4 траўня 2024, Субота, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад маці-адзіночкі патрабуюць 17 мільёнаў за кватэру, непрыдатную для жыцця

5
Ад маці-адзіночкі патрабуюць 17 мільёнаў за кватэру, непрыдатную для жыцця
ФОТА: BYMEDIA.NET

Арэнднае жыллё было выдзеленае ў аварыйным стане, але за час правядзення рамонту ЖРЭА спраўна налічвала камунальныя плацяжы і арэндную плату.

Cайт charter97.org ужо публікаваў гісторыю маці-адзіночкі Алены Жукоўскай, якой у кастрычніку 2014 было выдзелена арэнднае жыллё па вуліцы Ульянаўскай, дом №3. Двухпакаёвая кватэра апынулася ў катастрафічным стане.

«Арэнднае жыллё, якое было выдзеленае мне з двума малалетнімі дзецьмі, знаходзілася ў непрыдатным для пражывання стане - сцены ў цвілі, разбітыя шыбы ў вокнах, дзе-нідзе адсутнасць шкла, шпалеры, якія ляжаць на падлозе, няспраўная газавая пліта, адсутнасць электрычнасці ў адным з пакояў. Я не чакала ад дзяржавы кватэры з «еўрарамонтам», але і не згодная жыць у хляве, тым больш з дзецьмі (8 гадоў і 1 год). І ўжо тым больш за немалыя грошы! Такое быдлячае стаўленне да людзей з боку дзяржаўных чыноўнікаў становіцца нормай у гэтай краіне», - напісала тады Алена ў рэдакцыю charter97.org.

Першапачаткова ўлады абяцалі зрабіць рамонт у самы кароткі час, а за час выканання работ выдаць даведку аб тым, што кватэра была непрыдатная для пражывання, і налічваць камунальныя плацяжы пасля правядзення рамонту, з моманту перадачы Алене ўжо адрамантаванай кватэры.

Аднак абяцанне ператварылася ў пустыя хаджэнні па шматлікіх інстанцыях. І толькі пасля публікацыі ліста Алены на сайце charter97.org у лютым 2015 справа зрушылася з мёртвага пункта.

«Пасля публікацыі артыкула на вашым сайце, літаральна праз пару дзён прыехалі прадстаўнікі ЖРЭА Ленінскага раёна горада Менска. І адразу з'явіліся грошы на рамонт у «бедных дзяржаўных службаў», і матэрыялы для рамонту таксама імгненна апынуліся на складзе, пасля доўгіх пакутлівых узгадненняў з'явілася і спраўная пліта, як і павінна было быць у самым пачатку. Яшчэ раз дзякуй!», - Піша Алена.

Але на гэтым выпрабаванні маці-адзіночкі не скончыліся: за час рамонту - а гэта каля сямі месяцаў - дзяржава, насуперак абяцанням і здароваму сэнсу, прадаўжала налічваць арэндную плату і камунальныя плацяжы.

«Пасля таго, як ЖРЭА Ленінскага раёна горада Менска ўсё-такі прывяло кватэру ў больш-менш нармальны стан (недаробкі яшчэ былі, але я пастанавіла, што астатняе ўжо падпраўлю сама), я прыняла кватэру па акце і на наступны дзень засялілася. З моманту ўкладання дамовы і да перадачы мне кватэры прайшло 7 месяцаў! Цяпер, я так разумею, у іх паўстала пытанне аб тым, што за гэты перыяд яны налічвалі арэндную плату і іншыя камунальныя плацяжы і іх трэба некуды спісаць. Спісваць, мабыць, не хочуць, хочуць, каб я ўсё гэта аплаціла! А гэта каля 17 мільёнаў! Як здзек гучыць фармулёўка «за карыстанне жылым памяшканнем», - піша Алена.

Спробы растлумачыць дырэктару ЖРЭА Ленінскага раёна Менска Строку Мікалаю Мікалаевічу, жыллём немагчыма было карыстацца з віны ЖРЭА, ні да чаго не прывялі. Хоць жанчына падавала чыноўніку акт прыёмкі-перадачы, падпісаны амаль праз сем месяцаў з моманту ўкладання дамовы арэнды, і даведку аб тым, што з моманту ўкладання дамовы і да дня падпісання акта прыёмкі-перадачы кватэра не выкарыстоўвалася ў сувязі з правядзеннем рамонту.

«Адказ чыноўнікаў зводзіцца да таго, што «плаціце і не шуміце». Менгарвыканкам, куды я таксама звярталася па дапамогу, не стаў унікаць у сутнасць пытання, а перанакіраваў ліст назад у ЖРЭА. Такая кругавая парука. Палічыла патрэбным і справядлівым апублікаваць гэтую інфармацыю на вашым сайце. Хай гэта не застанецца ў цені, і людзі заўсёды будуць напагатове і разумеюць, што ў дзяржструктурах працуюць (не, не працуюць - праседжваюць) чыноўнікі, якія не будуць развязваць нашы пытанні», - паведаміла Алена.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках