28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ездзіць у Ізраіль без віз можна будзе не раней за чэрвень

5
Ездзіць у Ізраіль без віз можна будзе не раней за чэрвень

Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем пачне дзейнічаць не раней за чэрвень 2015 года.

Пра гэта паведаміў БелаПАН ізраільскі пасол Іосіф Шагал. Раней чакалася, што гэта адбудзецца ўжо гэтай вясной.

«Гэта вельмі прыкра, што так адбылося, але гэта жыццё. Ніхто не планаваў датэрміновыя выбары ў Ізраілі. Думаю, што асаблівых прычын хвалявацца няма. Лёс пастановы аб скасаванні візавага рэжыму канчатковы і беспаваротны. Гэта пытанне развязанае. Проста тэхнічна прыйдзецца крыху пачакаць», - сказаў дыпламат.

Шагал адзначыў, што пагадненне аб скасаванні візавага рэжыму прайшло ратыфікацыю ў парламентах Беларусі і Ізраіля. «12 студзеня ўрад Беларусі канчаткова зацвердзіў са свайго боку скасаванне візавага рэжыму, але ў нас былі абвешчаныя датэрміновыя выбары, яны адбудуцца 17 сакавіка. На думку юрыдычнага дарадцы ўрада Ізраіля, у перадвыбарчы перыяд нельга праводзіць афіцыйнае скасаванне віз, таму што гэта можа быць на карысць якой-небудзь з партый, хтосьці можа ўзяць сабе ў заслугу скасаванне віз. Гэта добры пазітыўны факт, які могуць выкарыстоўваць у палітычных мэтах для атрымання перавагі на выбарах, што ўважаецца некарэктным. Таму юрыдычны дарадца ўрада Ізраіля прыняў пастанову адкласці зацвярджэнне скасаванне візавага рэжыму на перыяд пасля выбараў у Ізраілі», - растлумачыў пасол.

На думку Шагала, тэхнічная пастанова пра бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем будзе прынятая на адным з бліжэйшым пасля 17 сакавіка пасяджэнні ізраільскага ўрада. «Мне шмат хто кажа, што, маўляў, у вас жа будзе новы ўрад, пакуль ён сфармуецца, пройдзе досыць шмат часу. Гэта не так, - падкрэсліў пасол. - Працэс фармавання новага ўрада, сапраўды, займае два-тры месяцы. Але да таго часу, пакуль не будзе сфармаваны новы ўрад, функцыянуе ранейшы. І на любым з пасяджэнняў урада - яны ў Ізраілі звычайна праходзяць у нядзелю - будзе прынятая гэтая пастанова».

Пры гэтым Шагал адзначыў: пагадненне пра бязвізавы рэжым пачне дзейнічаць толькі праз 90 дзён пасля афіцыйнага апублікавання пастановы ўрада.

«Вось гэта - праблема, таму што, калі разлічваць, што гэта адбудзецца ў сакавіку, значыць, скасаванне адбудзецца дзесьці ў чэрвені, - сказаў пасол. - Больш за ўсё мне непрыемна гэта праз ветэранаў вайны, усё ж - 70-годдзе Перамогі. У Ізраілі вельмі шмат выхадцаў з Беларусі, ветэранаў Другой сусветнай вайны. Меркавалася, што яны прыедуць сюды на святочныя ўрачыстасці. Але мы так дамовіліся, што ніякіх праблем з афармленнем віз для ветэранаў вайны не будзе. Я думаю, грошай мы з іх за гэта таксама не возьмем. Так што ўсё, што звязана з іх магчымасцямі прыязджаць альбо ў Беларусь, альбо ў Ізраіль, праблем не будзе, мы зробім гэта».

Нагадаем, міжурадавае пагадненне аб скасаванні віз паміж Беларуссю і Ізраілем было падпісана 19 верасня 2014 г. у Менску. Як вынікае з тэксту дакумента, уладальнікі сапраўдных нацыянальных пашпартоў вызваляюцца ад неабходнасці атрымліваць уязныя або выязныя візы, калі наведваюць тэрыторыю другога боку не больш чым 90 дзён цягам паўгода з даты першага ўезду.

Калі грамадзяне маюць намер знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы іншага боку звыш 90 дзён ці займацца працоўнай, камерцыйнай ці іншай дзейнасцю, што прыносіць прыбытак, то яны абавязаныя загадзя атрымаць візы. Пры гэтым грамадзяне абедзвюх краін абавязваюцца выконваць заканадаўства іншага боку.

Прымаючая дзяржава пакідае за сабой права адмовіць ва ўездзе грамадзянам іншага боку, якіх яна ўважае непажаданымі, альбо скараціць тэрмін іх знаходжання.

Цяпер ізраільская віза для грамадзянаў Беларусі каштуе 23 даляры ЗША. Беларуская кароткатэрміновая аднаразовая віза для грамадзян Ізраіля каштуе 60 еўра, кароткатэрміновая двухразовая - 120 еўра, доўгатэрміновая шматразовая віза - 150 еўра.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках