4 траўня 2024, Субота, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: За год ва Украіне з'явіліся воіны, якія ўмеюць выконваць баявыя задачы

Юрый Бутусаў: За год ва Украіне з'явіліся воіны, якія ўмеюць выконваць баявыя задачы
ЮРЫЙ Бутусаў
ФОТА: TELEKRITIKA.UA

Абараназдольнасць Украіны цяпер на вельмі высокім узроўні, але для сістэмнай рэформы дзяржавы і войска не хапае палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў галоўны рэдактар украінскага выдання «Цензор.нет» Юрый Бутусаў.

- Сёння Украіна адзначае дзень абаронцы. Як вы ацэньваеце абараназдольнасць краіны на сёння?

- Я думаю, што абараназдольнасць краіны цяпер вельмі высокая, бо за паўтара года народ, грамадства, людзі, якія прыйшлі ва ўзброеныя сілы, навучыліся ваяваць і сталі арганізаванымі.

Так, у нас пакуль яшчэ няма дзяржавы, якая магла б адказваць усім сучасным выклікам, але ў нас ужо ёсць людзі, якія ўмеюць валодаць вайсковым рамяством, маюць досвед сучаснай вайны - і гэтых людзей шмат. У нас з'явілася арганізаванасць, якой ніколі раней не было ва Украіне. У нас з'явілася сапраўдная згуртаванасць, у нас ёсць валанцёрскія структуры, якія гарантуюць забеспячэнне, у нас з'явіліся воіны, якія ўмеюць выконваць баявыя задачы.

Таму, безумоўна, цяпер абараназдольнасць Украіны на тым узроўні, якога ў нас як у незалежнай дзяржавы не было ніколі.

- Што менавіта змянілася з пачатку расейскай агрэсіі ў Крыме і Данбасе?

- Што змянілася? Пакуль змяніліся людзі. Войска ў нас яшчэ - гэта яшчэ структура, якая фармуецца. Пакуль у нас ваюе ўзброены Майдан. Тыя людзі, якія добраахвотна для сябе пастанавілі абараняць Украіну, насуперак адсутнасці арганізацыйнай структуры, насуперак поўнай некампетэнтнасці камандавання - яны ўсё адно змагаюцца за Украіну. Гэта новая якасць людзей з'яўляецца самай асноўнай гарантыяй нашай абараназдольнасці і бяспекі. І закладам таго, што ў нас у краіне пройдуць неабходныя рэформы, і мы створым дзеяздольныя дзяржаву і войска, якія адказваюць сучасным стандартам.

Змяніліся людзі. Наверсе пакуль мала што памянялася. Калі казаць пра структуру кіравання - пакуль наогул нічога не змянілася. Пакуль ёсць асобныя валанцёрскія праекты, якія сутнасці войска не мяняюць. Без палітычнай волі кіраўніцтва краіны правесці колькі-небудзь сістэмную рэформу войска немагчыма. Пакуль такой волі няма. Але ёсць воля народа, што войска павінна абараняць Украіну. Гэтая воля выконваецца. Абяцанні палітыкаў і іх словы, на жаль, не выконваюцца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках