8 траўня 2024, Серада, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савок без саўка

40
Савок без саўка

Скажам праўду: да «Крыма» з «Данбасам» хадзіць у крамы было значна прасцей – набывай сабе ўсё, што дазваляе гаманец і не напружвайся.

Пасля ж таго, як мы адмовіліся фінансаваць расейскую тэрарыстычную аперацыю ва Ўкраіне, паход у крамы ці тое за прадуктамі, ці, што яшчэ горш, за нейкімі вырабамі ператварыўся ў суцэльны аблом. Я і падумаць не мог, што абсалютная большасць тавараў у нашых крамах – іншаземныя тавары.

Пачалося ўсё з саўка – нам патрэбны быў такі, які мацуецца ручкаю на шчотку. Здавалася б, ну што тут складанага – адліць з кавалака пластмасы любы выраб? Аднак, калі я першы раз прыйшоў у Менскі ЦУМ – найдзяржаўнейшую, заўважым, з усіх дзяржаўнейшых крам – у продажы былі толькі расейскія саўкі і саўкі еўрапейскія. Чуючы апошнія год дзесяць з кожнага слупа: «Купляйце беларускае!» я не мог паверыць, што ў Беларусі не знайсці кавалак палімера адліты ў савок. Таму я працягнуў пошукі ў іншых крамах сталіцы нашай радзімы, падмятаючы тым часам хату на аркушык паперы.

Але падмятаць такім дзедаўскім спосабам давялося доўга – ці не паўгады працягваліся мае саўковыя пошукі. Пасля гэткіх мытарстваў я напляваў на ўсялякі патрыятызм і набыў у ЦУМе савок польскай вытворчасці.

Дык вось вы толькі падумайце сабе, усё чынавества нашай краіны на чале з галоным бюракратам штодня істэраць пра мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў, пра жыццёвую неабходнасць імпартазамяшчэння, а ў краме не знайсці нават нікчымнага пластмасавага саўка! Як мы ведаем, генералісімус ажно спадарожнікі запускае ў іншыя галактыкі, хаця вось ужо 20 год савок не могуць вырабіць пад ягоным чулым кіраўніцтвам. Я ўжо маўчу пра тое, каб вырабіць якую-небудзь тэхніку!

Нам з жонкаю «пашанцавала» дарабіць асноўную фазу рамонта да Першай расейска-ўкраінскай вайны, але каб мы рабілі рамон цяпер, дык можна было б застацца з голай дранкай на сценах: пральная машына і халадзільнік італьянскай маркі «Індэзіт» – выраблены ў Расеі, іншая бытавая тэхніка калі і выраблена ў ЕС, дык усё адно імпартуецца праз Расею, пра будматэрыялы (дзверы, ламінат, тынкоўку і г. д) я і не гавару – большасць расейскай вытворчасці.

«Купляйце беларускае!» – вяшчаюць нам з кожнага слупа. Мы запытаем у адказ: «Дык а што купляць?» Што можна набыць (ды яшчэ б не за кошт якасці) каб было нашай, айчыннай вытворчасці? Назавіце беларускую пральную машыну, назавіце паласос, назавіце, у рэшце рэшт, кавалак пластмасы пад назваю савок – не назавеце!

Таму любы беларус стаіць перад такой трылемай: ці купляць якасны тавар еўрапейскіх брэндаў і фінансаваць пры гэтым расейскіх наёмнікаў ва Ўкраіне, ці купляць сумніўнай якасці беларускі тавар, ці не купляць нічога і абыходзіцца дзедаўскімі спосабамі.

Канешне, каб мы з жонкаю набывалі ўсё гэта пасля Першай расейска-ўкраінскай, дык ці везлі б нешта з Польшчы ды Летувы, ці сядзелі б з голай дранкай – расейскі тэрор не адфінансавалі б ні на рубель! – але цяпер я троху пра іншае.

Я пра тое, што за 20 год пад кіраўніцтвам самага вялікага ў свеце дырэктара саўгаса мы здолелі дасягнуць? Што навучыліся вырабляць? А калі па нейкіх прычынах не навучыліся, дык якіх заахвоцілі інвестараў? Што мы ўмеем апроч толькі таго, як у абмен на вайсковыя базы абіраць нафтадаляры жабрацкай Расеі? 20 год мы верным і ўпэўненым крокам вяртаемся ў саўковае рабства, але калі справа даходзіць да саўка пластмасавага – набываем яго ў натаўскай Польшчы.

Савок без саўка – гэта жыццёвы прысуд 20-гадовай эпапеі саўковага існавання.

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках