30 красавiка 2024, aўторак, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура: За здзекі з жывёлаў патрэбная крымінальная адказнасць

16
Генпракуратура: За здзекі з жывёлаў патрэбная крымінальная адказнасць

Зоаабаронцы атрымалі адказ з Генеральнай пракуратуры.

Жорсткае абыходжанне з жывёламі, згодна з Генеральнай пракуратурай, «робіць замах на грамадскую маральнасць і прычыняе значны ўрон інтарэсам, якія ахоўваюцца крымінальным законам». Так гаворыцца ў адказе Генпракуратуры на зварот абаронцаў жывёл, перадае «БелсатТВ».

Звароты на адрас Генеральнай пракуратуры на працягу месяца дасылалі грамадзяне праз рэсурс zvarot.by. Усяго было адпраўлена 820 зваротаў. Складальнікі дакумента прапаноўвалі ўвесці крымінальнае пакаранне за здзекі з жывёлаў.

У адказе гаворыцца, што Генпракуратура падтрымлівае гэтыя прапановы.

«Істотна, што гаворка ідзе не толькі пра ўзмацненне адказнасці да крымінальнай, але і пра тое, каб зрабіць адміністрацыйную адказнасць больш дзейснай і эфектыўнай», - каментуе адказ юрыст Юрый Чавусаў.

Ініцыятары кампаніі «Не жорсткаму звароту з жывёламі» выказваюць надзею, што рэкамендацыі пракуратуры будуць увасобленыя ў жыццё ў бліжэйшы час. Але таксама адзначаюць, што само механічнае павелічэнне адказнасці не выправіць сітуацыю кардынальным чынам да таго часу, пакуль не будзе прыняты профільны закон аб абароне жывёл.

У рамках кампаніі «Не жорсткаму звароту з жывёламі» валанцёры ўжо падавалі звароты ад групы зоаабарончых арганізацый у Адміністрацыю Лукашэнкі і Міністэрства замежных спраў. Адміністрацыя выказала нежаданне вяртацца да закона ў бліжэйшы час, абгрунтоўваючы гэта фінансавай немэтазгоднасцю. Міністэрства замежных спраў абяцала паспрыяць у выпадку, калі зоаабаронцы дамогуцца пазітыўнай рэакцыі профільных дзяржаўных ведамстваў.

У рамках кампаніі ў бліжэйшыя дні будзе пададзены зварот у Адміністрацыю Лукашэнкі ад вядомых людзей краіны (музыкаў, пісьменнікаў і інш.). Вядзецца праца над законапраектам.

Нагадаем, што ў Беларусі, у адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, да гэтага часу няма закона аб абароне жывёл. Першая спроба прыняць такі закон была прадпрынятая ў 2001 годзе, другая - у 2007, трэцяя - у 2013. Усе яны апынуліся беспаспяховымі з-за рэзкай крытыкі грамадскасці і абаронцаў жывёл, з якімі дэпутаты не раіліся пры распрацоўцы законапраектаў.

У Беларусі да гэтага часу забіваюць бяздомных жывёл. Іх адстрэльваюць проста ў гарадах ці адлоўліваюць, як у Менску, а праз 5 дзён усыпляюць. Акрамя таго, калі вывесці на галоўную плошчу краіны каня і прабіць яму жывот, за гэта пагражае толькі невялікі штраф.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках