4 траўня 2024, Субота, 1:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянт - фанату нацыянальнай каманды: «Вы хочаце, каб было, як ва Украіне, дзе ядуць дзяцей?»

34
Міліцыянт - фанату нацыянальнай каманды: «Вы хочаце, каб было, як ва Украіне, дзе ядуць дзяцей?»

Барысаўскія міліцыянты назвалі «Пагоню» фашысцкай сімволікай.

Дзмітрый Федарук - адзін з заўзятараў нацыянальнай каманды Беларусі, якога затрымалі на гульні ў Барысаве Беларусь - Македонія за шалікі з Пагоняй. Цэлы наступны дзень Дзмітрыя і яшчэ двух хлопцаў пратрымалі ў судзе. У выніку ўсіх затрыманых прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве і асудзілі да 10 базавых адзінак штрафу (1,8 мільёна рублёў). Дзмітрый Федарук падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам «Нашай Нiвы».

«Большасць фанатаў нацыянальнай каманды ў перапынку гульні з Македоніяй пайшлі ў прыбіральню, ці проста ў галерэю, каб выпіць гарбаты ці кавы, бо было дастаткова холадна, нягледзячы на тое, што ўвесь тайм мы скакалі і спявалі. Да мяне падышоў чалавек у цывільным з рацыяй. Ён спытаў, што ў мяне на шаліку. Убачыў на ім Пагоню, сказаў мне, каб я здаў шалік у камеру захоўвання і ішоў назад на трыбуны глядзець.

Пытаюся, чым матываваныя гэтыя патрабаванні? Ён сказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў. Рэзка папярэдзіў: калі я не здыму шалік, то будзе горш. Я паказаў у інтэрнэце старонку аб тым, што Пагоня з'яўляецца культурна-гістарычнай каштоўнасцю, што гэта герб Віцебскай вобласці, некаторых гарадоў. Міліцыянту гэтая інфармацыя каштоўнай не здалася.

Прыйшло яшчэ некалькі супрацоўнікаў, якія запатрабавалі пайсці з імі. Я павярнуўся, убачыў, што забіраюць яшчэ некалькі чалавек з сектара. Варта адзначыць, што спынілі яшчэ аднаго хлопца, у якога быў бела-чырвоны шалік з арнаментам, але не ўбачыўшы там Пагоні, адпусцілі.

Пасля гэтага нас пасадзілі ў міліцэйскую машыну, ніякіх абвінавачванняў не выстаўлялі, і прывезлі ў Барысаўскі РУУС.

Дарэчы, пры ўваходзе на стадыён ніякіх праблем не ўзнікла на гэты раз. Але ўвесь сектар здымалі нейкія невядомыя людзі на відэакамеры. Мабыць, яны як раз і ўбачылі людзей з нацыянальнай сімволікай.

Да апошняга мы не ведалі, у чым нас абвінавачвалі. Была надзея, што патрымаюць і адпусцяць. Толькі пасля таго, як знялі адбіткі пальцаў, стала зразумела, што ноч мы правядзем у аддзяленні.

У міліцыі нам казалі, што мы ганьба краіны, робім негатыўны вобраз, носім фашысцкую сімволіку. Спыталі, ці жадаем мы, каб было, як ва Украіне? Адзін міліцыянт пагражаў прывесці сям'ю з Луганску, каб яны распавялі, як там дзяцей ядуць бандэраўцы.

Прыйшоў нейкі злы падпалкоўнік, кажуць, што ён адказвае ў Барысаве за фанатаў, які пачаў на нас крычаць, што мы дрэнна сядзім, дрэнна стаім, што мы выклікаем агрэсію, мы зганьбілі краіну, калі прыйшлі на гэты матч.

У ізалятары было не так дрэнна, як на Акрэсціна, давалі матрац, прасціну, падушку, нават лёгкую коўдру. Але мы амаль суткі адсядзелі без пітной вады, бо вада ў камеры была жудаснай. У камеры было два забітыя акны, адна з шыбаў была разбітая, таму было жудасна холадна, не маглі нармальна заснуць.

Жаданне падтрымліваць нацыянальную каманду ніколі не знікае. Варта як станоўчы факт адзначыць, што на сітуацыю з нашым затрыманнем звярнула ўвагу Беларуская федэрацыя футболу, што няма ніякіх правапарушэнняў. Спадзяюся, што гэта нейкім чынам паспрыяе развязанню сітуацыі. Калі такое будзе паўтарацца, то не ведаю, ці будзе хтосьці хадзіць на матчы ў будучыні», - заявіў ён.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках