16 траўня 2024, Чацвер, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цуды арыфметыкі ад Белстата

52
Цуды арыфметыкі ад Белстата

Кожны месяц звесткі аб новым сярэднім заробку выклікаюць у беларусаў шквал абурэння.

Хтосьці параўноўвае ўласны разліковы ліст з «сярэдняй тэмпературай па шпіталі» і застаецца гэтым параўнаннем незадаволены, хтосьці мяркуе, што некаторыя незаслужана атрымліваюць занадта шмат. Але калі ўсяго за месяц заробкі ў сферы камп'ютэрных тэхналогій выраслі на 8 мільёнаў, а ў сярэднестатыстычных беларусаў - на 106 тысяч, здзівіліся нават самі праграмісты. «Я праграміст, і ў мяне нічога не вырасла. Дзе мае грошы?» - пісалі ў каментарах адны. «Хлопцы, я вось як раз працую ў кампаніі, у якой прогеры-джуніёры (пачаткоўцы праграмісты) атрымліваюць тыя самыя 15 млн. І нават у нас так хутка заробак не расце», - выказваліся іншыя.

Спецыялісты Белстата распавялі «Комсомольской правде в Беларуси», як падлічваюцца і чаму на такія сумы вырастаюць сярэднія заробкі.

Пяць крокаў ад вашага заробку да сярэдняга

Крок 1

Кожны месяц усе беларускія буйныя і сярэднія арганізацыі (гэта значыць тыя, дзе працуе 16 і больш чалавек) па-за залежнасцю ад таго, дзе яны знаходзяцца і чым займаюцца, запаўняюць статыстычную форму па працы і адпраўляюць яе ў органы дзяржаўнай статыстыкі. У гэтай форме паказваюцца:

- Колькасць супрацоўнікаў (гэта значыць, колькасць людзей, якія працуюць на прадпрыемстве - ад прыбіральшчыцы да генеральнага дырэктара);

- Фонд заробку (сюды ўваходзяць не толькі непасрэдна заробкі, але і разнастайныя прэміі, надбаўкі, адпускныя - груба кажучы, гэта ўся сума, якую налічылі ўсім работнікам арганізацыі за папярэдні месяц).

Крок 2

Паводле гэтых звестак спецыялісты Белстата могуць разлічыць сярэдні заробак на канкрэтным прадпрыемстве. Для гэтага фонд заробку прадпрыемства дзеліцца на колькасць супрацоўнікаў.

Крок 3

Далей можна разлічыць ужо сярэдні заробак па краіне. Для гэтага спецыялісты сумуюць усе звесткі, якія атрымалі ад арганізацый, а потым дзеляць атрыманы сумарны фонд заробку на агульную колькасць чалавек, якія на іх працуюць. Так атрымліваецца сярэдні заробак за месяц па краіне.

Прычым гэты заробак «брудны» - гэта значыць, у ім улічваюцца яшчэ і падаходны падатак (13%), і іншыя ўтрыманні з заробку.

Крок 4

Кожная арганізацыя належыць да вызначанага тыпу эканамічнай дзейнасці, які з'яўляецца для яе асноўным. Напрыклад, для фабрыкі пашыву адзення гэта будзе «швейная і тэкстыльная вытворчасць», для школы - «адукацыя», а для IT-кампаніі - «дзейнасць, звязаная з вылічальнай тэхнікай». Такім чынам, падлічыўшы сумарны фонд заробку, напрыклад, усіх швейных прадпрыемстваў у краіне і падзяліўшы яго на сумарную колькасць супрацоўнікаў гэтых прадпрыемстваў, можна разлічыць сярэднія заробкі ў швейнай і тэкстыльнай вытворчасці. І паводле гэтай жа схемы - па іншых тыпах дзейнасці.

Дарэчы, заробкі ўсіх, хто працуе, скажам, на швейнай фабрыцы, патрапяць у катэгорыю «швейная і тэкстыльная вытворчасць», нават калі яны не звязаныя непасрэдна з пашывам адзення. Юрысты, бухгалтары, сістэмныя адміністратары, вахцёры - для статыстыкі яны ўсе працуюць на швейным прадпрыемстве і таму апынуцца ў адпаведнай галіне.

Крок 5

Калі на балансе ў прадпрыемства ёсць адасобленыя падраздзяленні, у якіх іншы тып эканамічнай дзейнасці, звесткі аб іхных заробках і супрацоўніках спецыялісты Белстата ўсё ж такі аднясуць да іншай катэгорыі. Дапусцім, у буйной швейнай фабрыкі ёсць свая паліклініка, дзіцячы садок і дзялянка па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У такім выпадку звесткі пра заробкі супрацоўнікаў паліклінікі пры падліку заробкаў будуць выкарыстоўваць у катэгорыі «ахова здароўя і наданне сацыяльных паслуг», садка - у катэгорыі «адукацыя», а дзялянкі - у катэгорыі «сельская гаспадарка». А сама фабрыка па-ранейшаму будзе праходзіць па свайму асноўнаму тыпу дзейнасці - «швейная і тэкстыльная вытворчасць», але ўжо без уліку гэтых адасобленых падраздзяленняў.

Нагадаем, згодна з Белстатам, сярэдні заробак беларуса за люты склаў 6,1 млн, менчука - амаль 8,6 млн руб.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках