30 красавiка 2024, aўторак, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Шаршун: Наступны бел-чырвона-белы сцяг куплю з пенсіі

47
Віктар Шаршун: Наступны бел-чырвона-белы сцяг куплю з пенсіі

Збіты міліцыяй з-за сцяга пенсіянер «верыць у еўрапейскі напрамак развіцця нашай краіны».

Пенсіянер Віктар Шаршун жыве на трэцім паверсе пяціпавярховай «хрушчоўкі», бел-чырвона-белы сцяг ён павесіў на вяроўку для сушкі бялізны на сваім балконе. Аднак вечар 8 лютага для яго, на ціхім бульвары Тараса Шаўчэнкі, выдаўся зусім не ціхім, піша «Наша Нiва».

«Цітушкі» прыйшлі»

Справа ў тым, што на той момант над балконам Віктара Шаршуна ўжо два тыдні як лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Віктар не ўваходзіць у палітычныя партыі. Сцяг ён павесіў, так як «верыць у еўрапейскі напрамак развіцця нашай краіны».

«Да таго ж, на світанку сцяг прыгожа лунаў на сонцы», - кажа Віктар.

8 лютага сцяг прыйшлі здымаць.

«Спачатку да маёй суседкі прыходзілі двое маладых хлопцаў «спартыўнага віду». Ва Украіне іх называюць «цітушкамі». Яны думалі, што сцяг вісіць у яе, але памыліліся. А ўвечары вярнуліся да мяне», - успамінае ён.

«Быў бы балончык поўны…»

Прыкладна а 18:30 у дзверы Віктара патэлефанавалі.

«У мяне на дзвярах ёсць вочка, аднак праз яго дрэнна відаць, што робіцца на лесвічнай пляцоўцы. Я паглядзеў - перад дзвярыма стаяў чалавек у цывільным. Ён сказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам ЖЭСа. Я адчыніў дзверы і ўбачыў, што побач з ім стаяць два міліцыянты. Я б сказаў так: «Людзі, апранутыя ў міліцэйскую форму». У іх не было бэйджаў, яны не прадставіліся. Адразу загадалі прыбраць сцяг.

Я паспрабаваў замкнуць дзверы, але яны перашкодзілі, гвалтоўна ўварваліся ў маю кватэру. Я схапіў газавы балончык і накіраваў на іх, але балончык быў пусты. Тады мяне ўдарылі ў нос, павалілі, білі па рэбрах, потым «прыклалі» галавой аб падлогу».

Балончык Віктар набыў для самаабароны. Кажа, што аднойчы на яго кінуўся п'яны супрацоўнік ЖЭСа, таму ён вырашыў перастрахавацца. Аднак зараз Віктар нават рады таму, што зброя не спрацавала.

«Мне патлумачылі: быў бы газ, пашкодзіў бы я каму-небудзь зрок, наступствы былі б зусім іншымі», - кажа ён.

«Нават апрануцца не далі»

«Я быў босы, у чырвоных гумовых сланцах, і з голым торсам. На мяне зверху накінулі куртку і вывелі на вуліцу. Там мы яшчэ чакалі міліцэйскую машыну, якая павінна была даставіць нас у Цэнтральны РУУС. Падняцца і апрануцца мне не дазволілі.

У РУУС дзесьці да 9 гадзін вечара я сядзеў проста так. Потым мяне адвезлі на медабследаванне на Мініна. Там мяне праверылі на алкаголь у крыві і вярнулі ў РУУС, склалі пратаколы па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Я азнаёміўся з пратаколам, падпісаў яго і мяне выпусцілі. Але калі я ўжо выходзіў з РУУС, мяне спыніў дзяжурны і сказаў: паступіў загад начальніка трымаць мяне да суда пад арыштам.

Адчуваў сябе я не вельмі добра: быў пабіты, і тахікардыя нагадала пра сябе. Таму каля паловы другой ночы 9 студзеня мне выклікалі хуткую, якая адвезла мяне ў 2-ю клінічную бальніцу. Там мне зрабілі рэнтген рэбраў - дзякуй Богу, абышлося без пераломаў - і кардыяграму. Міліцыянты са мной не паехалі. Таму з бальніцы мяне адпусцілі, і я паехаў дадому. У суд мяне абяцалі выклікаць позвай, але дзе і што адбудзецца, невядома», - распавядае пра свае «прыгоды» Віктар.

«Гэты сцяг - ужо другі»

Бел-чырвона-белы сцяг лунаў над бульварам Шаўчэнкі і раней.

«Першы раз я павесіў сцяг 19 снежня. Але хтосьці, я не ведаю хто, залез па даху крамы, якая пад маім балконам, праз суседскі балкон на мой і зняў яго. Зламалі дрэўка і скралі. Тады я першы раз звярнуўся да праваабаронцаў-вясноўцаў. Мне патлумачылі, што гэтая сімволіка не зарэгістраваная, але і не забароненая, і на сваім балконе я магу павесіць гэты сцяг», - адзначыў менчцук.

Віктар кажа, што над яго дачай таксама лунае бел-чырвона-белы сцяг.

«Наступны сцяг для кватэры я куплю, як толькі атрымаю чарговую пенсію», - кажа Віктар Шаршун.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках