8 траўня 2024, Серада, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Нас могуць пасадзіць за касметычку «Начных ваўкоў»

24
Вольга Нікалайчык: Нас могуць пасадзіць за касметычку «Начных ваўкоў»
ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Беларускія актывісты паспрабавалі перадаць байкерам Пуціна касметычку праз амбасадара РФ, але ўсё скончыцца судом.

Учора ля расейскай амбасады ў Менску былі затрыманыя рэжысёрка і журналістка Вольга Нікалайчык і грамадская актывістка Кацярына Садоўская за пэрформанс супраць візіту расейскіх байкераў «Начныя ваўкі», лідар якіх, Аляксандр Залдастанаў, з'яўляецца сябрам Уладзіміра Пуціна і ініцыятарам руху «Антымайдан». Вольга Нікалайчык расказала charter97.org, што адбылося пад пасольствам і якое пакаранне ёй пагражае.

- Учора мы арганізавалі такі перформанс: наважылі скласці ў касметычку ўсю непатрэбную нам жаночую касметыку і занесці гэта да амбасады Расеі з запіскай «Забярыце сваю касметычку» і з эмблемай «Начных ваўкоў». Гэта пратэст супраць таго, што яны абуральным чынам носяцца тут са сваімі акупанцкімі тэрарыстычнымі ідэямі і сцягамі па нашай зямлі і нават замахваюцца на Еўропу. Як быццам у іх няма сваіх герояў і няма сваіх праблем у краіне! Але тым не менш іх тут сустрэлі на вышэйшым узроўні, таму мы вырашылі нейкім чынам сказаць, што мы супраць таго, каб яны наогул у Беларусі прысутнічалі са сваімі ідэямі, - распавядае актывістка.

- Як адбывалася затрыманне?

- Мы прыйшлі з касметычку да амбасады. З намі былі журналісты, да якіх падышла міліцыя і прымусіла выдаліць увесь зняты пры падрыхтоўцы да акцыі матэрыял. Мы самі падышлі з гэтай велізарнай, памерам з валізку, празрыстай касметычкай да амбасады. Я націснула на кнопку выкліку, мне адказалі «Так», а я сказала, што мы, беларускія актывісты, прынеслі вам вашы рэчы. «Забярыце касметычку вашых байкераў і выйдзіце да нас пагаварыць». У дынаміку прабурчалі нешта невыразнае і ў выніку да нас ніхто не выйшаў. Мы крыху пастаялі, сказалі «Слава Украіне!» - і сышлі. Даганяе нас міліцыянт, ахоўнік амбасады, і кажа: «Забярыце свае рэчы!». Мы яму: «Мы нічога забіраць не будзем, гэта не наша». Ён забраў нашы пашпарты і выклікаў гарадскую службу аховы. Яны прыехалі, пасадзілі нас з Кацярынай Садоўскай у сваю машыну і доўга трымалі, гадзіны паўтары, таму што той ахоўнік ўсё ніяк не мог пісьменна скласці на нас паперы. З яго гэтая служба нават смяялася, маўляў, зусім пісаць развучыўся. Пасля гэтага нас адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе Садоўскай стала дрэнна, таму што ў яе дыябет. Ёй выклікалі «хуткую» і яе павезлі ў бальніцу. Пасля працэдур яе адпусцілі дадому. А мяне пратрымалі да 22:00, склалі пратакол, забралі пашпарт і пасведчанне БАЖа і, калі мне ўжо сказалі, што за мной едзе машына з Акрэсціна, раптам мне кажуць: «Выходзьце». У выніку я паехала да суда дадому.

- Калі адбудзецца суд?

- Сёння. Я як раз цяпер еду за пашпартам у той самы РУУС, дзе нада мной калісьці ўжо прайшоў закрыты суд. Тады нават адваката не хацелі пускаць. Таму ў гэты раз мяне ўжо там чакае мой адвакат. Цяпер калі мяне там закрыюць, то адвакат будзе пра гэта ведаць.

- Чаго вы чакаеце ад суду?

- Ад суду я нічога не чакаю. Я ведаю, што гэта будзе сфабрыкаваная справа. Фактычна, за мой падарунак амбасадару Расеі, мяне збіраюцца судзіць. Я не ламала плот, ня хуліганіла. Гэта маё меркаванне. На судзе могуць даць ад 5 да 25 дзён арышту, а могуць даць штраф. Як «зверху» загадаюць, так і будзе. Пасол РФ скажа Лукашэнку, каб пасадзілі - пасадзяць. Закона тут ніякага няма, суцэльная хлусня, тут ужо даўно ва ўсіх судах дах паехаў.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка чальцы расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якім сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабег у гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Берлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхэн і іншыя еўрапейскія гарады. Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.

Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны маюць намер наведаць у рамках акцыі. Так, паступалі паведамленні з Нямеччыны і Польшчы аб тым, што ў гэтых краінах таксама выступаюць супраць мотапрабегу байкераў Пуціна. Беларускія байкеры таксама адмовіліся далучыцца да расейцаў.

24 красавіка МЗС Польшчы перадаў у амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіў групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю, паведамляе інтэрнэт-выданне.

На выходных «Начных ваўкоў» прынялі ў Беларусі на ўзроўні адміністрацыі Лукашэнкі, што выклікала абурэнне беларусаў у сацсетках. Учора палякі не пусцілі байкераў Пуціна і журналістаў НТВ на тэрыторыю Еўразвязу. Некалькі дзён таму яны далі прэс-канферэнцыю ў расейскім пасольстве ў Берасце і заявілі аб тым, што будуць спрабаваць праехаць мяжу зноў, цяпер ужо пашыраным складам 100 чалавек. Яны маюць намер быць у Берліне ўжо праз два дні. Сёння паступіла інфармацыя, што байкерам атрымалася перасекчы мяжу ЕЗ, праўда, не ўдакладняецца, у якім месцы. Цяпер яны знаходзяцца ў Астраве.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках