3 траўня 2024, Пятніца, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шведскі саюз пісьменнікаў параўнаў пераслед Логвінава з цкаваннем Булгакава

3
Шведскі саюз пісьменнікаў параўнаў пераслед Логвінава з цкаваннем Булгакава

Сябры Шведскага саюза пісьменнікаў падтрымалі беларускага незалежнага выдаўца.

Пасля семінараў, якія прайшлі ў Менску 3-5 сакавіка, Хенрык Баргрэн, Катарына Б’ярвал і Анэт Розэнгрэн у інтэрв'ю «Радыё Свабода» падзяліліся сваімі ўражаннямі ад сустрэч з незалежнымі беларускімі пісьменнікамі і патлумачылі, чым для іх унікальная кнігарня «Логвінаў».

Шведскі саюз пісьменнікаў доўгі час мае цесныя сувязі з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Хенрык Баргрэн падкрэслівае, што для яго гэта мае асаблівае значэнне: неўзабаве выходзіць беларускамоўны пераклад скарочанай версіі ягонага бэстселера - біяграфія шведскага рэфарматара, прэм'ер-міністра Улафа Пальме.

«Хаця для Швецыі гэта дзіўна, мы ведаем, што ў Беларусі ёсць два саюзы пісьменнікаў - дзяржаўны і незалежны. Мы выказваем салідарнасць з кнігарняй «Логвінаў», дзе прадаюцца кнігі сяброў незалежнага саюза, і наогул маем цікавасць да незалежнага літаратурнага працэсу ў Беларусі. Чаму мы падтрымліваем незалежны саюз? Таму што ў Швецыі усе саюзы пісьменнікаў незалежныя. І гэта маё глыбокае перакананне, што пісьменнікі павінны быць аўтаномныя ад дзяржавы, іх нельга прымушаць выказваць нейкую лаяльнасць да дзяржавы ці да рэжыму. А сама ідэя таго, што ў Еўропе можа існаваць дзяржаўнае аб'яднанне пісьменнікаў, нагадвае мне савецкую сістэму, часы ганення Булгакава. Гэта ж так натуральна, што ўсялякая залежнасць ад дзяржавы супярэчыць сутнасці пісьменніка, які выказвае свае ўласныя думкі і ідэі», - кажа Хенрык Баргрэн.

Дакументаліст успамінае словы, якія прагучалі падчас ягонага семінара, пра тое, што ў 1937 г. некалькі соцень прадстаўнікоў беларускай эліты, у тым ліку і пісьменнікі, былі знішчаныя. І параўноўвае той час з сённяшнім днём у Беларусі:

«Окей, сёння іх тут не забіваюць. Але відавочна, што дзяржава стварае ўмовы, каб не дапусціць незалежных пісьменнікаў да чытача. Гэта бачна з накладаў, якімі выходзяць незалежныя кнігі, і з таго, што адбываецца з кнігарняй «Логвінаў». Гэта абсалютна антыдэмакратычна. Літаратура не павінна так працаваць. Я мяркую, што дзяржава абавязаная ствараць спрыяльныя ўмовы для літаратурнага працэсу. Гэта значыць, што трэба ўсталяваць правілы для стварэння свабоднага і дэмакратычнага рынку кніг. Але дзяржава не павінна вызначаць ні ў якім разе, хто і што можа друкаваць».

Катарына Б’ярвал займаецца вывучэннем культуры спажывальніцтва і заклікае абмежаваць уплыў тэхналогій на жыццё чалавека. Яна кажа, што каштоўнасць кніжнай крамы «Логвінаў» у тым, што тут збіраюцца вельмі якасныя кнігі, незалежна ад таго, хто іх напісаў і дзе яны былі выдадзеныя.

«У газеце Шведскага саюза пісьменнікаў быў вялікі артыкул пра тое, што ўлады закрываюць кнігарню «Логвінаў». Гэта жудасна. На шчасце, такое ніколі не можа здарыцца ў Швецыі. За тыя некалькі дзён, што мы правялі ў Беларусі, ужо некалькі людзей сказалі мне, што гэта самая любімая кнігарня многіх беларусаў, бо тут можна знайсці выдатныя кнігі. Я ўважаю за важнае, што тут можна купіць розныя кнігі - тыя, якія выдадзеныя незалежнымі выдавецтвамі зусім маленькімі накладамі, і тыя, якія выйшлі ў дзяржаўных выдавецтвах пры падтрымцы дзяржавы. Калі мы гаворым пра літаратуру, то тут не могуць быць толькі апазіцыйныя або «палітычна карэктныя» кнігі. Тут, у кнігарні «Логвінаў» гэта ўсё шырэй, гэта самая дэмакратычная кнігарня, дзе рады ўсім добрым кнігам. Калі б у «Логвінаў» была засяроджанасць толькі на палітыцы, а не на якасці літаратурных твораў, гэта не была б такая добрая кнігарня», - кажа Катрына Б’ярвал.

Пісьменніца звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі выкарыстанне літаратарам беларускай мовы ўжо можа быць фактарам палітызацыі ягонай творчасці і непрыязнага стаўлення з боку дзяржавы:

«Я не вельмі вялікі спецыяліст паводле беларускай сітуацыі, але магу параўнаць вашу сітуацыю з беларускай мовай з сітуацыяй у Турцыі, дзе пісьменнікі, якія прынцыпова пішуць на курдскай мове, маюць вялікія праблемы з магчымасцю друкаваць і распаўсюджваць свае кнігі».

Анэт Розенгрэн - старшыня секцыі нон-фікшн Шведскага саюза пісьменнікаў, займаецца пытаннямі сацыяльнай ізаляцыі і міграцыі. Яна патлумачыла, што выбар месца сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і аматарамі літаратуры прадыктаваны салідарнасцю з кнігарняй «Логвінаў», якая, дарэчы, здалася шведскім гасцям цалкам еўрапейскай:

«З самага пачатку мэта нашага візіту не мела дачынення да кніжнай крамы «Логвінаў», бо мы планавалі паездку вельмі даўно. Мы хацелі засведчыць салідарнасць з аўтарамі нон-фікшн у Беларусі. Але перад паездкай мы даведаліся пра закрыццё крамы і таму, вядома, наважылі праводзіць свае сустрэчы тут, каб нейкім чынам быць датычнымі да салідарнасці. Я ўбачыла, які гэта выдатны кніжны магазін, тут спецыфічная атмасфера. Але самае галоўнае - ён незалежны. Тут шмат кніг, якія нельга знайсці ў звычайных дзяржаўных крамах. Я адчуваю, што людзі, якія прыходзяць у «Логвінаў», на самай справе любяць кнігі. Таксама гэта месца сустрэч. Гэта, вядома, будзе трагедыяй, калі вы страціце гэтую кнігарню».

На думку Анэт Розэнгрэн, закрыццё крамы «Логвінаў» выходзіць далёка за межы пытанняў пра літаратуру і кнігавыдавецтва і закранае тэмы дэмакратыі і свабоды выказвання:

«У вас дзяржаўная сістэма выдачы кніг. Але разам з тым ёсць невялікія прыватныя выдавецтвы, якім вельмі складана выйсці на рынак. Такая кнігарня, як «Логвінаў», як раз і дае незалежным выдавецтвам магчымасць прыйсці да чытача. Гэта адкрыты дом для ўсіх відаў кніг, якія складана знайсці ў рамках дзяржаўнай сістэмы распаўсюду кніг. І тут сітуацыя выходзіць за рамкі літаратуры і кнігавыдавецтва. Гэта пытанне дэмакратыі і правоў чалавека на свабоду слова - пісаць і чытаць тое, што чалавек хоча».

Нагадаем, кнігарня аштрафаваная на 30 базавых велічынь (5,4 млн рублёў). Таксама прынятая пастанова канфіскаваць выручку з абароту на суму 961,251 млрд 353 рублі. Ігар Логвінаў сцвярджае, што гэта не выручка, а абарачэнне крамы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках