28 красавiка 2024, Нядзеля, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: Улады перакрываюць ІП астатнюю ручаіну падчас «вялікай сушы»

14
Ірына Яскевіч: Улады перакрываюць ІП астатнюю ручаіну падчас «вялікай сушы»
ФОТА: BYMEDIA.NET

Беларускія чыноўнікі паставілі перад сабой адзіную мэту: адбіраць у людзей грошы, каб забяспечыць сабе заробкі.

Пра гэта сайту charter97.org распавяла лідарка прадпрымальніцкага руху з Віцебску Ірына Яскевіч, каментуючы практычныя складанасці, якія ўзніклі пры рэалізацыі закона аб абавязковым выкарыстанні аплатных тэрміналаў на аб'ектах гандлю.

«Настрой у прадпрымальнікаў - аніякі. Гандаль у людзей спыняецца, грошай у пакупнікоў няма. Сітуацыя выглядае так, што шмат хто будзе сыходзіць з гандлю да канца года.

Для ўстаноўкі тэрміналаў нам пакуль далі адтэрміноўку, але на практыцы выявілася яшчэ больш праблем з такой формай разліку. У гэтым пытанні куды ні капні - усюды складанасці. Напрыклад, у Віцебскай вобласці ўлады стварылі цэнтры для навучання прадпрымальнікаў для працы з тэрміналамі, але яны падыходзяць вельмі спэцыялізавана толькі да свайго прыбору і не могуць адказаць на многія пытанні.

Галоўная праблема: што рабіць у выпадку вяртання тавару пакупніком? Як вяртаць грошы кліенту, калі ён, па законе аб абароне правоў прадпрымальнікаў, вяртае тавар? Узнікае пытанне - хто будзе вяртаць гэтыя 3,5%, якія банк забірае пры правядзенні плацяжу?

У навучальным цэнтры патлумачылі, што ў такім выпадку трэба вяртаць грошы гатоўкай. Але дзе ў такім выпадку браць свабодную «гатоўку»? А калі здымаць у банку, то там зноў будзе ўтрымана 2% за кожную аперацыю. А гэта ўжо 5,5%.

І такіх пытанняў на практыцы будзе ўзнікаць ўсё больш. Чыноўнікі ў кабінетах і людзі ў навучальных цэнтрах не разумеюць, што такое тэрмінал у працы індывідуальнага прадпрымальніка.

Другая важная праблема: набыты, напрыклад, у Віцебску тэрмінал у выпадку паломкі я павінна везці ў Менск. І гэта пры тым, што ён знаходзіцца на гарантыі мясцовай крамы, якая яго прадала.

Калі людзі пачалі задаваць такое пытанне, ім адказалі: можна пакінуць прыбор і ў сваім горадзе, але тады гарантыйнае абслугоўванне каштавацьме 360 тысяч. Якое ж гэта тады гарантыйнае абслугоўванне, калі за яго трэба плаціць?

Агулам, адчуваецца, што ў чыноўнікаў вінегрэт ў галаве, і акрамя як адабраць дадатковыя грошы ў прадпрымальнікаў, іншых пытанняў у іх не ўзнікае. Відавочна, чыноўнікі паставілі перад сабой адзіную мэту: адбіраць у людзей грошы, каб забяспечыць сабе заробкі.

Таму што ўсе паборы, як я разумею, сыходзяць на задавальненне запытаў чыноўнікаў, якія як атрымлівалі выдатны заробак, так і далей атрымліваюць.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі трэба звярнуцца да закона аб абароне правоў прадпрымальнікаў і патрабаваць, што мы не павінны аплачваць гэтыя 5,5% пры вяртанні тавару. Я іх не збіраюся плаціць, бо я іх ужо страціла. Гэта поўны абсурд.

Мы будзем патрабаваць усталяваць выразную мяжу прыбытку, пры якой тэрмінал не патрэбны, а таксама вызвалення пэўных катэгорый прадпрымальнікаў ад патрэбы яго ўстаноўкі наогул.

Ужо стала дрэнным жартам: а калі на стратным прадпрыемстве чалавеку плацяць заробак макаронамі або іншымі прадуктамі - яны таксама праводзяць гэта праз тэрмінал? Праблема бо ў тым, што ў людзей няма грошай – ні гатоўкі, ні на картках. Відавочна, чыноўнікі гэтага не разумеюць, што гэта, а не адсутнасць тэрміналаў, з'яўляецца галоўнай праблемай, праз якую прадпрымальнікі не могуць нармальна працаваць.

Гэта як у добрым мультфільме пра Маўглі: прыйшла вялікая сухмень, пакіньце ў спакоі гэтую ручаіну, якая яшчэ дае нейкую жыватворную вільгаць. І хай ва ўладзе не кажуць, што ад прадпрымальнікаў у бюджэт паступаюць шэлегі. Якія б шэлегі ні былі - мы не просім ніякіх датацый ад дзяржавы і яшчэ і плацім па магчымасці падаткі. Таму, калі ўжо наступіла «вялікая сухмень», пакіньце ў спакоі тых, хто яшчэ здольны нешта вырабляць ці прадаваць па даступным для нашых людзей коштах», - заявіла Ірына Яскевіч.

Нагадаем, што 22 ліпеня 2014 увайшла ў дзеянне супольная пастанова ўрада і Нацбанка № 924/16, якая тычыцца выкарыстання касавага абсталявання, плацежных тэрміналаў, аўтаматычных электронных апаратаў для выканання разлікаў. Яна абавязвае ІП і юрасоб усталёўваць на сваіх гандлёвых аб'ектах аплатныя тэрміналы для аплаты банкаўскімі картамі сістэм Visa, MasterCard і «Белкарт».

Пазней Савет міністраў Беларусі падтрымаў прапанову Міністэрства гандлю аб пераносе ўстаноўкі тэрмінаў індывідуальнымі прадпрымальнікамі у гандлёвых аб'ектах, размешчаных у гарадах абласнога падпарадкавання і Менску, на 1 студзеня 2016 года.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках