Улады шантажуюць Юрася Беленькага дачкой
11- 9.02.2015, 11:35
- 15,839
Суддзя Ленінскага раёна Менска Марына Запаснік звярнулася ў органы апекі з просьбай прызнаць сям'ю палітыка праблемнай.
Суддзя праінфармавала органы апекі і папячыцельства аб неабходнасці кантролю за становішчам дзяцей у сям'і намесніка старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, паведамляе «Радыё Рацыя».
Наступным крокам, пасля збору неабходнага «кампрамату» на апазіцыйнага палітыка, можа стаць зварот органаў апекі ў той самы суд з позвай аб канфіскацыі дзіця з нібыта няшчаснай сям'і.
Юрась Беленькі заявіў, што будзе абскарджваць пастанову раённага суда. У Юрыя Беленькага - адна дачка, якая вучыцца ў гімназіі, прычым даволі паспяхова, а таксама наведвае мастацкую школу і студыю танцаў.
Палітык заяўляе пра палітычны пераслед, так як менавіта гэтая суддзя займалася ягонай адміністрацыйнай справай, звязанай з арганізацыяй мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Лошыца.
>«Гэта пастанова суда незаконная. Мы будзем звяртацца ў пракуратуру, каб яе скасавалі. І каб у дачыненні да судзьдзі, якая вынесла незаконную пастанову, рушылі ўслед дзеянні пракурорскага рэагавання», - кажа Беленькі.
Пры гэтым Беленькі нагадвае пра сталінскую практыку, калі дзяцей забіралі ў «ворагаў народа», і мяркуе, што любую падобную праяву неабходна спыняць у самым пачатку.
Акцыя памяці рэпрэсаваных у Лошыцы прайшла ў лістападзе і была дазволеная ўладамі. Аднак Беленькага прыцягнулі да адказнасці і аштрафавалі на 4,5 мільёна рублёў, абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта не забяспечыў бяспеку падчас мерапрыемства. Палітык сваёй віны не прызнаў і падаў заяву аб абскарджанні.