Віктар Орбан: Еўрапейцы могуць стаць меншасцю на ўласным кантыненце
10- 4.09.2015, 12:24
- 30,068
Еўропе пагражае масавы прыток уцекачоў.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан у інтэрв'ю вугорскаму радыё, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Reuters.
«Рэальнасць такая, што Еўропе пагражае масавы прыток людзей, дзесяткі мільёнаў людзей могуць прыехаць у Еўропу», - адзначыў ён.
«Цяпер мы гаворым пра сотні тысяч, але налета мы будзем казаць пра мільёны і гэтаму няма канца», - падкрэсліў Орбан.
«Мы можам раптам зразумець, што мы знаходзімся ў меншасці на нашым уласным кантыненце», - падкрэсліў вугорскі прэм'ер.
Варта заўважыць, што прэм'ер Вугоршчыны славіцца сваім крытычным стаўленнем да мігрантаў.
У чацвер на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапарламента Марцінам Шульцам ён заявіў, што мігранты з'яўляюцца праблемай Нямеччыны, а не астатніх краін ЕЗ.
Акрамя таго Орбан даволі неадназначна ўспрымаецца сярод еўрапейскіх лідараў.
Ягоныя рэформы ў сферы юстыцыі, сродкаў масавай інфармацыі і эканомікі асуджалі як напад на свабоду слова.
Нагадаем, прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер на саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе вітаў прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана словамі «Прывітанне, дыктатар».