1 траўня 2024, Серада, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трыбунал аб справе «Боінга»: апублікаваны тэкст рэзалюцыі

12
Трыбунал аб справе «Боінга»: апублікаваны тэкст рэзалюцыі

Юрысдыкцыя трыбунала распаўсюджваецца таксама на злачынствы, запісаныя ў Крымінальным кодэксе Украіны.

У распараджэнне расейскай газеты «Комерсант» трапіў тэкст рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, прадстаўлены Малайзіяй, якая заклікае стварыць міжнародны трыбунал што да катастрофы «Боінга» пад Данецкам.

Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН пачнецца ў сераду, 29 ліпеня, а 22.00 паводле менскага часу. Расея, як чакаецца, накладзе вета на праект рэзалюцыі ААН.

У дакуменце гаворыцца, што адзінай мэтай трыбунала з'яўляецца пакаранне асоб, адказных за ўчыненне злачынстваў, звязаных з катастрофай «Боінга».

Аўтары ініцыятывы ўжо распрацавалі падрабязны статут трыбунала, які таксама ёсць у выдання. Пры гэтым гаворка ідзе пра пакаранне не толькі непасрэдных выканаўцаў, але і тых, хто ўскосна спрыяў трагедыі.

Ствараць жа трыбунал аўтары дакумента прапануюць паводле раздзелу VII Статута ААН, які дазваляе ўжыванне санкцый і сілы ў дачыненні да краінаў, якія не выконваюць патрабаванні рэзалюцыі.

Праект рэзалюцыі, які сёння будзе вынесены на разгляд Рады бяспекі ААН ад імя пяці краін (Малайзія, Нідэрланды, Аўстралія, Бельгія і Украіна) змясціўся на дзвюх з паловай старонках.

У ім нагадваецца аб рэзалюцыі Рады бяспекі ААН 2166 (2014) ад 21 ліпеня 2014 года, дзе ўтрымліваецца патрабаванне заклікаць да адказу ўсіх адказных за катастрофу лайнера ў Данецкай вобласці.

Таксама ў дакуменце згадваецца папярэдні даклад аб прычынах трагедыі, выпушчаны Управай бяспекі палётаў Нідэрландаў, дзе сказана: «Самалёт быў разбураны вялікай колькасцю аб'ектаў, што ляцелі з вялікай сілай і ўразілі самалёт звонку».

На думку аўтараў рэзалюцыі, трагедыя ў небе над Данецкам уяўляе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы і павінна быць старанна расследаваная.

«Стварэнне міжнароднага трыбунала будзе эфектыўнай гарантыяй незалежнага і бесстаронняга працэсу ў выяўленні адказных», - сцвярджаецца ў праекце рэзалюцыі.

У тэксце адзначаецца, што «ўсе дзяржавы павінны напоўніцу супрацоўнічаць з міжнародным трыбуналам і яго органамі».

На разгляд Рады бяспекі ААН таксама вынесены праект статута трыбунала. Датаваны 19 чэрвеня дакумент пад грыфам «цалкам сакрэтна» змяшчае ў сабе 55 артыкулаў, якія ахопліваюць розныя аспекты працы меркаванага трыбунала.

У дакуменце, прынамсі, сказана, што юрысдыкцыя трыбунала распаўсюджваецца на ваенныя злачынствы, «злачынствы супраць бяспекі грамадзянскай авіяцыі» і «злачынствы, запісаныя ў Крымінальным кодэксе Украіны».

Далей тлумачыцца, што ў першую катэгорыю трапляюць, напрыклад, «сур'ёзныя парушэнні» арт.3 Жэнеўскай канвенцыі ад 12 жніўня 1949 (аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны), якая забараняе замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць асоб, якія непасрэдна не бяруць удзелу ў ваенных дзеяннях. У другім пункце гаворка можа ісці аб неадпаведнасці нормам малайзійскага закона аб парушэннях у галіне авіяцыі ад 1984 года.

Што ж тычыцца меркаваных парушэнняў крымінальнага права Украіны, то гаворка, як вынікае з праекта дакумента, ідзе аб цэлым шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: пра забойства, забойства з неасцярожнасці, наўмыснае разбурэнне або нанясенне шкоды ўласнасці, незаконны увоз зброі, злачынствы супраць грамадскай бяспекі, незаконнае валоданне зброяй, амуніцыяй або выбуховымі рэчывамі, утойванне інфармацыі аб крымінальных злачынствах, замах на жыццё грамадзян замежных дзяржаў.

З дакумента вынікае, што пад суд павінны трапіць дзеяздольныя людзі, якім на момант учынення злачынства (гэта значыць 17 ліпеня 2014) было больш за 18 гадоў. Адзначаецца, што «імунітэт або асаблівыя працэдурныя правілы, якімі валодае тая ці іншая афіцыйная асоба ў адпаведнасці з нацыянальным або міжнародным заканадаўствам, не павінны стаць перашкодай для трыбунала».

Да адказнасці могуць быць прыцягнутыя не толькі людзі, якія наўпрост былі задзейнічаныя ва ўчыненні злачынства, але і тыя, хто ўчыніў яго «праз іншага чалавека», а таксама «аддаваў загады, падбухторваў або схіляў» да гэтага.

Удакладняецца, што гаворка, прынамсі, можа ісці аб камандуючых узброенымі фармаваннямі або людзях, якія дзейнічаюць у ролі такіх. Такім чынам, кола абвінавачаных можа быць вельмі шырокім. Пры гэтым суд, як адзначаецца ў дакуменце, можа ісці завочна, гэта значыць, у адсутнасць абвінавачаных.

Трыбунал павінен складацца з трох галоўных органаў: палат суддзяў (адна з іх зоймецца дасудовым разбіральніцтвам, другая - уласна судовым працэсам, трэцяя - магчымымі апеляцыямі), пракурора і канцылярыі. Вердыкты павінны выносіць трое суддзяў. У апеляцыйнай палаце ж будзе пяць чалавек. Прызначацца суддзі павінны на пяць гадоў генсекам ААН паводле прадстаўлення краін-чальцоў арганізацыі.

Максімальны магчымы тэрмін паводле вынікаў разгляду - 30 гадоў турмы або пажыццёвае зняволенне. Вердыкт трыбунала павінен быць прыярытэтным у параўнанні з вердыктам нацыянальных судоў. Выдаткі на дзейнасць трыбунала возьмуць на сябе добраахвотныя ахвярадаўцы сярод дзяржаў, міжурадавых і няўрадавых арганізацый.

Раней паўнамоцны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што Расея накладзе вета на рэзалюцыі аб стварэнні трыбунала аб катастрофе Боінга на Данбасе.

Нідэрланды першымі заклікалі стварыць трыбунал аб збітым «Боінгу». Масква назвала контрпрадуктыўнай і несвоечасовай ідэю аб міжнародным трыбунале.

20 ліпеня паведамлялася, што Расея ўнесла ў Раду бяспекі ААН свой варыянт праекта рэзалюцыі для расследавання катастрофы.

Адзначым, што ЕЗ падтрымаў ідэю стварэння трыбунала, супраць выступіў Кітай.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках