Джо Байдэн: ЕЗ і ЗША павінны заняць адзіную жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расеі
4- 6.02.2015, 16:04
- 10,065
Нельга дазволіць Расеі перапісаць карту Еўропы.
Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн у Брусэлі, дзе ў пятніцу сустракаецца з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Дональдам Тускам, піша «Крым. Реалии».
«Украіна змагаецца за сваё выжыванне цяпер. Расея працягвае эскалацыю канфлікту, пасылаючы наймітаў і танкі, як мы сарамліва кажам у ЗША, «зялёных чалавечкаў» без апазнавальных знакаў, жаўнераў для вельмі складаных спецаперацый», - адзначыў ён.
Са слоў Байдэна, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін «заклікае да новых мірных планаў у той час, калі яго войскі разгортваюцца ля ўкраінскіх сёлаў, і ігнаруюць дамоўленасці, якія ягоная ж краіна падпісала ў нядаўнім мінулым, у тым ліку і ў Менску».
«Гэта - момант, калі ЗША і Еўропа павінны быць разам і павінны быць устойлівымі. Нельга дазволіць Расеі перапісаць карту Еўропы. А гэта - як раз тое, што яна робіць», - адзначыў віцэ-прэзідэнт ЗША.
У пятніцу ў Маскве з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным сустракаюцца канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Напярэдадні яны пабывалі з візітам у Кіеве.