2 траўня 2024, Чацвер, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі Маўродзі будуе новую фінансавую піраміду

15
Беларускі Маўродзі будуе новую фінансавую піраміду
ФОТА: SHUTTERSTOCK

Новыя пазыкі беларускія ўлады пусцяць на пагашэнне запазычанасцяў у заробках.

На мінулым тыдні прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні ўрада падводзіў вынікі працы эканомікі за першы квартал і ўсяляк спрабаваў знайсці падставы для аптымізму. Маўляў, нягледзячы на цяжкія часы са збытам прадукцыі, прадпрыемствы не разгубіліся і спрабуюць знайсці выхад з гэтай сітуацыі. Фінансавыя і вытворчыя паказчыкі арганізацый паказваюць, што многія выйсця не знайшлі, пішуць «Беларускія навіны».

Спад па ўсіх франтах

Эканамічная палітыка ўрада сёлета мае асаблівае значэнне, бо на лістапад 2015-га ў краіне запланаваныя чарговыя «выбары». Сёлета эканамічным уладам удалося забяспечыць стабільнасць абменнага курсу. Праўда, для гэтага ўраду давялося жорстка абмежаваць грашовую прапанову. Як вынік, становішча беларускіх прадпрыемстваў сёння не найлепшае.

Фінансавая справаздачнасць кампаній за першы квартал сведчыць, што прыбытак у Беларусі фармуюць сёння ў асноўным прадпрыемствы нафтавай галіны і арганізацыі, занятыя хімічнай вытворчасцю (рэалізацыяй калійных угнаенняў). Прадпрыемствы хімічнай прамысловасці зарабілі ў першым квартале 3,38 трлн. рублёў, нафтаперапрацоўчыя заводы - блізу 1,5 трлн. рублёў.

А вось арганізацыі, якія належаць да іншых відаў эканамічнай дзейнасці, згенеравалі ў першым квартале значныя страты.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што за першы квартал страты прадпрыемстваў Мінпрама склалі амаль 830 млрд. рублёў, арганізацый Мінбудархітэктуры - 308 млрд. рублёў. Прадпрыемствы «Беллеспаперапрама», мадэрнізацыю якіх дзяржава ў апошнія гады актыўна праводзіла, мелі страты ў суме 36,8 млрд. рублёў.

Вытворчыя паказчыкі адлюстроўваюць фінансавае становішча прадпрыемстваў. У нафтаперапрацоўцы і хімічнай вытворчасці зафіксаваныя рост прамвытворчасці, а па ўсіх астатніх відах эканамічнай дзейнасці назіраецца відавочны спад вытворчых паказчыкаў.

Кіраўніцтва Мінпрама падчас травеньскага пленарнага пасяджэння Беларускага прамысловага форуму прызнала, што галіна знаходзіцца ў стане крызісу.

На фоне спаду прамысловай вытворчасці назіраецца рост складскіх запасаў гатовай прадукцыі (за студзень-красавік - амаль на 20%), знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці (за першы квартал - на 53,6%). Іншымі словамі, попыт на беларускую прамысловую прадукцыю сёння нізкі, і разлічвацца за яе своечасова пакупнікі (у асноўным - расейскія) не спяшаюцца.

Сутыкнуўшыся са складаным фінансавым становішчам і патрэбаю зніжаць аб'ёмы вытворчасці, прадпрыемствы сталі скарачаць занятасць. У студзені-сакавіку на працу з няпоўным працоўным часам у Беларусі было пераведзена 99,1 тыс. чалавек, што ў 3,5 разы больш у параўнанні з першым кварталам 2014 года.

У той жа час колькасць работнікаў, якім былі выдадзеныя адпачынкі на ініцыятыву наймальніка, склала ў першым квартале 85,2 тыс. чалавек, што прыкладна ў 1,7 разы больш, чым у першым квартале летась.

Абязбольваючая пілюля для прадпрыемства і электарату

Рост вымушанай няпоўнай занятасці - фактар, на які ў іншыя часы можна было не звяртаць увагі, але сёння ў Беларусі фактычна наступіла перадвыбарная пара. У гэтых умовах рост сацыяльнай напружанасці багаты падзеннем электаральнага рэйтынгу.

Таму нядзіўна, што Аляксандр Лукашэнка за апошнія два тыдні ўжо двойчы прайшоўся па тэме занятасці, і ў абодвух выпадках фактычна загадаў перастаць звальняць людзей.

«Захаванне працоўных месцаў - пастаяннае і ключавое патрабаванне да любога кіраўніку. Не мае значэння, прыватнік гэта ці дзяржаўны ўласнік. Наша агульная першачарговая мэта - не дапусціць, каб праз нейкую складаную сітуацыю ў эканоміцы людзей звальнялі з прадпрыемстваў», - падкрэсліў Лукашэнка, выступаючы на мінулым тыдні на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Ураду, які ўсведамляе глыбіню праблем на прадпрыемствах, прыходзіцца падладжвацца пад рыторыку дыктатара і прымаць пастановы, якія б падтрымлівалі занятасць у прамысловасці.

«На прадпрыемствах з няпоўнай занятасцю трэба даць людзям магчымасць падпрацаваць, заканадаўства гэта дазваляе», - адзначаў на мінулым тыдні прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі працы эканомікі на пасяджэнні Савета міністраў.

Увогуле, ва ўмовах, калі ў прадпрыемстваў існуюць эканамічныя падставы скарачаць работнікаў, кіраўніцтва краіны патрабуе падтрымліваць занятасць.

На думку экспэртаў, утрымліваць колькасць работнікаў на цяперашнім узроўні прамысловым прадпрыемствам будзе вельмі складана.

«Улічваючы падзенне прамысловай вытворчасці, адсутнасць доступу да танных крэдытных рэсурсаў, цяжка ўявіць, за кошт чаго прадпрыемствы змогуць падтрымліваць занятасць», - кажа эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Калі ўрад будзе прытрымлівацца жорсткай макраэканамічнай палітыкі і абмяжоўваць, як цяпер, грашовую прапанову, то перад прадпрыемствамі ўстане патрэба скарачаць персанал.

«У гэтай сітуацыі прадпрыемствы будуць шукаць альбо гібрыдныя формы занятасці (перавод людзей на няпоўны працоўны час, адпраўляць іх у неаплатныя адпачынкі), альбо звальняць работнікаў», - мяркуе Кацярына Барнукова.

Зрэшты, існуе і іншы сцэнар. Праграма дзейнасці ўрада на 2015 год прадугледжвае, што ў другой палове года макраэканамічная палітыка можа быць змякчаная, нагадвае экспэрт BEROC Дзмітрый Крук.

«Каб змякчыць праблемы з занятасцю на прадпрыемствах, у другой палове года могуць інтэнсіфікаваць крэдытаванне. Іншых інструментаў, каб падтрымліваць сітуацыю ў рэальным сектары на паверхні, няма», - адзначае экспэрт.

На думку эканаміста, стымуляванне эканомікі, калі гэты шлях выберуць улады, хутчэй за ўсё, прывядзе да павелічэння адмоўнага сальда ў замежным гандлі.

«Стымулюючая палітыка - гэта не развязанне структурных праблем, з якімі мы сутыкнуліся. Яна з'яўляецца абязбольваючай пілюляй, якая на некаторы час дазволіць змякчыць праблемы ў рэальным сектары», - перакананы Дзмітрый Крук.

Каб захаваць стабільнасць на фінансавым рынку, расплачвацца за такую пілюлю давядзецца шляхам прыцягнення новых запазычанняў, папярэджвае экспэрт.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках