Le Figaro: Захад пагодзіцца на нейтралітэт Украіны
16- 6.02.2015, 16:29
- 30,945
План Мэркель і Аланда спынення вайны ў Данбасе прадугледжвае нейтралітэт Украіны.
Пра гэта са спасылкай на ўласныя высокапастаўленыя крыніцы піша французскае выданне Le Figaro, паведамляе «Еўрапейская праўда".
«Ацэнкай поспеху Ангелы Мэркель і Франсуа Аланда застаецца павага да Менскага пратаколу і эфектыўнае выкананне кожнага з дванаццаці пунктаў, у тым ліку вывад расейскіх войскаў з Украіны і спыненне паставак зброі сепаратыстам», - гаворыцца ў артыкуле.
Аналітык выдання, аднак, перасцерагае, што «гэта яшчэ не ўсё». «Паводле папярэдніх звестак, план урэгулявання павінен забяспечыць нейтралітэт Украіны і «федэральнае развязанне», што замарозіць канфлікт на ўсходзе», - піша Le Figaro.
Выданне таксама нагадвае, што аб магчымых саступках сепаратыстам, у тым ліку тэрытарыяльных, раней паведамлялася і ў нямецкай прэсе. Цікава, што ўрад Нямеччыны пазней зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. «Тэрытарыяльныя пытанні не з'яўляюцца прадметам перамоваў паміж Парашэнкам, Аландам і Мэркель», - адзначыў прадстаўнік урада.
Ужо тая акалічнасць, што Мэркель пагадзілася на перамовы, «дае падставы для аптымізму», піша французскае выданне. Аргументацыя такога меркавання складаецца ў тым, што менавіта з ініцыятывы канцлеркі Нямеччыны нібыта была скасаваная сустрэча 15 студзеня ў Астане ў «нармандскім фармаце». Хоць, паводле інфармацыі Le Figaro, Аланд настойваў, што гэтая сустрэча павінна адбыцца ў кожным выпадку. У дадатак Парыж хацеў падтрымліваць дыялог з Расеяй нават пры адсутнасці вынікаў такой сустрэчы.
На думку журналіста французскай газеты, еўрапейцы сур'ёзна занепакоеныя тым, што пытанне пастаўкі зброі Украіне ўсё больш выходзіць на пярэдні план, і што гэта ўзмацняе ролю ЗША. «ЕЗ зацікаўлены ў тым, каб зацвердзіць сябе ў якасці адзінага суразмоўцы Крамля», - адзначыў у каментары выданню высокапастаўлены чыноўнік Еўразвяза.
Варта адзначыць, што 6 лютага падчас каментару ўчорашніх перамоваў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з Мэркель і Аландам, намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Валерый Чалы заявіў, што іх асновай былі менскія пагадненні, а не нейкі «план Пуціна».
Фота: Reuters