2 траўня 2024, Чацвер, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Набліжаныя Пуціна скупляюць нерухомасць у Латвіі

38

У Латвіі цягам апошняга года імкліва вырасла колькасць заявак на атрыманне дазволу на жыхарства ад грамадзян Расеі.

«Запасны выхад» з Расеі шукаюць не толькі нязгодныя з палітыкай Уладзіміра Пуціна, але і ягоныя набліжаныя. Пра гэта гаворыцца ў сюжэце праграмы «Радыё Свабода» «Схемы».

Каб атрымаць дазвол на жыхарства ў Латвіі і свабодна перасоўвацца па Еўропе, дастаткова набыць нерухомасць або інвеставаць у мясцовы бізнэс. Сын заслужанага трэнера Расеі і Узбекістана ў гімнастыцы Ірыны Вінер і пасынак Алішэра Усманава - самага багатага расейца паводле версіі часопіса Forbes у 2014-м - набыў у Юрмале курортную вілу за 3,9 мільёна еўра.

Марыя - жонка яшчэ аднаго бізнэсоўца са спісу Forbes, Максіма Нагаткова, заснавальніка кампаніі «Сувязны» атрымала дазвол жыць у Латвіі, таксама набыўшы дом у Юрмале. Кошт - паўмільёна еўра.

Адкрытая падтрымка сатырыкам Міхаілам Задорнавым прапуцінскай палітыкі не перашкодзіла яму папоўніць сваё і так не беднае партфоліа нерухомасці кватэрай у доме ў стылі арт-нува ў цэнтры Рыгі.

Латвійскую нерухомасць скупляюць і расейскія банкіры. Напрыклад, намеснік старшыні праўлення «Газпромбанка» Мікалай Карэньяў набыў сабе кватэру за 275.000 еўра.

Некалькі былых расейскіх парламентарыяў-адзінаросаў з партыі Пуціна, цяпер уплывовых бізнэсоўцаў, таксама набылі латвійскую нерухомасць. Адным з іх з'яўляецца Эдуард Янакаў, які, акрамя металургічнага бізнэсу, скупіў ледзь не ўсю рускамоўную прэсу ў Латвіі.

Адзін з першых, хто атрымаў від на жыхарства ў Латвіі паводле «інвестыцыйнай праграмы» - сябар прэзідэнта Пуціна, мультыміліярдэр Аркадзь Ротэнберг. Паводле ацэнак Forbes, толькі за пяць гадоў кампаніі, звязаныя з Ротэнбергам, атрымалі дзяржаўныя заказы на суму звыш за 1 трлн рублёў. Галоўным чынам дзякуючы дзяржаўным праектам «Газпрома».

Цікава, што, каб атрымаць дазвол на жыхарства ў Латвіі, бізнэсовец наважыў інвеставаць не ў нерухомасць, а ў банкаўскі дэпазіт. А гэта найменш празрысты спосаб атрымаць дазвол. І гэты дазвол у Ротэнберга быў сапраўдным да 2013 года.

У брата Аркадзя - Барыса Ротэнберга, які мае фінскае грамадзянства - у Латвіі ўсё ж ёсць нерухомасць. Хоць пасля ўвядзення санкцый ЕЗ і Злучанымі Штатамі замежную ўласнасць Ротэнбергаў пачалі актыўна арыштоўваць. Агульны кошт арыштаванай маёмасці паводле звестак Reuters склаў 30 млн еўра.

За апошнія 5 гадоў больш чым 13 тысяч замежнікаў скарысталіся лаяльнай праграмай атрымання дазволу на жыхарства ў Латвіі, а такім чынам і магчымасці свабодна перасоўвацца па Еўропе.

У адрозненне ад аналагічных праграм у іншых еўрапейскіх краінах, 90% заявак у Латвію паступаюць менавіта з краін былога СССР, у асноўным з Расейскай Федэрацыі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках