1 траўня 2024, Серада, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія і ўкраінскія грэка-каталікі адзначаюць 150-годдзе мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага

Беларускія і ўкраінскія грэка-каталікі адзначаюць 150-годдзе мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага

Сёння 150-годдзе з дня нараджэння былога кіраўніка Украінскай грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.

Ушаноўваюць яго і аднаверцы з Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Асоба Андрэя Шаптыцкага важная не толькі для царкоўнай, але і для культурнай гісторыі Беларусі», - перакананы дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканата Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.

«Мы шануем памяць айца Андрэя Шаптыцкага, але спецыяльных мерапрыемстваў менавіта сёння не будзе, - кажа Усошын. - Кожны раз мы молімся за яго як за вялікую асобу гісторыі царквы не толькі ва Украіне, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Гэтую асобу належным чынам таксама ацаніла і сусветная царква. Напрыклад, нядаўна Папа Рымскі Францыск падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў айца Андрэя Шаптыцкага - гэта вельмі важны крок на шляху да яго беатыфікацыі. Таму мы, вядома, молімся за ўслаўленне і шануем ягоную памяць».

Яўген Усошын асабліва адзначыў важны ўклад Шаптыцкага у справу адраджэння грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў першай палове 20-га стагоддзя.

«Менавіта ён, як той, хто меў асаблівыя паўнамоцтвы ад папы Рымскага, прызначыў апостальскім экзархам для беларусаў грэка-каталікоў Антона Неманцэвіча, які потым загінуў у засценках СД (Неманцэвіч быў прызначаны экзархам ў 1940 годзе, загінуў у 1942-м. - рэд. ). Гэта быў важны этап у аднаўленні структуры грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў свой час», - кажа ён.

Шаптыцкі таксама адзначыўся ў культурных справах. Напрыклад, ён супрацоўнічаў з Іванам Луцкевічам наконт дапамогі царкоўнаму музею ў Вільні.

«Таму яго імя важна не толькі для царкоўнай, але і для культурнай гісторыі Беларусі», - падкрэслівае Усошын.

«Прынамсі адзін раз ён быў у Беларусі. Ён сустракаўся з беларускімі дзеячамі, як царкоўнымі, так і свецкімі. Быў у Вільні, сустракаўся з Аляксандрам Ельскім, братамі Луцкевічамі, маладой генерацыяй беларускіх святароў. Ён нават меў нейкія канкрэтныя праекты аднаўлення парафіяльнай сеткі на тэрыторыі Беларусі», - адзначыў дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканата Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках