаванняў, і апублікаваў свой уласны даклад, заснаваны на даследаваннях, праведзеных Гарсія, у якім з Расеі і Катара здымаліся падазрэнні ў злоўжываннях.

Гарсія ўжо падаў скаргу на факт публікацыі гэтага рэзюмэ ФІФА, заявіўшы, што высновы і некаторыя з фактаў, выкладзеныя ў ім, з'яўляюцца памылковымі.

На наступным тыдні ФІФА прыме на сваім пасяджэнні ў Маракешы ў Марока пастанову аб тым, ці дазваляць публікацыю адрэдагаванай версіі дакладу Гарсія.

Вядомы ў Швейцарыі парламентарый Роланд Бюхель, які прадстаўляе кансерватыўную Народную партыю, на працягу чатырох гадоў дамагаўся прыняцця новых законаў, якія ставяць пад дзяржаўны кантроль міжнародныя спартовыя арганізацыі.

З ягоных слоў, яго трывожыць тое, што негатыўныя водгукі аб гэтых арганізацыях наносяць шкоду рэпутацыі Швейцарыі за мяжой.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках