6 траўня 2024, панядзелак, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пазбегнуць падатку на аўто?

55
Як пазбегнуць падатку на аўто?

Уведзены ў мінулым годзе ў Беларусі дзяржаўны збор на аўтамабілі можна абыйсці, прычым цалкам законна.

«Часопіс» даведаўся, якім чынам беларускія аўтаўладальнікі пакідаюць з носам родную дзяржаву.

Калі ў мінулым годзе ў Беларусі пастанавілі спаганяць з аўтаўладальнікаў дзяржаўны збор на іх жалезных коней, абурэнню грамадскасці не было мяжы. У інтэрнэце тут жа сталі збіраць подпісы за адмену пабораў. На форумах аўтааматары на чым свет стаіць пракліналі родную дзяржаву, якая што ні год робіць ім усё новыя і новыя сюрпрызы. Узгадвалі ёй, у тым ліку, і ўступленне ў Мытны саюз, «дзякуючы» якому кошты на патрыманыя аўтамабілі ў Беларусі выраслі ў разы. Але нечакана менавіта факт сяброўства ў Мытным саюзе падказаў аўтааматарам выхад зняпростай сітуацыі са зборам.

Аказалася, што калі беларус ездзіць у краіне на зарэгістраваным у суседняй Расеі аўто, то дзяржаўны збор можна і не плаціць.

«Я езджу па Беларусі на аўтамабілі дзядзькі, які жыве ў Бранскай вобласці. Калі пачуў навіну пра дзяржаўны збор, вядома, знерваваўся, як усе. Падумаў, што прыйдзецца альбо перасесці на аўто прасцей, альбо ў чымсьці сябе абмяжоўваць, каб заплаціць за яго. Але тут аказалася, што мяне гэтая прымусовая даніна як бы і не тычыцца», - кажа аўтааматар Юрый.

Пра тое, што яму не трэба нічога плаціць у беларускую казну, менчук даведаўся пасля таго, як звярнуўся за тлумачэннямі аб парадку аплаты дзяржаўнага збору ў ДАІ.

«Мне сказалі, што раз аўто зарэгістраванае ў суседняй дзяржаве, ды і я не яе непасрэдны ўладальнік, то з мяне ўжо нічога не возьмеш», - не хаваючы радасці, распавядае Юрый.

Што характэрна, нават калі б Юрый быў уладальнікам прэстыжнага паркетнага пазадарожніка, але пры гэтым меў часовую рэгістрацыю ў Расейскай Федэрацыі, то мог бы з лёгкасцю паставіць на ўлік сваё аўто ў суседняй краіне - і, зноў-такі, пакінуць з носам родную дзяржава. Спакуса, трэба сказаць, практычна непераадольная.

Але ці так гэта выгадна, як выглядае на першы погляд? Бо рэгістрацыя аўто ў суседняй краіне таксама грошай каштуе, а туды яшчэ даехаць трэба, плюс, калі ў вас няма часовай рэгістрацыі ў РФ, трэба шукаць згодных на такую авантуру сваякоў або сяброў.

Як растлумачылі ва Упраўленні ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, фармальна беларускім грамадзянам не забаронена кіраваць транспартнымі сродкамі з нумарамі РФ. Акрамя таго, паколькі паміж «саюзнымі дзяржавамі» фактычна няма мяжы, не існуе і часовых абмежаванняў на тое, колькі аўто можа прабыць на тэрыторыі нашай краіны (гэта значыць, аўтамабіль не трэба будзе час ад часу вывозіць у Расею).

«Але вы ж разумееце, што гэта, мякка кажучы, падман?» - заўважыў супрацоўнік упраўлення, які адмовіўся назваць сваё імя і пасаду.

«Мы? Разумеем!» - адказваюць аўтааматары. І бяруць на заметку магчымасць абыйсці бюракратычныя перашкоды.

Дарэчы, усё той жа шчаслівы кіроўца дзядзькавага пазадарожніка Юрый адзначае, што ў аўтамабіля з расейскімі нумарамі ў Беларусі ёсць яшчэ адна бясспрэчная перавага - «лісты шчасця» яе ўладальніку не дойдуць ніколі. А значыць, і штраф за перавышэнне хуткасці, патрапіўшы ў поле зроку аўтарадараў, плаціць не давядзецца.

Успамінае Юрый і пра мінусы кіравання чужым аўто ў Беларусі.

«Быў выпадак, калі я прыпаркаваў аўтамабіль у неналежным месцы, пакуль сутнасць ды справа - няма яе, павезлі на штрафную стаянку. Вось тут і ўспомніў, што даверанасці ў мяне на яе няма. Калі аўто дзядзька даваў, ні ў іх, ні ў нас такая даверанасць не патрэбная была», - кажа аўтааматар. І раіць усім, хто захоча скарыстацца магчымасцю «абдурыць» краіну, «адшкадаваць грошай» і аформіць даверанасць на аўто адразу.

А што ж у Расеі? Таксіст Дзмітрый блізу трох гадоў «лявачыў» у маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева» на сваёй «Аўдзі-100» з беларускімі нумарамі. Кажа, праблем было нямала, але наўпрост з рэгістрацыяй у нашай краіне яны звязаныя не былі.

«Але я дакладна ведаю, што адзін час у Маскве было папулярна купляць аўтамабілі паводле даверанасці з беларускімі нумарамі. Мне самому прапаноўвалі прадаць свой, у цане не сышліся», - кажа Зміцер.

Прычына папулярнасці - усё тая ж адсутнасць адзінай базы дарожных правапарушэнняў у «саюзнай дзяржаве».

«Ну, выпішуць мне квітанцыю за перавышэнне хуткасці ў Маскве. Ну, не аплачу я яе, шукаць будуць дзе?..» - ледзь стрымліваецца ад таго, каб не зарыфмаваць працяг фразы Зміцер.

Падлічыць, наколькі выгодная падобная схема ўхілення ад выплаты дзяржаўнага падатку (і ці наогул выгадная), досыць складана. Калі вы жыхар памежных з Расеяй тэрыторый - хутчэй, так; калі жывяце ў адным з заходніх рэгіёнаў Беларусі - то амаль напэўна няма.

Але хіба ў грошах шчасце, калі ген партызана жыве ці ледзь не ў кожным беларусе, а жаданне хоць дзесьці насекчы, абдурыць і падмануць дзяржаўную сістэму ўсмоктваецца ці ледзь не з малаком маці?

Зрэшты, хіба не яна, родная, нярэдка стварае для сваіх дзяцей такія ўмовы, калі адысці ад падаткаў лічыцца ці не справай гонару для разумнага і адукаванага грамадзяніна?

Чаму гэта стала нормай, пытанне філасофскае. З аднаго боку, беларусам грэх скардзіцца на дрэнныя дарогі - не ў прыклад з суседняй Украінай, дзе нават дарогі міжнароднага значэння выглядаюць як пасля бамбёжкі.

З іншага - у аўтааматараў няма ўпэўненасці, што сродкі, атрыманыя дзяржавай пасля выплаты дзяржаўнага падатку на жалезных коней, пойдуць менавіта на развіццё дарожнай інфраструктуры, а не на чарговы Палац Незалежнасці і іншыя празмернасці.

Фота: journalby.com

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках