17 траўня 2024, Пятніца, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі палітолаг: Януковіч ператварае краіну ў Сірыю

16
Украінскі палітолаг: Януковіч ператварае краіну ў Сірыю

Афіцыйны Кіеў не разумее ўсёй небяспекі сітуацыі.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў палітычны аглядальнік партала Ліга.net Сяргей Высоцкі.

«Я не бяруся ацэньваць шанцы таго, ці прыйдзе ў сябе наша Вярхоўная Рада і ці падвысіцца за ноч IQ нашых дэпутатаў, каб яны зразумелі ўсю небяспеку сітуацыі, але генеральныя сцэнары толькі два. Першы - гэта сцэнар мірнага развязання крызісу, які прадугледжвае абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта. Не абавязкова, што ён будзе ўключаць у сябе адразу перавыбары прэзідэнта, паколькі паводле старой Канстытуцыі яны павінны быць увосень. І ў прынцыпе я разумею, што многія парламенцкія сілы і апазіцыя з радасцю будуць гатовыя даць Віктару Януковічу магчымасць паспрабаваць стаць прэзідэнтам восенню і пераканаць Майдан у тым, што гэта нармальны кампраміс», - адзначыў ён.

На думку эксперта, другі варыянт - гэта спроба сілавога разгону Майдана, за якім абавязкова рушыць услед разгортванне агульнанацыянальнага збройнага супраціву альбо актывізацыя падпольнага тэрарызму.

«Хутчэй за ўсё, рушыць услед адкрытае непадпарадкаванне заходніх абласцей, якія проста адмовяцца прызнаваць цэнтральную ўладу. Гэта будзе сцэнар хуткага або павольнага распаду краіны і ператварэння яе, калі не Сірыю, то ў бунтуючы Егіпет са шматлікімі ахвярамі, развалам інфраструктуры, эканомікі і хаосам, які ніхто не будзе здольны ўтаймаваць. Бо замест Януковіча і фармальнай парламенцкай апазіцыі першыя ролі ў гэтым супрацьстаянні будуць выконваць ужо палявыя камандзіры. То бок, людзі, якія добра абыходзяцца з выбуховымі прыстасаваннямі, «калашнікавымі» і ведаюць, калі трэба прыгнуцца», - падкрэсліў Сяргей Высоцкі.

Нагадаем, бестэрміновая акцыя пратэсту, якая пачалася ў Кіеве пасля адмовы ўладаў Украіны ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, працягваецца ва ўсёй краіне ўжо больш за два месяцы. Да 22 студзеня асноўныя пратэстныя дзеянні праходзілі ў сталіцы. У гэты дзень сітуацыя ў цэнтры горада была асабліва напружанай: сутыкненні з сілавікамі скончыліся ахвярамі сярод дэманстрантаў.

На працягу апошняга тыдня студзеня пратэсты перамясціліся ў рэгіёны. Імі былі ахоплены не толькі заходнія вобласці, якія традыцыйна лічацца апорай апазіцыі, але і цэнтр і ўсход краіны. У выніку ўлады пайшлі на саступкі і прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў падаў у адстаўку, а «законы пра дыктатуру» былі адмененыя. Аднак прыняты Вярхоўнай Радай закон аб амністыі не быў узгоднены з апазіцыяй, таму яна адмовілася выконваць яго.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках