2 траўня 2024, Чацвер, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці забітага ў СІЗА Ігара Пцічкіна забаранілі гаварыць пра смерць сына

10
Маці забітага ў СІЗА Ігара Пцічкіна забаранілі гаварыць пра смерць сына

Жанну Пцічкіну папярэдзілі пра забарону паведамляць каму-небудзь аб выніках следства паводле справы аб смерці яе сына.

Маці Ігара Пцічкіна запрошаная 9 сакавіка ў гарадскую ўправу Следчага камітэта для азнаямлення са справай паводле факту смерці яе сына ў следчым ізалятары Менска. Разам з тым, яна атрымала ад следчых ліст, у якім яе папярэдзілі, што яна не мае права распавядаць пра вынікі следства нікому, акрамя адваката, паведамляе «Радыё Свабода».

«Вы ўстаноўленым парадкам папярэджаныя аб недапушчальнасці разгалашэння звестак папярэдняга следства. Разам з тым, законам не забараняецца абмеркаванне вядомых Вам звестак следства з Вашым прадстаўніком (адвакатам)», - напісаў у лісце да Жанны Пцічкінай начальнік управы Следчага камітэта Вадзім Грыц.

Яна мяркуе, што пасля таго, як яна азнаёміцца са справай - чаго патрабуе закон, бо яна прызнаная пацярпелай, - справу закрыюць і здадуць у архіў. Аднак жанчына не мае намеру пакідаць спробаў аспрэчыць вынікі папярэдняга следства, з якімі не згодная.

«Буду, як і раней, даводзіць, што сын не быў наркаманам, а тым больш распаўсюднікам наркотыкаў. І дамагацца, каб знайшлі яго забойцаў. А то ў іх выходзіць, што ён сам памёр, бо не атрымаў наркотыку. І ніхто нібыта ў яго смерці не вінаваты. Я напісала з адвакатам скаргу, што майго сына зняважылі пасля смерці і мне нават забараняюць пра гэта казаць, каб абараніць яго. А пра што мне забараняюць гаварыць? Можа, тое, што ніводная экспэртыза не паказала прысутнасці ў ягоным арганізме наркотыкаў? І што патолагаанатамы сказалі пра сведчанні яго і ягоных сяброў, што ён нібыта ўжываў наркотыкі, але хіба патолагаанатамы могуць рабіць высновы са сведчанняў людзей?» - кажа Жанна Пцічкіна.

Нагадаем, мянчук Ігар Пцічкін памёр у менскім следчым ізалятары ў жніўні 2013 года, падчас адбыцця 3 месяцаў арышту за кіраванне аўтамабілем без пасведчання.

Спачатку сям'і абвясцілі, што Пцічкін памёр ад хваробы сэрца, але маці з гэтым не пагадзілася, спаслаўшыся на сляды збіцця на целе сына, і дабілася расследавання прычын смерці ў ізалятары. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён мог памерці ў выніку збіцця ахоўнікамі.

Пазней была праведзеная эксгумацыя цела Ігара Пцічкіна, пра вынікі якой Жанне Пцічкінай вядома, што экспэрты не знайшлі ў целе слядоў наркотыкаў, аднак і не вызначылі прычыну, праз якую спынілася сэрца хлопца.

Аднак следства заявіла, што Ігар Пцічкін да арышту ўжываў наркотыкі, а таксама іх распаўсюджваў, у сувязі з чым была заведзеная крымінальная справа. Пра гэта Следчы камітэт паведаміў на ведамасным сайце. Таксама стала вядома, што следства ў выніку зняло падазрэнні з медыцынскага супрацоўніка следчага ізалятара, якога спачатку падазравалі ў не аказанні дапамогі памерламу.

Паводле наяўных звестак, у расследаванні справы аб смерці Ігара Пцічкіна фігуруюць паказанні больш 100 чалавек, у тым ліку некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў менскага следчага ізалятара. Маці Ігара Пцічкіна кажа, што ніхто з супрацоўнікаў ізалятара на час следства не быў хоць бы часова адхілены ад працы, і спасылаецца на звесткі са Следчага камітэта.

«Дык як можна давяраць іх сведчанням?» - задае слушнае пытанне Жанна Пцічкіна.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках