8 траўня 2024, Серада, 20:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі без візы: у Гандурас - калі ласка, у ЕЗ - не сёння

2
З Беларусі без візы: у Гандурас - калі ласка, у ЕЗ - не сёння

Беларусь дамаўляецца аб скасаванні візавага рэжыму з краінамі, куды беларусы ўсё адно не ездзяць.

Падчас адпачынкаў грамадзяне нашай краіны з асаблівай увагай вывучаюць рэкламныя праспэкты ў пошуках краіны, куды можна было б з найменшымі матэрыяльна-часавымі выдаткамі паехаць адпачыць. Адсутнасць візавага рэжыму - важкая прычына для выбару кірунку падарожжа. Але ні ў Грэцыю, ні ў Егіпет без штампа ў пашпарце пакуль не патрапіш. З кім і навошта тады Беларусь касуе візы?

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, грамадзяне нашай краіны могуць свабодна, без візы наведваць больш за два дзясяткі краін. У спісе ёсць краіны, куды штолета на адпачынак накіроўваюцца сотні і тысячы беларусаў - Расея, Украіна, Турцыя. Але ў тым жа пераліку ёсць і такія краіны, турпакет куды наўрад знойдзеш у мясцовых агенцтвах - Нікарагуа, Гандурас, Панама, Эквадор.

Беларускія турфірмы адзначаюць, што пасля скасавання віз у Турцыю цікавасць да гэтай краіне вырасла, але асаблівага ажыятажу не назіраецца. Раней атрымаць дазвол на знаходжанне ў Турцыі можна было па прылёце адразу ў аэрапорце, так што цяпер тыя, хто едзе ў Анталію, Кушадасы ды іншыя Мармарысы, ашчаджаюць толькі пару хвілін вольнага часу і 20 даляраў.

Калі казаць пра краіны з візавым рэжымам, то ў лідэрах застаецца Егіпет (шмат у чым таму, што візу таксама можна атрымаць па прылёце), хоць гэта кірунак трохі страціў сваю папулярнасць праз неспакойнае палітычнае становішча. Такая ж прычына спыняе і некаторых ахвочых пабываць у Грузіі, хоць туры туды пытаюць апошнія два гады ўсё часцей.

Як распавяла спецыялістка ў турызме аднаго з вядучых тураператараў краіны Настасся Лагаценава, лідэрамі і ў гэтым сэзоне засталіся Турцыя, Егіпет і Чарнагорыя.

Апошняя нават трохі дадала за кошт тых, хто перадумаў адпачываць у Егіпце. «Хаця дырэктыўнага рэйса няма, і даводзіцца развязваць пытанні праз Маскву, але ўсё адно людзі едуць», - адзначыла яна.

Таксама, са слоў спецыялісткі, у гэтым сэзоне адпачынкаў беларусы больш увагі пачалі звяртаць на Кіпр, «хоць гэта і не бюджэтны адпачынак».

«Візу можна адкрыць у Менску, а квіткі раскупляюць на некалькі месяцаў наперад», - паведаміла спецыяліска.

Калі ў вас ёсць жаданне адпачыць, напрыклад, у Нікарагуа, то давядзецца звяртацца па індывідуальны тур. Асаблівых цяжкасцяў у яго арганізацыі няма, ды і віза не патрэбная, але нешта гэты кірунак у беларусаў не выклікае жадання ладаваць куфры.

«Мы адпраўляем турыстаў у Барбадас і Антыгуа, але гэта адзінкавыя запыты», - адзначыла Наста Лагаценава.

Затое на Кубу і ў Шры-Ланку грамадзяне нашай краіны любяць ездзіць.

«Скассаванне віз, калі гэта цікава і выгадна Рэспубліцы Беларусь, - гэта адна з задач, якую паставіў кіраўнік дзяржавы ў пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2013 годзе», - адзначыў начальнік управы інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык.

«Безумоўна, пры прыняцці пастановы, з якімі краінамі мы гатовыя скасаваць візавы рэжым, беларуская старана ўлічвае ўвесь комплекс інтарэсаў», - падкрэсліў Мірончык.

Начальнік управы інфармацыі адзначыў, што першараднай важнасцю застаецца жаданне грамадзян нашай краіны падарожнічаць і адпачываць у іншых дзяржавах.

Але гэтым не вычэрпваюцца ўсе матывы пры ўкладанні пагаднення аб скасаванні візавага рэжыму паміж краінамі: «Улічваюцца, безумоўна, і эканамічныя інтарэсы нашай краіны і суб'ектаў гаспадарання, і ўзровень палітычных стасункаў, і наяўнасць у краіне выхадцаў з Беларусі».

Са слоў Дзмітрыя Мірончык, узаемная цікавасць абедзвюх старон значна спрашчае падрыхтоўку і падпісанне дамоўленасцяў аб скасаванні віз: «З кімсьці перамовы ідуць хутчэй, з кімсьці - павольней. З пагадненняў, што ўвайшлі ў дзеянне, найбольшы розгалас набыло скасаванне віз з Турцыяй».

Станоўчую рэакцыю грамадскасці ў МЗС чакаюць і на скасаванне віз з Бразіліяй, Манголіяй ды Ізраілем. «Дзейнасць вядзецца актыўна і мэтанакіравана», - запэўніў нас Мірончык.

У больш далёкай пэрспэктыве МЗС Беларусі спадзяецца скасаваць візы з Сінгапурам і ААЭ. «Але перамовы - гэта рэч такая, што не заўсёды яны любяць публічнасць», - адзначыў прэс-сакратар МЗС.

Як бы беларусы ні марылі аб скасаванні віз з Еўрапейскім звязам, гэтае пытанне бліжэйшым часам не развяжацца. Са слоў Мірончыка, Беларусь і ЕЗ пакуль не абмяркоўваюць поўнае скасаванне.

«Еўрапейскі звяз пакуль гатовы абмяркоўваць толькі спрашчэнне візавых фармальнасцяў пры захаванні візавага рэжыму паездак», - растлумачыў начальнік управы інфармацыі МЗС.

Ён адзначыў, што і гэта, у пэўнай ступені, крок наперад «з улікам таго, што аналагічныя беларускія ініцыятывы былі датаваныя яшчэ 2004 годам, але тады нашы еўрапейскія калегі не адрэагавалі на іх у пазітыўным ключы».

Беларусь зрабіла вялікія крокі насустрач ЕЗ, падкрэсліў Дзмітрый Мірончык: «У прыватнасці, грамадзяне краін Еўрапейскага звязу і Шэнгенскага пагаднення могуць атрымліваць візы поштай, без асабістага прыходу ў амбасаду і дактыласкапіі, пад якую ставяць грамадзян Рэспублікі Беларусь асобныя дыпмісіі».

Марыя Грыц, «Беларускія навіны»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках