3 траўня 2024, Пятніца, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі мастак: Нацыянальныя сімвалы - частка кожнага з нас

3

Малады беларускі мастак аб'ядноўвае гарадскія пейзажы з элементамі нацыянальнага арнаменту.

Мянчук Іван Тройніч даслаў у рэдакцыю сайта charter97.org свае фотаработы, на якіх ён сумясціў нацыянальны арнамент і гарадскія пейзажы. Ён называе сябе мастаком, якому не стае грошай на фарбы і пэндзлі. Гэта ўжо другая серыя работ, а ўвосень ён плануе прэзентаваць на выставе трэцюю, аб'яднаўшы з двума папярэднімі.

Мастак уважае сябе за беларуса, хоць з'яўляецца напалову расейцам і сваёй творчасцю ён хоча папулярызаваць беларускую нацыянальную ідэю скрозь час і адлегласці, аб'ядноўваючы старажытныя сімвалы з сучаснымі ўрбаністычны краявідамі.

- Нацыянальнасць - гэта не наяўнасць пашпарта пэўнай дзяржавы, а нешта значна большае. Напрыклад, Уладзімір Мулявін нарадзіўся і вырас у Расеі, а «прырос» менавіта да Беларусі. Мне таксама цікавая менавіта беларуская тэматыка, і гэтымі працамі я хачу зрабіць свой маленькі ўнёсак у папулярызацыю Беларусі, разбурыць чыесьці негатыўныя «вясковыя» стэрэатыпы. Я хачу паказаць, што ёсць людзі, якім падабаецца Менск, якія не жывуць думкамі з'ехаць за мяжу. Тут ёсць, чым ганарыцца, але не ўсе ўмеюць шанаваць, тое, што ў іх ёсць. Мне вельмі шкада, што ў нас няма ніякай цікавай агітацыі культуры, мовы і гісторыі. Пэўныя рэкламныя кампаніі і банеры з серыі «Смак беларускай мовы» даюць надзею, нягледзячы на тое, што, фактычна, гэта кропля ў моры.

- Як вы прыйшлі да менавіта такой формы вашай творчасці?

- Гэта мая другая серыя работ з запланаванай трылогіі «Менск - горад-герой». Я паспрабаваў перадаць ідэю, што ўсё круціцца вакол нашай сталіцы, а з дапамогай элементаў беларускага арнаменту я спрабую надаць гэтай думку дадатковую глыбіню. Мне б хацелася нагадаць людзям пра іх карані, шмат кім забытыя або адкінутыя, пасыпаўшы гэта футурыстычнай «прыправай», якая адлюстроўвае актуальнасць такіх рэчаў у кожны час і за кожным рэжымам. Нацыянальныя сімвалы - гэта частка кожнага з нас, гэта нашая гісторыя і мы самі, і мы не можам сабе дазволіць пляваць на іх і не маем права іх забываць. Магчыма, корань усіх нашых бедаў менавіта ў тым, што мы шмат пра што забыліся.

Мастак кажа, што будзе «невымоўна рады, калі гэтыя працы хоць у кімсьці разбудзяць беларускасць». Ён марыць аб тым, што з дапамогай гэтых работ ідэя сучаснага ладу Беларусі незалежна ад часу «зачэпіць» людзей з іншых краін - «бо інтэрнэт, ён такі».

У першай серыі мастак зрабіў з вуліц Менска фантастычныя сюрэалістычна краявіды.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках