28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскі праваабаронца патрабуе ў мытні вярнуць яму ноўтбук

1
Гомельскі праваабаронца патрабуе ў мытні вярнуць яму ноўтбук
Леанід Судаленка
ФОТА: «Радыё Свабода»

Праваабаронца Леанід Судаленка, у якога супрацоўнікі Ашмянскай мытні канфіскавалі ноўтбук, звярнуўся да старшыні Мытнага камітэта.

Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».

Гомельскі праваабаронца кіраўнік арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Леанід Судаленка запатрабаваў ад кіраўніка мытнага ведамства Юрыя Сянько неадкладна вярнуць ноўтбук, а таксама ўказаў на сістэматычнае парушэнне ягоных правоў ашмянскімі мытнікамі.

«У скарзе я згадаў адну з пастаноў Камітэта правоў чалавека ААН - Судаленка супраць Беларусі. Гэта пастанова 2010 года, калі тая ж Ашмянская мытня ў тым жа пункце пропуску «Каменны Лог» канфіскавала перадвыбарчую літаратуру, і Камітэт ААН прыняў пастанову, што Беларусь, як краіна-ўдзельніца міжнароднага пакта, парушыла мае правы. Прыклаў гэту пастанову і заяўляю, што супрацоўнікі Ашмянскай мытні сістэматычна парушаюць мае правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, і павінны вярнуць тое, што забралі», - паведамляе праваабаронца.

«Маё прозвішча чамусьці апынулася ў палітычных спісах, у так званых «спісах па даручэнні праваахоўных органаў», незаконна дзейнічаючых на беларускай мяжы. Склалася ўстойлівае ўражанне, што прадаўжаюцца пагрозы і запалохванне, якія пачаліся ў дачыненні да мяне і маіх дзяцей на пачатку года», - адзначыў праваабаронца.

Нагадаем, што 24 траўня на літоўска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» супрацоўнікі мытні падверглі праваабаронцу асабістаму надгляду і канфіскавалі ў яго ноўтбук без тлумачэння прычын.

Такую ўвагу да яго з боку супрацоўнікаў памежнай службы Судаленка звязвае са сваёй актыўнай праваабарончай дзейнасцю і нервовай рэакцыяй на яе ўладаў.

У красавіку ў кватэры праваабаронцы і ў ягоным офісе міліцыя правяла ператрусы, падчас якіх канфіскавала кампутары.

Таксама ў красавіку Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле факту распаўсюджвання парнаграфіі. У рамках справы прайшлі ператрусы па адрасе гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра (там жа зарэгістраваная гарадская арганізацыя РГА «Прававая ініцыятыва», якую ўзначальвае Судаленка) і ў кватэры праваабаронцы. Канфіскаваныя кампутары.

Пазней Следчы камітэт растлумачыў, што нібыта з электроннай скрыні Судаленкі на адрас падатковай інспекцыі і СК была разасланая парнаграфія. Праваабаронца прадставіў у СК довады сваёй недатычнасці да гэтага злачынства. Так, ягоная электронная скрыня, якая фігуруе ў справе, была ўзламаная яшчэ ў снежні 2014 года, аб чым сведчыць перапіска са службай тэхнічнай падтрымкі mail.ru.

Паводле звестак следчых, парнаграфія распаўсюджвалася з IP-адраса, зарэгістраванага ў грамадска-палітычным цэнтры на Палескай, 52. Але пароль ад Wi-Fi грамадска-палітычнага цэнтра няцяжка даведацца кожнаму ахвотнаму, бо ля будынка часта праходзяць публічныя мерапрыемствы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках